Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анонс падзеяў: серада, 23 траўня


Радыё Свабода

Сёньня незарэгістраваная арганізацыя “Малады фронт” арганізуе прэсавую канфэрэнцыю з Паўлам Севярынцам. Напярэдадні заснавальнік “Маладога фронту”, сустаршыня аргкамітэту для стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” выйшаў на волю.

“Будзе вельмі радасная падзея для кожнага з нас. Для кожнага маладафронтаўца, і ня толькі, – гаворыць сябра “Маладога фронту” Наста Палажанка. – Безумоўна, што для нас гэта перамога – вызваленьне Паўла. Ён для нас – прыклад мужнасьці, вернасьці ды непахіснасьці. Я ўпэўненая, што зараз у Беларусі скалыхнецца грамадзтва, бо ўсе мы ведаем, які выдатны чалавек Павал”.

* * * Сёньня Рада грамадзкага руху “За свабоду” правядзе сваё першае паседжаньня пасьля ўстаноўчага сходу.

“Рада была сфармаваная на ўстаноўчым сходзе арганізацыі, які адбыўся ў мінулую нядзелю ў Горадні, – расказаў нашаму радыё намесьнік кіраўніка руху Юрась Губарэвіч. – Асноўным пытаньнем сёньня будзе абмеркаваньне стратэгіі дзейнасьці руху. Таксама распрацуем плян працы, пляны палітычных кампаніяў, якія будзе праводзіць рух. Разгледзім мы і пазыцыю руху на Кангрэсе аб’яднаных дэмакратычных сілаў”.

* * * Сёньня ў Менску грамадзкае аб’яднаньне “Пэрспэктыва” арганізуе сход прадпрымальнікаў, якія губляюць працоўныя месцы на Чэрвеньскім рынку.

Адзін зь іх, Аляксандар Трубчык, паведаміў, што ўжо закрыты шэраг павільёнаў, звольненыя амаль 40 гандляроў:

“Што тут творыцца! Мы – у шоку і паніцы. Былі ў намесьніка адміністрацыі Ленінскага раёну. Нам канкрэтна заявілі: “Не дамо працаваць! З першага чэрвеня зачыняем. Вы там працаваць ня будзеце!”
XS
SM
MD
LG