Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Прысьвячаю Аляксандру Мілінкевічу верш.."


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 23 траўня, сераду. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Спадар: “Зь вялікім задавальненьнем я даведаўся, што нарэшце ўтвораны рух “За Свабоду!” З гэтай нагоды прысьвячаю лідэру руху Аляксандру Мілінкевічу верш “Свабода будзе ў Беларусі”:

Каб годна жыць, Жыві для Беларусі. Паўстань супраць Прыгоньніцтва, прымусу. Далоў калгасны лад, Зьняважлівы кантракт, Жывёльны страх І невука дыктат! Мы – вольны люд, Нашчадкі мы ліцьвінаў! І вольны дух у нас Ня згінуў! Ярмо раба мы ўсё роўна скінем! Мы станем вольнымі! Мы мову не адрынем! Мы ўзьнімем нашых продкаў сьцяг! “Пагоня” нас натхніць, пакліча! Мы пераможам гнюсны страх! Ніякі вораг нас ня зьнішча! Хоць цяжкім будзе гэты шлях, Але Радзіму ўратуем, М станем моцна на нагах! Мы шчасьце для сябе збудуем! Каб годна жыць, Жыві для Беларусі! Паўстань супраць Прыгоньніцтва, прымусу!

Прыпіска: Мы жыць ня будзем пад страхам і прымусам Мы – людзі вольныя! Свабода будзе ў Беларусі! Дзякуй за ўвагу”.

Спадар: “У нас, у Беларусі, цяпер ёсьць свае Штэпсель і Тарапунька. Аляксандр Рыгоравіч заяўляе, што Беларусь і Іран ужо нікога ня будуць баяцца, самыя звышдзяржавы ў сьвеце”.

Спадарыня: “Спадар Калякін, хацелася б, каб Вы больш паважліва ставіліся да тых, хто задае Вам пытаньні. Грубы адказ на грубае, як Вам паказалася, пытаньне радыёслухача не дадае Вам ні гонару, ні высакароднага выхаваньня. Каб працаваць зь людзьмі, трэба мець максымум вытрымкі і старацца больш дастойна пераконваць людзей у сваёй праваце”.

Сталы слухач: “Вы аб’явілі, што будуць выказваньні наконт прыезду іранскага прэзыдэнта да нас у рэспубліку. Але ніякіх выступаў не было. Нейкія глупствы толькі. А на самой справе я лічу так. Сябраваць трэба, канечне, і нічога ганебнага няма. І выдатна, калі мы будзе зь Іранам сябраваць і зь іншымі краінамі паўднёва-ўсходнімі, афрыканцамі. Усё гэта нармальна, калі ідзе на карысьць нашай краіне, нашым людзям, нашаму народу. А якая ў іх там ідэйная закваска, гэта іх справа. Але не бандытамі ж ім станавіцца, як амэрыканцы. Ёсьць недзе лёгіка ў тым, што яны ня вельмі любяць Амэрыку. Таму не хвалюйцеся за гэта.

А вось справа ў тым, што мы не сябруем з многімі краінамі Эўропы. Нейкія сувязі эканамічныя ёсьць, але хацелася б, каб яны былі больш брацкія, як у Эўразьвязе, хаця там таксама “мухаў і катлет” хапае. Гэта дрэнна, што мы не сябруем, а вельмі хацелася б. Але гэта не таму, што хочацца паехаць. Я нікуды не паеду, у мяне грошай няма і здароўя. Проста хочацца, каб Беларусь нашу разумелі, цанілі, зь ёю мелі стасункі і каб было гэта па-сяброўску. Таму што мы столькі разам перажылі бедаў і няшчасьцяў…”

“Добрай раніцы. Вось у мяне такое меркаваньне. Вось ідзе пасяўная ці заканчваецца, дык трэба сказаць,у якіх умовах працуюць фэрмэры ў Эўропе, што ім дазваляе атрымліваць вялікія ўраджаі і падтрымліваць зернем і прадуктамі многія народы. Назавіце лічбы, колькі сабралі збожжа летась і цяпер зьбіраюцца. Нават можна такое інтэрвію перадаць ад немцаў, ад датчанаў, каб нашы сяляне паслухалі і мы, гараджане, і ведалі, чаго нам не хапае. Да пабачэньня”.

Спадарыня: “Прывітаньне, “Свабода”. Надоечы я даведалася. Што адна з апошніх распрацовак нашай навукі – гэта падвышэньне піткасьці моцных алькагольных напояў. Перакладаючы на зразумелую мову, гэта дасягненьне стану моцнага падпітку толькі пасьля больш значнай колькасьці выпітай гарэлкі. У гэтым зацікаўленыя вытворчасьць і гандаль. Мала таго, што наша навука безвыніковая, дык яна яшчэ і нялюдзкая. Да пабачэньня”.

Іван Нелукашоў: “Наконт візыту Ахмадзінежада. Вымалёўваецца, як казаў нябожчык Ельцын, палітычная вось. Праўда, пачварная супэрпалітычная загагуліна: Каракас–Тэгеран–Менск. У кампаніі Чавэса, Ахмадзінежада, Лукашэнкі вельмі б гарманічна выглядаў, напрыклад, Дзювалье, ці правадыр з кольцам у носе з экзатычных Саламонавых выспаў, якія пры дапамозе сваіх эскадронаў сьмерці абедаюць целамі сваіх палітычных апанэнтаў. Як кажуць, якія самі, такія і сябры. Даўно зразумела фраза, прамоўленая Лукашэнкам: “Я свой народ за цывілізаваным сьветам не павяду”. З павагай”.
XS
SM
MD
LG