Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец: “Хімікі" казалі: "Паша, вяртайся зь перамогай”


Вольга Караткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – палітык Павал Севярынец. Павал Севярынец сёньня быў датэрмінова вызвалены ад адбываньня пакараньня абмежаваньнем волі за арганізацыю пратэсту супраць вынікаў рэфэрэндуму 2004 году. У траўні 2005 ён і Мікола Статкевіч былі асуджаныя на 3 гады "хіміі". Пакараньне Павал Севярынец адбываў у спэцыяльнай установе ў в. Малое Сітна.

Прадстаўнікоў уладаў вельмі дзівіла, што палітык робіць канкрэтныя справы

Караткевіч: “Павал, вітаю вас на "Свабодзе". Ці адчуваеце вы, што ўжо на волі, і як розьняцца вашыя пачуцьці ў параўнаньні з тым, калі вы прыяжджалі у адпачынак у Віцебск з Малога Сітна?”

Севярынец: “Адчуваю. Таму што ўжо адвык бываць на вакзалах, адвык езьдзіць у Менск, а вось цяпер па-новай даводзіцца да гэтага прывыкаць. Вось якраз цяпер я на вакзале, еду ў Менск”.

Караткевіч: “Вы нават дня не пабылі дома – зь якой мэтай едзеце ў сталіцу?”

Севярынец: “Заўтра прэсавая канфэрэнцыя аб 11-й, а таксама сустрэчы напярэдадні Кангрэсу і суду над маладафронтаўцамі”.

Караткевіч: “Павал, вы ўжо сёньня шмат разоў гутарылі з журналістамі – ці быў нейкі нечаканы кантакт ці званок?”

Севярынец: “Быў. Мне было вельмі прыемна пачуць Аляксандра Мілінкевіча, і вельмі-вельмі рады быў за тэлефанаваньне Ўладзімера Арлова, які бываў у Сітне разоў у пяць часьцей, чым многія іншыя наведнікі”.

Караткевіч: “А як з вамі разьвітваліся самі “хімікі”, што яны вам казалі на разьвітаньне?”

Севярынец: “Тэма была адна: "Паша, вяртайся зь перамогай, паднапружвайцеся, мяняйце хутчэй...” Безумоўна, вельмі кранальна – гэты дзень, панядзелак, практычна ўвесь я правёў у разьвітаньнях зь сітненцамі...”

Караткевіч: “А вось у той час, калі 2 гады таму вы прыехалі ў гэтую ўстанову – такі самы быў настрой, ці вашая дзейнасьць і візыту людзей да вас неяк паўплывалі?”

Севярынец: “Зьмянілася, безумоўна, пачатак быў такі: прыехаў нейкі невядомы дзівосны зьвер, пра яго гавораць, што ён нацыяналіст, БНФ-авец, і зь ім небясьпечна нават загаворваць. Натуральна, што ад гэтага стэрэатыпу не засталося нават і сьледу за гэтыя два гады, некаторыя людзі ставяцца стрымана, таму што яны галасуюць за Лукашэнку, але абсалютна ўсе размаўляюць, абсалютна ўсе разумеюць беларускую мову, у адрозьненьне ад таго ж Наваполацку, дзе я сёньня ў чатырох унівэрсамах так і ня змог атрымаць гарбаты, у чацьвёртым нарэшце пасьля доўгіх тлумачэньняў мне гарбаты далі – у Сітне такіх пытаньняў не ўзьнікала”.

Караткевіч: “А што казалі прадстаўнікі ўладаў на розных узроўнях – ці ацанілі яны ваш плён у часе вашага прабываньня на хіміі, я маю на ўвазе плён у сфэры адукацыі, арганізацыі бібліятэкі, прапаганды беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў – нейкае станоўчае слова было зь іх боку?”

Севярынец: “Было. Іх вельмі зьдзіўляла, што тыя самыя палітыкі, апазыцыянэры, пра якіх так распавядаюць па БТ, робяць нейкія канкрэтныя справы. І тая ж бібліятэка, устаноўка памятнага знаку, праца зь дзецьмі, асьветніцкія мерапрыемствы, прапановы экскурсіяў – усё гэта выклікала зьдзіўленьне: а, дык вы яшчэ і гэтым займаецеся! І нават старшыня сельсавету, зь якой мы спачатку спрачаліся, пасьля таго як Полацкі райвыканкам прыняў рашэньне ўстанавіць памятны знак у Малым Сітне толькі добрае казала, прычым на беларускай мове”.

Караткевіч: “Раней у часе абмежаваньня волі вам прапаноўвалі пакаяцца – вы адмовіліся. І вызвалілі вас з фармулёўкай "за ўзорныя паводзіны". На працягу гэтых 2 гадоў – ці былі нейкія заўвагі на ваш адрас адносна кепскіх паводзінаў?”

