Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Упершыню гэты твор прагучыць на беларускай мове”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Прывітаньне! Прапаную разам пагартаць беларускія газэты мінулага ад 22 траўня розных гадоў.

“Большавік Палесся” ў 1937 годзе за подпісам Вучань друкуе нешта накшталт даносу: “Крышыцкая НСШ (Мазырскі раён) мае сваю бібліятэку, якая і па гэты дзень не ачышчана ад нацдэмаўскай літаратуры Гартнага, Чарота, Зарэцкага, Сташэўскага і інш., якую бібліятэкарша Галагуцкая рэкамендуе вучням чытаць. Характэрна, што такую кнігу, як “Ціхі Дон” Шолахава, у бібліятэцы нельга атрымаць, бо, як кажа Галагуцкая, — гэту кнігу вучням нельга чытаць”.

“ЛіМ”, год 1967. На гэтым тыдні газэта нагадвае: “У Каневе, дзе пахаваны вялікі кабзар украінскага народа Тарас Шаўчэнка, знаходзіцца і магіла выдатнага савецкага пісьменніка Аркадзя Гайдара, які загінуў пад Каневам у 1941 годзе. Нядаўна канеўскія піянеры запрасілі да сябе ў госці беларускага пісьменніка Рыгора Няхая, які ваяваў у гэтых мясцінах у партызанскім атрадзе імя Шаўчэнкі. Госць прывёз бібліятэцы-музею А.Гайдара падарунак Саюза пісьменнікаў БССР — бібліятэчку кніг беларускіх пісьменнікаў. У адказ канеўскія піянеры перадалі жменю зямлі з магілы Гайдара і папрасілі ўручыць яе лепшай піянерскай дружыне Мінска”.

“Советская Белоруссия” ў 1997 годзе піша пра опэру “Фаўст” Антонія Генрыха Радзівіла: “Опэра Антонія Радзівіла ўнікальная з многіх прычынаў. Асноўная зь іх у тым, што Радзівіл — адзіны кампазытар, зь якім Гётэ супрацоўнічаў як лібрэтыст, перапрацаваўшы тэкст 1-й часткі сваёй паэмы ў опэрнае лібрэта і дапісаўшы на просьбу Радзівіла спэцыяльна для опэры дадатковыя новыя фрагмэнты тэксту... Цяпер Беларуская тэлерадыёкампанія ажыцьцяўляе фондавы запіс “Фаўста” Радзівіла... Упершыню гэты твор прагучыць на беларускай мове...”
XS
SM
MD
LG