Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы пра дружбу зь Іранам: “Туды надта далёка езьдзіць цалавацца”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Як вы ставіцеся да таго, што Беларусь умацоўвае дачыненьні з краінамі-ізгоямі — такімі, як Іран? На гэтае пытаньне адказвалі жыхары Горадні.

Сталы спадар: “Я лічу, што “бацька” наш павінен аб’ядноўваць болей нашыя славянскія народы. А наконт кантактаў з Кітаем ці Іранам — я лічу, што туды надта ж далёка езьдзіць цалавацца, разумееце”.

Спадар: “Ураду і прэзыдэнту лепей відаць. Таму — што ён робіць, я падтрымліваю”.

Малады спадар: “Я нармальна стаўлюся, калі гэта прыносіць карысьць Рэспубліцы Беларусь”.

Малады спадар: “Станоўча стаўлюся. А што ў гэтым такога дрэннага? Наадварот, дадатковае прыцягненьне інвэстараў, заключэньне кантрактаў. У Іране, напрыклад, нафту будуць здабываць”.

Спадар: “У любым выпадку стасункі павінны быць паміж краінамі. А вызначэньні — “краіна-ізгой” ці не — гэта абсалютна, я думаю, суб’ектыўная рэч”.

Спадар: “Трэба сябрааць з усімі, і час перахварэць на Савецкі Саюз. Маленькая краіна абавязаная ўлічваць усе інтарэсы й гуляць у вялікія гульні яна ня можа, таму слушна, што мы падтрымліваем дачыненьні з усімі краінамі”.

Сталы спадар: “Маё меркаваньне такое: зь любой краінай, якая добра ставіцца да нашай Беларусі, трэба падтрымліваць дачыненьні, зь імі гандляваць, разьвіваць культурны абмен, незалежна ад таго, гэта блізкае замежжа ці далёкае”.

Спадар: “Трэба з усімі сябраваць, з Іранам таксама, каб усё ў меру было”.

Малады спадар: “Іран усё ж такі эканамічна разьвіваецца ў станоўчы бок, таму з часам, я думаю, ён падцягнецца да ўсіх разьвітых эўрапейскіх краінаў”.

Маладзён: “Я адмоўна да гэтага стаўлюся, таму што трэба ўмацоўваць дачыненьні з краінамі, якія могуць даць нам больш у эканамічным пляне, з той жа Эўропай, Амэрыкай”.

Студэнт: “Я мяркую, што, умацоўваючы дачыненьні з краінамі, якія лічацца ізгоямі, Беларусь таксама робіцца ізгоем на міжнароднай палітычнай арэне. Калі мы ставім сябе ў адзін шэраг зь імі, атрымліваецца, што мы таксама такія, як яны, і нас не ўспрымае ўвесь сьвет”.

Ягоны сябра: “Пры сёньняшняй уладзе лепей умацоўваць дачыненьні хоць зь нейкімі краінамі, таму што інакш мы застанемся ў поўнай ізаляцыі”.

Маладзён: “Беларусь шукае сабе сяброў паводле сваіх поглядаў. Такім чынам, чым больш сяброў, тым большы яна будзе мець уплыў. Хаця б у ААН за яе будзе галасаваць большая колькасьць краінаў, і яна будзе мець больш адвакатаў у міжнароднай палітыцы”.

Спадарыня: “Мы ня можам ніяк да гэтага ставіцца. Я, напрыклад, у гэтым бачу толькі палітычную волю дзяржаўных чыноўнікаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG