Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі камэнтуюць візыт Махмуда Ахмадзінэжада


Уладзімер Глод, Менск Сёньня завяршыўся двухдзённы афіцыйны візыт у Беларусь прэзыдэнта Ірану Махмуда Ахмадзінэжада. Вынікі візыту камэнтуюць беларускія палітыкі.

Былы прэзыдэнт Акадэміі навук Беларусі, былы старшыня Савету Рэспублікі Аляксандар Вайтовіч перадусім зьвяртае ўвагу на рэпутацыю Беларусі й Ірану ў сьвеце:

“Мне вельмі не падабаецца, калі сябруюць альбо робяць нейкія аб’яднаньні супраць кагосьці. Не за нешта станоўчае, ня дзеля таго, каб дасягнуць нейкіх пазытыўных мэтаў, а супраць.

Як грамадзянін Беларусі я шкадую, што мы аб’ядноўваемся з гэтай часткай міжнароднай супольнасьці. Я хацеў бы, каб мы аб’ядноўваліся зь пераважнай часткай, той вялізнай часткай супольнасьці”.

Я таксама пацікавіўся ў спадара Вайтовіча, ці могуць скарыстацца беларусы пры пабудове АЭС іранскімі тэхналёгіямі?

“Гэта немагчыма. Яны не валодаюць такімі тэхналёгіямі. Яны паставілі сабе за мэту авалодаць тэхналёгіямі ўзбагачэньня ўрану. Менавіта такі ўран дае магчымасьць стварыць ядзерную зброю.

Для паліва на АЭС вялікае ўзбагачэньне не патрэбнае. Толькі некалькі краінаў валодаюць тэхналёгіямі — Расея, Францыя, ЗША, магчыма, у нейкай ступені Нямеччына. Вядома, мы не валодаем. Ніводная з такіх параўнальна маленькіх краінаў, як Беларусь, гэтых тэхналёгіяў ня мае”.

Намесьнік старшыні камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян лічыць, што візыт прэзыдэнта Ірану ў Беларусь мае вялікае значэньне:

“Вельмі важна адзначыць, што гэты візыт падкрэсьліў будучыню нашых адносінаў і нашага супрацоўніцтва — перадусім, у рамках Руху недалучэньня. А таксама ў сфэры эканомікі ды іншых кірунках”.

Падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Валер Костка называе дзеяньні лідэраў Беларусі і Ірану “нелягічным аб’яднаньнем”:

“Тут ідзе аб’яднаньне паводле прынцыпу агульнага ворагу, які ім бачыцца ў выглядзе Захаду і ЗША. Таму і сябруюць, каб выжыць у гэтых умовах. На нейкі пэрыяд такое аб’яднаньне магчымае. Ёсьць пэўны патэнцыял тут, ёсьць пэўны патэнцыял у Іране. Інтарэсы лідэраў супадаюць. Але гэта антылягічнае аб’яднаньне”.
XS
SM
MD
LG