Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 22 траўня


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Прывітаньне!

Карыстальніца fotaczka пакінула ва ўласным ЖЖ-дзёньніку такі запіс: “Выпусьцілі Севярынца. У мяне шмат пытаньняў паўстае. 1) Няўжо сапраўды таму, што эканоміцы трындзец такі прыйшоў? Спачатку адмена ільготаў, пасьля перамовы наконт адмены эканамічных санкцыяў. Хаця 400 мільёнаў даляраў — гэта сам па сабе смачны кавалак. 2) Адпусьцяць усіх палітвязьняў, як абяцалі, ці толькі тых, каму 2 месяцы да канца тэрміну засталося? 3) Захад такім чынам "змагаецца" за дэмакратызацыю рэжыму, а не за ягонае зьнішчэньне? 4) Ці выгодны нам выхад палітвязьняў ТАКІМ коштам?»

У камэнтарах kaciarynka адзначае: “Выхад палітвязьняў у любым выпадку трэба разглядаць як пазытыў. Ня вельмі зразумелы сэнс, які ўкладаеце ў "ТАКІМ коштам?" Спадзёвы на ЭЗ як крыніцы зьмен у краіне — марныя, мы свой шанец згубілі, калі ўцягнуліся ў выбарчыя фарсы, не забясьпечылі кантролю над галасаваньнем. Таму цягнік пайшоў. З дыктатарам ў якасьці машыніста». miraslau: “Ты абсалютна права, што выпусьцяць толькі тых, каму пару месяцаў, ну паўгады застаецца. Казулін і надалей застанецца там, бо на свабодзе — гэта магчымы сур''ёзны лідэр».

На форумах парталу зьявіліся камэнтары да паведамленьня пра тое, што КДБ Беларусі нічога ня ведае пра расстрэлы прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі 30 кастрычніка 1937 году. Пра гэта гаворыцца ў лісьце кіраўніка камітэту сустаршыням грамадзкага аргкамітэту па ўшанаваньню памяці ахвяраў рэпрэсіяў пэрыяду сталінізму. ErmIg адзначае: “Не жадаюць адказваць за грахі”. А на інфармацыю пра тое, што супрацоўнік МУС, які прапанаваў выслаць сьпіс рэпрэсаваных на расейскай мове, таму што ў МУС адсутнічаюць магчымасьці для перакладу беларускамоўнага сьпісу, grinka адказала: “Афігець, яны нават беларускай ня ведаюць!».

У Сеціве зьявіўся новы рэсурс , які ставіць на мэце разьбіць віртуальным чынам узьведзены вакол Беларусі мур. Праект паўстаў у Любліне у таварыстве Homo Faber і мае назву "Мур — інтэрнэтавая акцыя на карысьць свабоды у Беларусі ". Праект суфінансуецца сродкамі праграмы замежнае дапамогі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Кожны з наведнікаў сайту можа зайсьці на яго і цягам сутак зьліквідаваць чарговую цаглінку ў муры. Цікава, што днямі ў Сеціве зьявіўся новы кліп групы “Крама” з кавэрам песьні “Another Brick in The Wall” групы “Pink Floyd”, які выконваецца на беларускай мове.

Яшчэ адна навінка беларускага Сеціва — сайт На сайце можна пазнаёміцца з бібліяграфіяй пісьменьніка, прачытаць і раздрукаваць ягоныя творы, пабачыць крытычныя матэрыялы, паглядзець фотаальбом. Гасьцёўня, на жаль, пакуль не працуе.

У форумах сайту (былы studenty.by) ў тэме «Як ставяцца замежнікі да студэнтаў зь Беларусі” Pradslava сёньня адзначыла: “Вырубае ня тое, што японцы ня ведаюць, дзе на мапе знаходзіцца Беларусь, а тое, што калі сустракаеш расейцаў, некаторыя зь іх зьдзіўлена пытаюцца: “А што, у вас там ёсьць беларуская мова? Такая мова існуе?” Але ж ... Што злавацца на іх, калі яны чуюць, як беларусы з беларусамі размаўляюць на расейскай!”

І на тым скончым. Гэта была «Начная аблога», Зьміцер Падбярэскі, яшчэ сустрэнемся...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG