Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некаторыя палітвязьні крытычна ставяцца да ўдзелу ў Кангрэсе


Уладзімер Глод, Менск Для ўдзелу ў Кангрэсе дэмакратычных сілаў, які пройдзе ў Менску 26 – 27 траўня, запрошаныя 273 VIP-пэрсоны –вядомыя ў Беларусі асобы. Зь іх толькі былыя палітвязьні атрымаюць мандаты дэлегатаў форуму і права на галасаваньне. Усе астатнія VIP-пэрсоны будуць гасьцямі форуму. Як ставяцца былыя палітвязьні да вызначанай ім прывілеі?

Былыя палітвязьні Міхаіл Марыніч, Вячаслаў Сіўчык і Аляксей Шыдлоўскі, зь якімі я гаварыў учора ўвечары, пра запрашэньне іх на Кангрэс даведаліся ад мяне. І яшчэ адна рэч аб’яднала гэтыя размовы – кожны зь іх сказаў, што пакуль ня можа даць дакладнага адказу пра свой удзел у форуме. Чаму?

Вячаслаў Сіўчык: “Вельмі насьцярожвае тое, што адбываецца цяпер. Кангрэсы разглядаюць толькі пэрсанальныя пытаньні”.
Вячаслаў Сіўчык тлумачыць сытуацыю так:

“Кангрэс дэмакратычных сілаў быў створаны яшчэ ў асноўным высілкамі Генадзя Карпенкі. У тым першым варыянце самая галоўная ідэя – менавіта аб’яднаньне ўсіх людзей, якія выступаюць супраць дыктатуры, за дэмакратыю, за Беларусь.

На жаль, вельмі насьцярожвае тое, што адбываецца цяпер. Апошнія кангрэсы часьцей за ўсё разглядаюць толькі пэрсанальныя пытаньні”.

Аляксей Шыдлоўскі таксама пакуль што не вызначыўся:

“Тое, што да палітвязьняў такім чынам ставяцца – гэта, відавочна, станоўчая рыса. Лічу, што ў такім кірунку і трэба разьвіваць адносіны з пацярпелымі.

Пра тое, ці пайду я на Кангрэс і як буду галасаваць, не магу пакуль што адказаць. У прынцыпе, я не зьбіраўся на Кангрэс. Ёсьць свае на тое меркаваньні”.

Міхаіл Марыніч: “Калі гаварыць сумленна, то я ня бачу сэнсу ў гэтым Кангрэсе”.
Міхаіл Марыніч гаворыць, што ў яго яшчэ ёсьць час усё ўзважыць. Але пакуль што ён схіляецца да ігнараваньня Кангрэсу:

“Калі гаварыць сумленна, то я ня бачу сэнсу ў гэтым Кангрэсе. Пакуль я не знаходжу ў парадку дня, што ёсьць шляхі вырашэньня галоўнай мэты – пазбаўленьня ад дыктатуры. Нават ня бачу, што ёсьць намеры разгледзець зьмены ў выбарчае заканадаўства”.

• Статус дэлегатаў зь VIP-пэрсонаў атрымаюць толькі палітвязьні, 21.05.2007
XS
SM
MD
LG