Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага: Джордж Сорас піша Аляксандру Лукашэнку


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Новая перадача сэрыі "Цытаты мінулага"

Дзень добры! Нагадваю вам пра тое, што апынулася ў цэнтры ўвагі беларускай прэсы 23 траўня розных гадоў мінулага.

“Красноармейская правда” на гэтым тыдні 1927 году дае слова чытачу па прозьвішчу Рыбак, які піша: “Ня ўсе падразьдзяленьні 11 стр. палка ахоплены камсамольскім уплывам. Найбольш гэта тычыцца музузводу палка: там маецца 11 хлопчыкаў камсамольскага ўзросту — і ніводзін ня ўцягнуты ў камсамол. На адным з пасяджэньняў бюро камсамолу камсамолец музузводу сказаў, што хлопчыкі музузводу разбэсьціліся, пачынаюць піць, паліць, грубіяніць, уступаюць у спрэчкі... Камсамольскай арганізацыі палка трэба зьвярнуць самую пільную увагу на музузвод”.

“Nowe Zycie” ў 1937 годзе паведамляе: “У 1932 г. падчас умацаваньня схілу замкавай гары ў Горадні адкапалі рэшткі старажытнага будынку, які праўдападобна датуецца ХІ стагодзьдзем. Трэба думаць, гэта быў касьцёл ці царква альбо капліца. Адначасова адкапалі княскі церам, які праўдападобна зьяўляецца найбольш старым збудаваным з цэглы сьвецкім будынкам у Польшчы”.

“Витебский курьер” у 1997 годзе друкуе ліст Джорджа Сораса Аляксандру Лукашэнку: “Мы заклікаем вас з пашанай паставіцца да дзейных юрыдычных нормаў і перасекчы спробу канфіскацыі маёмасьці Фонду. Мы дакладна ведаем, што ня толькі Беларускі Фонд Сораса адчувае ціск з боку ўладаў. Іншыя недзяржаўныя арганізацыі й незалежныя СМІ таксама зьяўляюцца аб’ектамі ўціску. Мы непакоімся, што калі вы ня зробіце неадкладных крокаў, каб спыніць падобныя наскокі, вынікам зробіцца ўсталяваньне таталітарнага рэжыму ў Беларусі. З павагай, Джордж Сорас”.
XS
SM
MD
LG