Севярынец: “Былі, яны тычыліся таго, што мне даводзілася выходзіць за межы Малога Сітна пры агітацыі на прэзыдэнцкіх выбарах за Мілінкевіча, адносна паводзінаў падчас масавых акцыяў – не выходзіць, не сустракацца зь людзьмі. Некалькі разоў мы моцна спрачаліся зь міліцыянтамі, якія ажыцьцяўлялі гэты нагляд, але ніводнага разу гэта не было зафіксавана як парушэньне, бо самі міліцыянты чакалі нейкіх загадаў зь Менску, а зь Менску такіх загадаў не прыходзіла”.

Гэта былі два гады роздуму

Караткевіч: “Ці не расчараваныя вы вынікам сваіх высілкаў, пасьля якіх былі ізаляваныя на два гады?”

Севярынец: “Не, не расчараваны, бо ў 2004 годзе выйшла на плошчу некалькі тысячаў чалавек, а ўжо ў 2006 іх стала ў 10 разоў болей. Мне здаецца, гэта і ёсьць вынік працы, пачатай яшчэ тады, гэта і ёсьць вынік кампаніі інфармаваньня, супраціву, якая тады пачалася, нагадаю, таксама на Кастрычніцкай плошчы”.

Караткевіч: “А якія асноўныя высновы былі зроблены вамі ў гэтай ізаляцыі? Што зьмянілася ў вас?”

Севярынец: “У першую чаргу – духовая складовая. Таму што Бог ведае, дзе нам трэба быць, і тут, па шчырасьці, усе гэтыя 2 гады былі гадамі роздуму, малітваў у першую чаргу, а затым ужо – пісаньня нейкіх працаў, нейкіх кантактаў... Быць нейкі час на самоце пайшло мне, здаецца, толькі на карысьць”.

Караткевіч: “А скажыце, ці шмат вернікаў было ў вашай установе ў Малым Сітне?”

Севярынец: “Скажу так: вернікаў там амаль няма, можа быць і проста няма, але вялікая колькасьць людзей, якія хочуць верыць, імкнуцца, але ня могуць – парадаксальным чынам, увесь час згадваю словы сітненскай бабулькі, што бог ёсьць, але мы ў яго ня верым. І так вінавата кажуць – і хацелі б, маўляў, і цягнемся, але ніхто не навучыць, ня скажа, і самім ужо цяжка з гэтага бруду, у які ўтапталі, падымацца. Вось гэтая сытуацыя датычна веры мяне шакавала, бадай, найбольш”.

Такія рэжымы, як беларускі, не рэфармуюцца пад ціскам

Караткевіч: “У першых камэнтарах пасьля вызваленьня вы пацьверділі вэрсію аналітыкаў, што ваша вызваленьне, вызваленьне Міколы Статкевіча зьвязана зь перамовамі беларускіх уладаў з эўрапейскімі структурамі. Ці ўскладаеце вы спадзяваньні на дэмакратызацыю Беларусі пры цяперашняй уладзе ў выніку палітычнага ці эканамічнага ціску з боку Эўропы?”

Севярынец: “Мне здаецца, такія рэжымы, як той, што існуе сёньня ў Беларусі, не рэфармуюцца, не трансфармуюцца нават пад ціскам. Яны могуць ламацца, калі народ супольна зь міжнароднай супольнасьцю дамагаецца дэмакратызацыі. Яны толькі саступаюць пад гэтым ціскам, але не трансфармуюцца ў дэмакратыю. Мне здаецца, што сытуацыю ў нас вырашыць падзея накшталт украінскай, чэхаславацкай... Будзе ўсё вырашана па-эўрапейску, вельмі спадзяюся і веру, што гэта будзе зроблена без крыві, але безумоўна, галоўным чыньнікам будзе моц і салідарнасьць беларускага народа”.

Апазыцыйная бюракратыя і беларускія пратэсты былі самі па сабе

Караткевіч: “А як вы ацэньваеце канфлікты, непаразуменьні вакол лідэрства ў аб''яднанай апазыцыі? Вырашана, што палітычную раду будуць ачольваць сустаршыні. А.Мілінкевіч, напрыклад, супраць такога падыходу. ПКБ заблякавала ўчора удзел пісьменьнікаў у Кангрэсе дэмсілаў...”

Севярынец: “Сытуацыю гэтую я, канечне, ацэньваю як кепскую. Насамрэч, на жаль, за апошні год апазыцыйная бюракратыя існавала сама сабе і змагалася там у пытаньнях “хто галоўны?”, “хто вінаваты?”, амаль ніколі не даходзіла да пытаньня “што рабіць?”, а вось супраціў беларускі быў сам па сабе. Моладзь галадавала, ішла пад крымінальныя артыкулы, хрысьціяне зьбіралі подпісы, галадавалі, інваліды-калясачнікі пад''яжджалі да адміністрацыі прэзыдэнта, учора мэханізатары нават забаставалі... А апазыцыйная бюракратыя да гэтага ня мае дачыненьня.

