Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зачыняйце вокны: партнэрства Беларусі і Ірану


Юры Дракахруст, Прага Міжнародны друк камэнтуе візыт іранскага прэзыдэнта Махмуда Ахмадзінэжада ў Беларусь. Газэты зьвяртаюць увагу на заявы іранскага і беларускага лідэраў аб стратэгічным партнэрстве, ацэньваюць шанцы супрацоўніцтва паміж Менскам і Тэгеранам у энэргетычнай і ваеннай галінах.

International Herald Tribune піша, што сваім збліжэньнем Беларусь і Іран спрабуюць прадэманстраваць, што яны змогуць выжыць бяз Злучаных Штатаў і Эўропы. Для Беларусі Іран – яшчэ адна альтэрнатыўная крыніца атрыманьня энэргарэсурсаў – цытуе газэта польскага экспэрта Гжэгажа Грамадкі з фонду Стэфана Баторыя. Аднак польскі экспэрт адзначае, што нават у выпадку, калі Беларусь сапраўды будзе атрымліваць нафту ад Ірану, яна пойдзе праз расейскую тэрыторыю, так што залежнасьць ад Расеі захаваецца.

Паводле дадзеных брытанскага Цэнтру вывучэньня канфліктаў, які працуе на міністэрства абароны, ёсьць зьвесткі, што Іран ужо атрымаў ад Беларусі дапамогу экспэртамі і тэхналёгіямі для сваёй ядзернай праграмы. Злучаныя Штаты абвінавачваюць Іран у тым, што той імкнецца стварыць ядзерную зброю, Тэгеран адмаўляе, што мае такія намеры, аднак фарсуе прамысловае ўзбагачэньне ўрану, што зьяўляецца ключавым крокам у стварэньні ядзернай зброі.

International Herald Tribune прыгадвае пра візыт у Тэгеран у студзені сёлета міністра абароны Беларусі Леаніда Мальцава і адзначае, што дачыненьні паміж Беларусьсю і Іранам у вайсковай галіне надзвычай непразрыстыя.

Расейская газэта “Время новостей” цытуе Аляксандра Лукашэнку, які падчас візыту іранскага госьця выказаў яму падзяку за выдзяленьне Беларусі іранскага нафтавага радовішча Джуфэйр. Пагадненьне аб супольнай эксплюатацыі радовішча будзе падпісанае 1 чэрвеня.

Газэта таксама падае словы духоўнага лідэра Ірану аяталы Алі Хамэнэі, які ў дзень пачатку візыту іранскага прэзыдэнта у Менск назваў Іран “камандным цэнтрам шматнацыянальнага фронту, які супрацьстаіць пыхлівым Злучаным Штатам”. У той жа час у Менску Аляксандар Лукашэнка казаў пра стратэгічнае партнэрства зь Іранам.

Расейскае выданьне «Ведомости» паведамляе, што магутнасьць радовішча “Джуфэйр”, да якога іранцы дапускаюць беларусаў, складае 1.5 мільёна тонаў нафты на год. Тым часам у Расеі Беларусь купляе ў год 20 мільёнаў тонаў нафты.

«Ведомости» цытуюць беларускага ваеннага экспэрта Аляксандра Алесіна, паводле якога Іран мае найбольшую зацікаўленасьць у беларускіх элемэнтах супрацьпаветранай абароны. Паводле яго, ня выключана, што Іран атрымае ад Беларусі частку выведзеных у рэзэрв зэнітных комплексаў С-125 пасьля іх мадэрнізацыі. У Беларусі такіх комплексаў 64 штукі.

Выданьне «Газэта» зьвяртае увагу на надзвычайныя захады бясьпекі, якімі суправаджаўся візыт у Менск іранскага лідэра. Аэрапорт «Менск-2» і шлях ад яго да Менску быў аточаны міліцыяй і ўнутранымі войскамі, шлях ахоўвалі баявыя гелікоптэры. Цэнтральныя вуліцы сталіцы былі на некалькі гадзінаў перакрытыя. Міліцыянты хадзілі па дамах і загадвалі жыхарам не адчыняць вокны і форткі, калі картэж Ахмадзінэжада будзе ехаць па горадзе. Паколькі некаторыя менчукі не падпарадкаваліся загаду – піша «Газэта» – спэцслужбы выклікалі пад''емныя краіны і зачынялі вокны самі.
XS
SM
MD
LG