Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мэр Паўлаў можа заняць крэсла Сідорскага”


Іна Студзінская, Менск Агляд недзяржаўнага друку за 23 траўня.

“Газета Слонімская”. Дзяржкантроль праверыў работу мясцовых органаў улады па выкананьні законаў і нарматыўных актаў у галіне фінансавага, бюджэтнага і падатковага заканадаўства. Слонімскіх начальнікаў аштрафавалі на 21 мільён рублёў. Прыцягненыя да адміністрацыйнай адказнасьці 94 службовыя асобы, сем чыноўнікаў вызваленыя ад пасадаў, заведзеныя дзьве крымінальныя справы. Артыкул называецца “Ў Дзяржкантролю ўсё пад кантролем”.

Інтэрнэт-газэта “Салідарнасць”. “Мэр Паўлаў можа заняць крэсла Сідорскага”. Адсутнасьць прэм’ера падчас візыту патэнцыйнага спонсара айчыннай эканамічнай мадэлі – прэзыдэнта Ірану – зноў абудзіла прагнозы аб магчымай адстаўцы кіраўніка беларускага ўраду. Сярод імаверных пераемнікаў называюць менскага мэра Міхаіла Паўлава, які родам са Шклоўскага раёну. Да таго ж Паўлаў зарэкамэндаваў сябе нядрэнным гаспадарнікам. “Салідарнасць” мяркуе, што і спрадвечны апанэнт Паўлава, губэрнатар Менскай вобласьці Мікалай Дамашкевіч хутка таксама будзе заменены.

“Бобруйский курьер”. “Самы жахлівы вірус”. У Бабруйску колькасьць ВІЧ-інфікаваных дасягнула 120 чалавек, прычым амаль сотня зь іх – маладыя людзі ва ўзросьце да 30 гадоў.

“У шасьці чалавек ВІЧ-інфэкцыя выяўлена сёлета, – расказаў бабруйскі журналіст Віктар Качан. – Асноўны шлях заражэньня – іньекцыйнае выкарыстаньне наркотыкаў (62%), таксама павялічваецца колькасьць інфікаваных пры полавых кантактах. Усяго ў Бабруйску зарэгістравана 19 выпадкаў сьмерці ад ВІЧ”.

“Комсомольская правда” в Белоруссии”. У Менску ў пятніцу ад замыканьня ў маторным адсеку згарэў пасажырскі аўтобус 116-га маршруту. Аўтобус палыхаў, як запалка – за 5 хвілін машына выгарала да каркаса. Абышлося без ахвяраў.

Аўтобус – МАЗ 1998 году выпуску – ня быў абсталяваны сыстэмай пажаратушэньня, як, дарэчы, і кожны пяты сталічны аўтобус. За апошнія пару гадоў гэта ўжо чацьверты згарэлы аўтобус. Машыну вырашана аднавіць, рамонт будзе каштаваць 7 тысяч даляраў. На МАЗе занепакоеныя трывожнай тэндэнцыяй і праводзяць уласнае расьсьледаваньне.
XS
SM
MD
LG