Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Мікалай Статкевіч: “Гэта проста гандаль людзьмі...”</B>


Радыё Свабода Мікалай Статкевіч у тэлефонным інтэрвію Радыё Свабода адразу пасьля свайго вызваленьня пракамэнтаваў дзеяньні ўладаў.

Карэспандэнт: Павал Севярынец мяркуе, што Вашае зь ім вызваленьне зьвязанае з тым, што ўлады баяцца страціць прэфэрэнцыі Эўразьвязу. Якое Вашае меркаваньне?

Статкевіч: Я думаю, што гэта проста гандаль людзьмі. Закладнікаў спачатку бяруць, а потым спрабуюць прадаць за грошы. Бедным нігерыйцам такое й ня сьнілася – яны толькі мільён даляраў узялі за скрадзеную беларуску, а тут хочуць 400 мільёнаў эўра. Усё гэта вельмі паскудна. Тым больш дадатковая паскудная ўмова – пісаць нейкую там заяву на імя Пяткевіч ці адвакату, ці блізкім сваякам, ці самому... Я, дарэчы, ніякіх заяваў не пісаў, яшчэ раз падкрэсьліваю, бо ўпэўнены, што гэта прагучыць з высокай трыбуны – “вот ані тут прасілі, заўяленьне пісалі, я іх асвабадзіў, а ані апяць...”

Карэспандэнт: Дык Вы незадаволеныя?

Статкевіч: Гадаснае, а не радаснае пачуцьцё. Бо гандлююць людзьмі. А калі тэрарыстам ідуць насустрач, дык будуць новыя закладнікі – яшчэ болей. Нельга таргавацца з тэрарыстамі.

Карэспандэнт: Якія ў Вас найбліжэйшыя палітычныя пляны? Ці пойдзеце Вы на Кангрэс дэмакратычных сілаў 27 траўня?

Статкевіч: Мы з Паўлам мусім ісьці на кангрэс са стратэгіяй Эўрапейскай кааліцыі і будзем спрабаваць не дапусьціць прыняцьця той капітуляцыйнай стратэгіі, якая там выносіцца на абмеркаваньне. Гэты кангрэс мы лічым вельмі несвоечасовым, але рабіць няма чаго – давядзецца ісьці.

Карэспандэнт: Які досьвед двух гадоў, што Вы прабылі на “хіміі” Вы лічыце найбольш важным і каштоўным для сябе?

Статкевіч: Абсалютна зразумелая выснова: найперш - годнасьць, годныя паводзіны, зь любымі людзьмі. І людзі будуць вас падтрымліваць. У любой сытуацыі трэба кіраваць абставінамі. Гэта заўсёды магчыма. І першы крок да гэтага - уласныя годныя паводзіны з усімі - ад мянта да апошняга зэка. У любым трэба бачыць чалавека. Тады Вы будзеце ўплываць на асяродзьдзе, людзі будуць міжволі капіяваць Вашае стаўленьне да сябе і таксама будуць імкнуцца годна сябе паводзіць. Вы будзеце фармаваць вакол сябе годную, больш спрыяльную для сябе прастору.
XS
SM
MD
LG