Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Dziennik”: Барацьба супраць антэнаў – тыповы савецкі падыход


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Лукашэнка адбірае ў суайчыньнікаў антэны” – такі загаловак мае артыкул у сёньняшнім нумары масавай польскай газэты “Dziennik”. Газэта піша, што барацьба супраць спадарожнікавых антэнаў гэта “чарговы этап барацьбы Аляксандра Лукашэнкі за ўтрыманьне ўлады”.

“Змучаная нахабнай прапагандай Беларусь пачынае масава глядзець замежныя навіны. Пра тое, як насамрэч выглядае сьвет, беларусы даведваюцца хаця б расейскіх каналаў – колькасьць спадарожнікавых антэнаў увесь час расьце”, - піша “Dziennik”.

Газэта падае словы Аляксандра Мілінкевіча, які ўпэўнены, што беларускія ўлады дзейнічаюць не таму, што хочуць палепшыць эстэтычны выгляд будынкаў, але каб “не дапусьціць да беларусаў праўдзівую інфармацыю”.

Аўтарка праекту новага беларускамоўнага тэлебачаньня, якое пачне вяшчаньне з Польшчы праз некалькі месяцаў Агнешка Рамашэўска-Гузы кажа, што такія захады маюць паўплываць на спонсараў каналу – маўляў, навошта інвэставаць у тэлебачаньне, якое нельга будзе глядзець.

“Dziennik” піша, што прадстаўнікі ўладаў неафіцыйна пацьвярджаюць гэтую інфармацыю.

“Мясцовыя чыноўнікі пагражаюць штрафамі і накіроўваюць па атрыманьне адпаведнага дазволу на ўстаноўку антэны ў аддзел архітэктуры. Тыповы савецкі прыём. Мы спраўдзілі ў аддзеле архітэктуры Менску няма нікога, хто меўся б займацца выдачай такіх дазволаў”, - напісаў польскі штодзёньнік.
XS
SM
MD
LG