Таму на Кангрэсе ня будзе вырашацца пытаньне, як і што далей будзе рабіць беларускі нацыянальнуы рух, супраціў... Я думаю, што ён існуе паралельна апазыцыйным структурам. Думаю, што там будзе вырашацца пытаньне, магчыма, хто фармальна будзе ачольваць апазыцыю, але зноў жа, апазыцыя і нацыянальны супраціў, на жаль, у апошні год – гэта дзьве розныя рэчы”.

Караткевіч: “А вось калі ў вас будзе магчымасьць далучыцца да кангрэсу і выступіць – што б вы сказалі ўдзельнікам?”

Севярынец: “У першую чаргу, я хачу паразмаўляць зь людзьмі, якія там зьбяруцца. Я перакананы, што ўсю гэтую непрыгожую гісторыю зь незапрашэньнем пісьменьнікаў, сустаршынствам, з прыняцьцём стратэгіі, якая накіраваная на дамову з уладай, якая ня хоча дамаўляцца – усё гэта прыдумана, ініцыявана ў вярхах сярод некалькіх распрацоўшчыкаў. Людзі ж, якія зьбяруцца там у залі, гэта байцы, змагары за дэмакратыю, якія не павінны ісьці за гэтымі прыдуманымі схемамі і за бюракратыяй. Гэта тыя людзі, якія пакліканыя арганізоўваць беларускі супраціў і спалучыць яго стратэгію з асноўнай масай апазыцыйных сілаў, партыйных сілаў – мне здаецца, гэта і ёсьць задача Кангрэсу, ад якой пакуль што абстрагуюцца партыйныя лідэры”.

Буду дапамагаць Мілінкевічу ствараць рух "За свабоду"

Караткевіч: “Якія вашыя пляны? Ці далучыцеся вы да нейкай палітычнай сілы, ці будзеце ствараць нейкую сваю структуру?”

Севярынец: “Плянаў багата, і яны шматвэктарныя. Найперш, буду дапамагаць Аляксандру Мілінкевічу ставараць рух "За свабоду". Лічу, што гэта адзіны правобраз і зародак на ўзор польскай "Салідарнасьці", які ёсьць у Беларусі. Буду, натуральна, прымаць удзел у стварэньні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі – ёсьць стратэгічная мэта зрабіць яе вядучай партыяй Беларусі. Буду ўсяляк дапамагаць хлопцам з “Маладога фронту”, якім зараз цяжка. І заклікаю ўсіх беларусаў прыйсьці 28 траўня у 10 гадзінаў да будынку Савецкага суду, Лагойскі тракт 3. Апроч гэтага, зьбіраюся аб''езьдзіць усе тыя гарады і вёскі, адкуль мне пісалі, адкуль да мяне прыяжджалі ў Малое Сітна – трэба аддзячыць людзям і паразмаўляць зь імі сур''ёзна, грунтоўна пра тое, як змагацца за Беларусь”.

Апытаньне: пры якіх умовах вы пайшлі б на публічныя акцыі пратэсту?



Карэспандэнтка: "Павал, пракамэнтуйце апытаньне..." (Людзі казалі, што выйдуць за свабоду, за сваю сям''ю ці за тое, каб падтрымаць Лукашэнку).

Севярынец: "На жаль, гэта тая ж самая сытуацыя, зь якой мы сутыкаліся і ў 2004 годзе. Выкліканая яна ўсё тым жа сыстэмным пралікам апазыцыі. Яна змагаецца сама замест таго, каб падымаць, арганізоўваць, матываваць да змаганьня беларускі народ. У Сітна я гэта зразумеў. Адзін, два, тры чалавекі ня ў стане зьмяніць сытуацыю. Калі падымаецца большасьць, калі гэтым займаецца беларуская салідарнасьць, тады рэжым асуджаны.

Таму трэба накіроўваць усю працу на акцыі салідарнасьці, на сыстэму салідарнасьці. На стварэньне кампаній салідарнасьці. А нагодаў для гэтага цяпер безьліч. І тое, што зараз хрысьціяне зьбіраюць подпісы за зьмену закону аб свабодзе сумленьня, і тое, што зараз разбураюцца цэнтры Горадні і Віцебску, а ў Менску замест храма пачынае будавацца гатэль, - вакол гэтых сытуацый трэба будаваць салідарнасьць.

Тыя ж самыя мэханізатары, тыя ж самыя маладыя людзі, працэс "Маладога Фронту". Вось тут трэба ўтвараць структуры".

Карэспандэнтка: "І такое ўжо прыватнае пытаньне... Па чым дамашнім вы больш за ўсё засумавалі?"

Севярынец: "Па сумоўі з бацькамі..."

Карэспандэнтка: "Але ўжо зноў адрываецеся і едзеце ў Менск..."

Севярынец: "Так. Дзякуй усім вялікі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG