Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>У Менску сабраліся пакупнікі беларускай зброі</B>


Алег Грузьдзіловіч, Менск Дзяржсакратар Савету бясьпекі Беларусі Віктар Шэйман адкрыў выставу зброі “Мілекс-2007”, на якую зьехаліся прадстаўнікі многіх аўтарытарных рэжымаў з Азіі, Блізкага Ўсходу, Афрыкі і Паўднёвай Амэрыкі. Аглядальнікі ацэньваюць прыбыткі Беларусі ад продажу зброі на сотні мільёнаў даляраў і кажуць пра ценявы абарот.

Як і мінулыя тры выставы “Мілекс”, гэтая адкрылася пад гукі вайсковай аркестры і марш дзяўчат у гусарскіх строях. Гэтым разам, каб гасьцям было зручней назіраць за ўрачыстым адкрыцьцём, пабудавалі адмысловую трыбуну.

Болей за сто ўдзельнікаў выставы, дэлегацыі 43 краін сьвету сярод патэнцыйных пакупнікоў — гэта для Беларусі рэкорд. У ганаровай ложы ў асноўным прадстаўнікі тых краінаў, да якіх у дэмакратычным сьвеце шмат пытаньняў: Сырыя, Судан, шматлікія афрыканскія рэжымы, Вэнэсуэла, Кітай.

Адкрываючы выставу, дзяржсакратар Савету бясьпекі Віктар Шэйман казаў пра вялікую цікавасьць да беларускай зброі.

“Мэта выставы “Мілекс-2007” — прадэманстраваць дасягненьні краіны ў галіне дасьледаваньняў, вытворчасьці й мадэрнізацыі зброі й вайсковай тэхнікі”.

Пра аб’ёмы гандлёвага абароту ад продажу беларускай зброі ды іншых паслугаў у абароннай галіне афіцыйна не паведамляюць.

Незалежныя крыніцы лічаць, што рэкорд канца 1990-х гадоў, калі Беларусь трапіла ў дзясятку буйнейшых экспартэраў, ужо недасяжны. Запасы былой савецкай зброі даўно распрадалі.

На выставе пб’яднаньне “Агат” дэманструе новыя сыстэмы кіраваньня боем і прылады для зэнітных комплексаў. На іх вялікі попыт у краінах Блізкага Ўсходу. Авіярамонтны завод у Баранавічах мадэрнізуе расейскія зьнішчальнікі СУ і МІГ, якімі цікавяцца ў Афрыцы. Менскі завод колавых цягачоў прэзэнтаваў новыя мадэлі цягачоў для ракет і танкаў.

Паводле вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, імпульс для разьвіцьця беларускага ваенна-прамысловага комплексу дало супрацоўніцтва з Расеяй:

“Большасьць нашых прадпрыемстваў карыстаецца тым, што ў Расеі зьявіліся вялікія грошы. Яны рэзка павялічылі выдаткі. У мінулым годзе болей за 18 мільярдаў даляраў з вайсковага бюджэту Расеі пайшло на закупы. І частка гэтых грошай трапляе ў Беларусь, што спрыяе пад’ёму вытворчасьці на заводах ВПК”.

Паводле Аляксандра Алесіна, гандлёвы абарот Беларусі ад продажу зброі складае 300—500 мільёнаў даляраў і штогоду павялічваецца.

Аглядальнік Раман Якаўлеўскі не выключае, што немалыя грошы Беларусь зарабляе праз пастаўкі зброі ў раёны ваенных канфліктаў у каапэрацыі зь іншымі пастаўшчыкамі — у тым ліку з Расеі.

“Відаць, гэтыя пастаўкі нідзе не фігуруюць і старанна хаваюцца. Але заўважце, што Беларусь згадваюць у сувязі з такімі падазрэньнямі занадта часта. Гэтак было ў Іраку, Лібане, цяпер кажуць пра Судан”, — адзначае аглядальнік.

Афіцыйныя асобы краіны, між тым, адкідаюць абвінавачаньні ў тым, што Беларусь пастаўляе зброю ў гарачыя пункты.

Апошні час асобнай тэмай ёсьць вайсковае супрацоўніцтва Беларусі з Іранам, які не адмовіўся ад плянаў стварэньня ядзернай зброі. Яшчэ раніцай не выключалася, што іранскі прэзыдэнт Ахмадзінэжад наведае выставу “Мілекс-2007”, але гэтага не адбылося.

Між тым, журналісты не выключаюць, што прадстаўнікі Ірану на выставу беларускай зброі ўсё ж выбраліся.

Менск, выстава зброі “Мілекс-2007”. Замежныя генэралы разумелі прамову Віктара Шэймана безь перакладу Замежныя генэралы разумелі прамову Віктара Шэймана безь перакладу

Менск, выстава зброі “Мілекс-2007”. Прадстаўнікі Вэнэсуэлы з задавальненьнем здымаліся побач з расейскімі аўтаматамі зь беларускімі прыцэламі Прадстаўнікі Вэнэсуэлы з задавальненьнем здымаліся побач з расейскімі аўтаматамі зь беларускімі прыцэламі

Менск, выстава зброі “Мілекс-2007”. Гэты беларускі цягач можа правезьці праз пустэльню адразу чатыры танкі. Але дзе ў Беларусі пустэльня? Гэты беларускі цягач можа правезьці праз пустэльню адразу чатыры танкі. Але дзе ў Беларусі пустэльня?
XS
SM
MD
LG