Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Севярынец: “Момантам ісьціны будзе суд над “Маладым фронтам”


Ганна Соўсь, Менск Былы палітвязень Павал Севярынец правёў першую пасьля вызваленьня прэсавую канфэрэнцыю. Ён зьбіраецца дапамагаць Аляксандру Мілінкевічу ў стварэньні руху “За свабоду”, а таксама актыўна ўдзельнічаць у працы аргкамітэту партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Севярынец плянуе таксама закончыць раман пра Беларусь ды шэраг асьветніцкіх праектаў.

Паўла Севярынца сёньня а чацьвертай раніцы на вакзале сустрэлі з кветкамі й музыкай актывісты “Маладога фронту”.



Каля сотні чалавек прыйшлі раніцай ва ўправу Партыі БНФ на першую пасьля вызваленьня прэсавую канфэрэнцыю Паўла Севярынца. Людзі стаялі ў чарзе, каб абняць і павіншаваць Паўла.



Першымі яго словамі былі словы падзякі ўсім тым, хто падтрымліваў яго, хто прыяжджаў у Малое Сітна, а гэта больш за паўтысячы чалавек.

А ў самой вёсцы, кажа Павал, яго праводзілі такімі словамі:

“Паша! Рабіце нешта!” У вёсцы, якая падавалася б занядбанай, на 300 чалавек усяго 25 кароваў, на зямлі тысячагадовай Полаччыны такія руіны беларускасьці. Здавалася б, дзе ўжо быць надзеі? Але ў вачох гэтых людзей я бачыў надзею. Бачыў гэтую надзею, калі яны слухалі Радыё Свабода, калі перадавалі з рук у рукі “Народную волю”.

Ганаруючы Паўла Севярынца прызам Партыі БНФ “За грамадзкую чыннасьць”, лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка заўважыў:



“Ня месца ўвязьненьня памяняла Паўла, а Павал памяняў гэтае месца ўвязьненьня. Павал адухавіў цэлы вялікі кавалак беларускай зямлі. Куды б яго лёс ні занёс… Гэта не намёк, Павал...”

“Бяруць у закладнікі сваіх грамадзянаў як палітзьняволеных, а пасьля іх мяняюць”

Павал Севярынец прызнаецца, што датэрміновае вызваленьне з фармулёўкай “за ўзорныя паводзіны” пакінула ў яго дваістае пачуцьцё.



“Гэта ўсё такая прыкрая зьява для Беларусі, як гандаль людзьмі. Бяруць у закладнікі сваіх уласных грамадзянаў як палітзьняволеных, а пасьля іх мяняюць альбо прадаюць.

Мне падаецца, што гісторыя вызваленьня нас зь Міколам Статкевічам зьвязаная з пагрозай адмены прэфэрэнцыяў. Паводле той інфармацыі, што мы маем, магчымае вызваленьне і іншых палітвязьняў, магчымае нават спыненьне крымінальнай справы супраць “Маладога фронту”.

Для мяне, напрыклад, момантам ісьціны будзе 28 траўня, калі адбудзецца суд над маладафронтаўцамі. Калі гэты суд будзе спынены, ня будзе вынесенае абвінавачаньне, гэта будзе значыць, што рэжым гатовы ісьці на сур’ёзныя саступкі, але ня ўласнаму народу, а Захаду, які мае рычагі, каб ціснуць”.

“Стратэгічная мэта — зрабіць Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю вядучай партыяй Беларусі”

Павал Севярынец будзе дапамагаць Аляксандру Мілінкевічу ствараць рух “За свабоду”. Паводле палітыка, менавіта гэты рух мае задаткі беларускага аналягу польскай “Салідарнасьці”.



“Буду прымаць самы чынны ўдзел у працы Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі — партыі, якую мы з шэрагам маладых лідэраў, хрысьціянаў, вернікаў розных канфэсіяў разгортваем.

Стратэгічная мэта — зрабіць Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю вядучай партыяй Беларусі. Ёсьць плян асьветніцкай ініцыятывы “нацыянальнае абуджэньне” праз музычныя, кампутарныя, адукацыйныя й асьветніцкія праекты”.

Цягам двух наступных гадоў Павал Севярынец зьбіраецца аб’яехаць каля ста пяцідзесяці гарадоў і каля сотнік вёсак і мястэчак, адкуль яму прыходзілі лісты на “хімію”. А яшчэ Павал зьбіраецца закончыць пісаць раман пра Беларусь.

М.Статкевіч: “Заробку ў калгасе атрымаць не ўдалося”

Мікола Статкевіч сёньня разьвітваўся з хімікамі ў вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну, а таксама хадзіў у калгас па даведку і заробак.

“Я спрабаваў разьлічыцца з калгасам, паколькі мне патрэбная даведка пра даходы й заробак за красавік і палову траўня. Вялікімі намаганьнямі мне ўдалося атрымаць даведку. Як я зразумеў, заробку атрымаць ня ўдасца. Гэта звычайная практыка. Яны карыстаюцца тым, што хімікі сьпяшаюцца на свабоду й ня могуць чакаць, і зацягваюць выплату...”

Былога лідэра “Маладога фронту” Паўла Севярынца й старшыню пазбаўленай рэгістрацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай “Народнай грамады” Міколу Статкевіча асудзілі на два гады абмежаваньня волі за арганізацыю вулічных пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году. Учора абодвух вызвалілі ўмоўна-датэрмінова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG