Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як СССР даганяў і абганяў ЗША


Уладзімер Глод, Менск Роўна 50 гадоў таму тагачасны першы сакратар ЦК КПСС Мікіта Хрушчоў абвясьціў на ўсю велізарную краіну: “Дагонім і перагонім Амэрыку!”. Менавіта тады савецкі лідэр паабяцаў пакінуць Амэрыку далёка ззаду ў вытворчасьці мяса, малака і масла на душу насельніцтва. Хрушчоў казаў, што праз бліжэйшыя 10-12 гадоў СССР пераўзыдзе ЗША ў прамысловасьці. А ў сельскай гаспадарцы гэтая задача будзе вырашана значна раней. Што з гэтага атрымалася?

Афіцыйныя лічбы сьведчаць пра вельмі дзіўныя рэчы. Валавы ўнутраны прадукт Беларусі, чым беларускія ўлады вельмі ганарацца, штогод павялічваецца ў сярэднім дзесьці аж на 10%. Гэта ўтрая больш за Злучаныя Штаты. А ўзровень жыцьця па-ранейшаму застаецца непараўнальным.

Прынамсі, колькасьць кароваў на душу насельніцтва ў Беларусі і ЗША практычна аднолькавы. А па ўжываньню малака амэрыканцы больш чым удвая наперадзе. Чаму?

Андрэй Юркоў, былы галоўны спэцыяліст вучэбнай гаспадаркі Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, тлумачыць, што заморская карова дае малака ўдвая больш за беларускую. Гэта – адно. А другое – у Беларусі шмат прыпісак:

“Ведаеце, ёсьць такая прыказка: “Чым надоі адрозьніваюцца ад удояў? Тым, што ў слове “надоі” прысутнічае слова “надо”. У нас жа гэтая карова пастаўленая ў такія ўмовы, што дояць дзьве, а пішуць надой быццам ад адной. На паперы каровы дояцца вельмі добра, а як прадаваць малако – яго няма”.

І яшчэ некалькі красамоўных лічбаў. Жыхар ЗША цяпер мае на аднаго чалавека 65 квадратных мэтраў жыльля, а жыхар Беларусі не дацягвае і да 15. У Амэрыцы на кожную тысячу сямей 750 легкавых аўтамабіляў, у Беларусі амаль у чатыры разы менш.

А ці верылі савецкія людзі ў той час, што Амэрыку можна сапраўды дагнаць і перагнаць? Станіслаў Шушкевіч успамінае:

“Я калі быў студэнтам, на такарным станку рабіў дэталі. Станок называўся “ДИП” – “дагонім і перагонім”. А станок быў ужо такі паганы, што больш паганага ня магло быць. І кожны раз, калі адбывалася нейкая падобная падзея, я заўжды ўспамінаў гэты станок. Чаму? Бо калі я даступіўся да нейкага больш людзкага станка, хаця ён таксама быў савецкай вытворчасьці, я зразумеў, што “ДИП” – гэта глупства”.

Аляксандар Вайтовіч згадвае, што ў 1957 годзе ён быў студэнтам на цаліне:

“Мы студэнтамі ўсё гэта жартачкамі абстаўлялі. Мы ж былі маладыя зусім хлопцы і грунтоўна пра гэта не разважалі. Але разумелі, што гэта нешта такое фантастычнае. Частушкі сьпявалі, анэкдоты расказвалі. Ня буду зараз пераказваць, бо некаторыя былі занадта... (сьмяецца). Ніхто гэта ўсур’ёз не ўспрымаў”.

А асабіста ў мяне з тых часоў захаваўся у памяці наступны анэкдот:

Мікіта Хрушчоў і Дуайт Эйзэнхаўэр бягуць навыперадкі 100 мэтраў. Тлуставаты Хрушчоў не пасьпявае за субтыльным прэзыдэнтам ЗША і прайграе.

Назаўтра газэта “Правда” паведамляе: “Прэзыдэнт ЗША і дарагі Мікіта Сяргеевіч удзельнічалі ў лёгкаатлетычных спаборніцтвах. У выніку Мікіта Сяргеевіч заняў ганаровае другое месца, між тым як Эйзэнхаўэр прыбег на фініш перадапошнім”.

А на заканчэньне – надзвычай цікавая інфармацыя ад паэта Міхася Скоблы:

“Яшчэ ў 1929 годзе беларускі паэт Тодар Кляшторны напісаў радкі, вельмі сугучныя з лёзунгам эпохі Мікіты Хрушчова. І такое адчуваньне, што Хрушчоў іх пазычыў у Кляшторнага. А гучаць гэтыя радкі так:

“Хто з намі сілу сягоньня памерыць? Спыніць хто рух маладых? Хай не раўня мы Эўропе, Амэрыцы – Заўтра абгонім мы іх!”
XS
SM
MD
LG