Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буш: заявы Пуціна пра фармаваньне дэмакратыі ў Расеі выклікаюць сумнеў


Тацяна Поклад, Прага Cёньня заходняя прэса абмяркоўвае інтэрвію прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша агенству “Reuters”, у якім Буш адзначыў існаваньне напружанасьці паміж Расеяй і Захадам. Прэзыдэнт ЗША таксама скептычна выказаўся адносна руху Расеі да дэмакратыі пры прэзыдэнце Ўладзіміры Пуціне.

Прэзыдэнт ЗША сказаў, што “ў дачыненьнях Расеі з Эўропай існуе напружанасьць, таму што Расея выкарыстоўвае свае энэргарэсурсы і зачыняе свой рынак для асобных дзяржаваў, – прыкладам можа быць польскае мяса”. Буш таксама паведаміў, што падтрымлівае асабістыя кантакты з Пуціным, але паміж Расеяй і ЗША “вельмі складаныя дачыненьні”, і што заявы Пуціна пра фармаваньне дэмакратыі ў Расеі выклікаюць сумненьні. Буш сказаў, што спадзяецца яшчэ пагаварыць з Пуціным пра тое, чаму расейскі прэзыдэнт мяркуе, што яго краіна – на шляху да дэмакратыі. “Часам мне здаецца, што гэта зусім ня так”, – адзначыў Буш.

Амэрыканская “The Washington Times” нагадвае, што прэзыдэнт Буш імкнецца пераканаць Маскву, што плянаваная сыстэма супрацьракетных радараў у Эўропе не пагражае Расеі. Напярэдадні інтэрвію “Reuters” Буш сустракаўся з генэральным сакратаром НАТО Яапам дэ Хооп Схэфэрам на сваім ранчо ў Тэхасе. Пэнтагон і НАТО падкрэсьліваюць, што высокатэхналягічны радар ў Эўропе, дзейнасьць якога скаардынаваная з сыстэмамі супрацьракетнай абароны ў Каліфорніі і Алясцы, мае на мэце абараняць ЗША і Эўропу ад пагрозы іранскіх ракетаў. Напачатку чэрвеня Джордж Буш плянуе перамовы зь Нямеччынай, Чэхіяй і Польшчай, а цяпер Буш заявіў, што “вядома, ён па-ранейшаму працягвае сваю руку Расеі”.

Іншае амэрыканскае выданьне “The Washington Post” сёньня аналізуе стан амэрыканска-расейскіх дачыненьняў. Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс назвала іх нядаўна “вялікімі, складанымі дачыненьнямі” – цяпер яны перажываюць пераходную фазу, адзначае аўтар артыкула Эдвард Лазанскі. Цягам апошніх месяцаў абодва бакі выкарыстоўвалі рэзкія словы і рабілі памылковыя крокі.

Паводле аўтара, калі для амэрыканцаў Расею немагчыма назваць дэмакратычнай краінай, то трэба памятаць, што расейскую 16-гадовую дэмакратыю нельга разглядаць як роўную амэрыканскай, якой больш за 200 гадоў. Каб будаваць свае дачыненьні, варта абапірацца на тое добрае, што можна знайсьці, адзначае Лазанскі, паводле якога цяперашняя Расея мае свабоды, пра якія нельга было і марыць у часы СССР.

А брытанская “The Guardian” публікуе свой камэнтар пад загалоўкам: “Буш цісьне на саюзьнікаў у Аўганістане” і адзначае, што ў ліку асноўных тэмаў, якія абмяркоўваў Буш з сакратаром НАТО, былі, апрача радараў у Эўропе, роля НАТО ў Косаве і рост гвалту ў Аўганістане. Выданьне асабліва адзначае словы Буша адносна свайго намеру дамагчыся больш актыўнай падтрымкі, каб падзяліць з ЗША цяжар і рызыку замаганьня з Талібанам: “Каб НАТО было эфэктыўным, яно павінна трансфармавацца ў арганізацыю, якая сапраўды будзе даваць адказ на пагрозы свабодным краінам”.
XS
SM
MD
LG