Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белаграпрамбанк” шукае капітал на італьянскім рынку


Радыё Свабода З гэтага тыдня адзін з найбольшых дзяржаўных беларускіх банкаў “Белаграпрамбанк” мае сваё прадстаўніцтва ў Міляне. Урачыстая цырымонія адкрыцьця адбылася ў пяцізоркавым гатэлі “Principe di Savoia di Milano”.

Камэнтуючы падзею, італьянскае выданьне “La Voce d''Italia” піша: “Пра ўсю стратэгічную важнасьць гэтага мерапрыемства для Беларусі сьведчыў той факт, што на цырымоніі прысутнічаў ня толькі амбасадар Аляксей Скрыпко, чыя пэрсона вядомая італьянцам пасьля выпадку зь дзяўчынкай Вікай Мароз, але і беларускі віцэ-прэм’ер Іван Бамбіза.

Адкрыцьцё мілянскага прадстаўніцтва банку беларускі бок тлумачыць “дынамічным разьвіцьцём гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Італіяй”, а таксама “ростам патрэбаў у банкаўскім абслугоўваньні гандлёвых патокаў і інвэстыцыйных праектаў паміж дзьвюма краінамі”.

Аляксей Скрыпко: “Беларусь можа шмат чаго даць сваім партнэрам”.
Паводле “La Voce d''Italia”, у часе ўрачыстай цырымоніі прэзэнтавалі ня толькі беларускую банкаўскую сыстэму, але й саму краіну. Як заявіў беларускі амбасадар Аляксей Скрыпко, “Беларусь шукае супрацоўніцтва на міжнародным узроўні, бо гэта краіна, якая можа шмат чаго даць сваім партнэрам”. У сваю чаргу віцэ – прэм’ер Іван Бамбіза запрасіў усіх у Беларусь – краіну, “ідэальную для турызму”.

Замежнае прадстаўніцтва “Белаграпрамбанку”, як і любое іншае прадстаўніцтва, не зьяўляецца банкаўскай філіяй, а таму ня мае права займацца банкаўскай дзейнасьцю. Самі банкіры параўноўваюць дзейнасьць прадстаўніцтва з амбасадарскай: трэба знаходзіцца на біржавым рынку, шукаць для сябе магчымых крэдытораў, вывучаць гандлёвую сытуацыю, раіць уласнаму банкаўскаму кіраўніцтву, з кім і як весьці перамовы.

Міхась Залескі: “Любое пранікненьне ў сьвет пазытыўнае для Беларусі”.
Менскі эканамічны экспэрт Міхась Залескі кажа, што вітае адкрыцьцё гэтай беларускай установы ў Міляне. Паводле ягоных словаў, “Мілян – горад, адкуль пачаліся банкі, а таму там трэба пачынаць і Беларусі”.

“Любое пранікненьне ў сьвет пазытыўнае для Беларусі. Бо яна зачынілася, як тая Карэя ў сярэднявеччы. Цяпер ва ўмовах глябалізацыі пададзены знак, што, маўляў, Беларусь выходзіць на эўрапейскі рынак”, – лічыць Міхась Залеўскі.

Паводле колішняга кіраўніка Нацыянальнага банку Беларусі Станіслава Багданкевіча, “усё робіцца на ўсялякі выпадак”.

“У нас некалькі гадоў на рынку існуюць прадстаўніцтвы “Сommerzbank”, аўстрыйскага банку, – гаворыць Станіслаў Багданкевіч. – Некаторыя думаюць пра адкрыцьцё філіялу. Можа быць, і “Белаграпрамбанк” захоча адкрыць філіял. У нас, наколькі я ведаю, з Італіяй нейкія дачыненьні ёсьць”.

Мілянскі прадпрымальнік Падыё Чофі, які неаднойчы бываў у Беларусі, жадае посьпехаў новаму прадстаўніцтву. Ён не выключае, што ў ягоным горадзе аднойчы адкрыецца філія “Белаграпрамбанку”.

На пытаньне, ці ня хоча ён стаць кліентам беларускага банку, спадар Чофі адказвае адразу на дзьвюх мовах: “Не хачу... бо няма даверу... пакуль”.

Дзяржаўны “Белаграпрамбанк” займае першае месца сярод беларускіх банкаў паводле памераў статутнага фонду і другое паводле памеру актываў. “Белаграпрамбанк” фінансуе адну з самых стратных эканамічных галінаў краіны – сельскую гаспадарку. Сёлета ў плянах банку – залучэньне ня менш як 500 мільёнаў даляраў вонкавых крыніц фінансаваньня.
XS
SM
MD
LG