Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Павал Севярынец выйшаў на свабоду</B>


Радыё Свабода Сёньня старшыня Наваполацкага гарадзкога суду Пятро Ляўчонак зачытаў судовую пастанову: асуджанага на два гады пазбаўленьня волі палітыка Паўла Севярынца вызваліць. Пастанову вынесьлі паводле прадстаўленьня ўстановы адкрытага тыпу №15 Наваполацку за ўзорныя паводзіны асуджанага.

“Севярынца Паўла Канстанцінавіча вызваліць ад пакараньня. Пастанова абскарджаньню і апратэставаньню канстытуцыйным парадкам не падлягае”, — гэтыя словы старшыні Наваполацкага суду Пятра Ляўчонка прысутныя на судзе сябры й калегі асуджанага палітыка сустрэлі воплескамі.

Тут жа ў судовай залі пісьменьніца Ірэна Жарнасек уручыла Паўлу букет белых і чырвоных кветак.

Вось што сказаў нашаму Радыё Павал Севярынец адразу ж пасьля судовага паседжаньня:

“Суд прыняў рашэньне аб умоўна-датэрміновым вызваленьні — нягледзячы на мае неаднаразовыя рэплікі, што прысуд быў незаконным. Гэта сьведчыць пра тое, што проста паступіў адпаведны загад. Факт паказальны, і ў першую чаргу прычына гэтага факту, на мой погляд, гэта галасаваньне аб адмене прэфэрэнцыяў для Беларусі, якое адбудзецца бліжэйшым часам. Не выключаю, што палітзьняволеныя, прычым усе, будуць да гэтага часу вызваленыя”.

Павал Севярынец падзякаваў праз нашае радыё ўсім, хто падтрымліваў яго ў няволі:

“За ўвесь час адбыцьця пакараньня атрымаў звыш 1480 лістоў, больш як пяцьсот чалавек да мяне прыяжджалі. Хачу ім усім выказаць агромністую ўдзячнасьць. Трымаўся шмат у чым дзякуючы якраз гэтаму — Божае падтрымцы і беларускай салідарнасьці. Безумоўна, хачу падзякаваць і Радыё Свабода, якое слухаў штодня, якое слухаюць сітненцы падчас працоўных перапынкаў. Вялікі дзякуй, дарагія людзі! Пастараюся апраўдаць ваш давер”.

Павал Севярынец сказаў таксама колькі словаў пра пляны:

“Бліжэйшыя пляны — ехаць у Віцебск. Заўтра ў плянах ужо Менск, і ўдзел у судзе над маладафронтаўцамі, а калі ўсё будзе нармалёва, і ў Кангрэсе дэмакратычных сілаў”.

Павал Севярынец быў асуджаны на 3 гады абмежаваньня волі судом Цэнтральнага раёну Менску за арганізацыю вулічных акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму. Неўзабаве адзін год яму скасавалі па амністыі. Такім чынам, палітык вызвалены за 2 месяцы і 24 дні да заканчэньня тэрміну пакараньня.

Наваполацак, Павал Севярынец каля будынку суду пасьля вызваленьня з “хіміі”, 22.05.2007 Павал Севярынец каля будынку суду адразу пасьля вызваленьня. Фота Ірыны Жарнасек
XS
SM
MD
LG