Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці абмяркоўвалі Лукашэнка і Ахмадзінэжад вайсковае супрацоўніцтва?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня завяршыўся двухдзённы афіцыйны візыт прэзыдэнта Ірану Махмуда Ахмадзінэжада ў Беларусь. Аляксандар Лукашэнка запрасіў іранскага кіраўніка ў Нацыянальную бібліятэку на сьняданак, які зацягнуўся да абеду.

Махмуд Ахмадзінэжад заявіў, што цягам двухдзённага візыту былі абмеркаваныя важныя праблемы міжнароднай палітыкі й разьвіцьця супрацоўніцтва.

Паводле яго, узаемадзеяньню Ірану зь Беларусьсю нічога не перашкаджае.

Кіраўнікі Ірану й Беларусі абмеркавалі пытаньні супрацоўніцтва ў энэргетыцы, інвэстыцыях, інжынэрна-тэхнічных праблемах, рэалізацыі шэрагу супольных праектаў.

Іранскі лідэр заявіў, што з афіцыйным Менскам існуе поўнае паразуменьне. Паводле Ахмадзінэжада, Іран, як і Беларусь, выступае супраць аднапалярнага сьвету.

Іранскі прэзыдэнт дэкляраваў, што Іран і Беларусь выступаюць за захаваньне правоў чалавека ў сьвеце. Нашы дзяржавы супраць стандартаў, якія шкодзяць эканамічным інтарэсам асобных краінаў, заявіў Ахмадзінэжад.

Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што Іран дапаможа Беларусі дывэрсыфікаваць пастаўкі энэргарэсурсаў.

Плянуецца, што ў Беларусі адкрыецца банк са стопрацэнтным іранскім капіталам. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, гэта “неймаверна спросьціць” гандлёвыя стасункі дзьвюх краінаў.

Прадстаўнік расейскага Камітэту навукоўцаў за глябальную бясьпеку Аляксандар Пікаеў, камэнтуючы візыт Ахмадзінэжада ў Менск, сказаў:

“Відавочна, што радыкальныя дзяржавы сьвету — Іран, Беларусь, Вэнэсуэла — усё шчыльней яднаюцца. Краіны гэтыя дастаткова ўплывовыя, і разам яны могуць стварыць пэўныя праблемы для Захаду, а, магчыма, і іншых краінаў”.

Якраз у другі дзень візыту ў Менску адкрылася міжнародная выстава ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі “Mілекс-2007”. Аднак падчас сустрэчы кіраўнікоў Ірану і Беларусі, як перадаюць афіцыйныя крыніцы, ні слова не было сказана пра вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва.

Паводле аналітыка Аляксандра Пікаева, тэарэтычна, афіцыйны Менск зацікаўлены гандляваць зброяй з Іранам:

“Магчыма, яны гэта не афішуюць з палітычных прычынаў. Магчыма, нехта ў Беларусі быў бы зацікаўлены перапрадаваць расейскую зброю дзеля сваіх інтарэсаў. Але ці ўзгоднена гэта з расейскімі пастаўшчыкамі? Калі такія рэчы адбываюцца, то яны адбываюцца альбо зь ведама расейскага пастаўшчыка, альбо гаворка ідзе пра нейкі “шэры” экспарт”.

Раней іранскі бок ня раз казаў, што зацікаўлены ў супрацоўніцтве зь Беларусьсю ў галіне ядзернай тэхналёгіі. Аднак, паводле дыпляматаў, беларускі бок не пагаджаўся на ўдзел у іранскай ядзернай праграме.
XS
SM
MD
LG