Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці наведае выставу “MILEX-2007” прэзыдэнт Ірану?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску адчыняецца міжнародная выстава ўзбраеньняў і вайсковай тэхнікі “MILEX-2007”. У ёй возьмуць удзел 129 прадпрыемстваў. Сярод краін-удзельніц – Расея, Украіна, Швэцыя.

Найбольшую частку экспазыцыі зоймуць беларускія вытворцы: “БелТэхЭкспарт”, “140-ы рамонтны завод”, “Агат” ды шэраг іншых.

Сёлета павялічаны экспазыцыйныя плошчы выставы – да 1500 квадратных мэтраў зачыненай і 3000 квадратных мэтраў адчыненай экспазыцыі.

На выставе прэзэнтуюцца найноўшыя беларускія распрацоўкі ў галіне мадэрнізацыі ўзбраеньняў і вайсковай тэхнікі. Частка экспанатаў будзе прэзэнтавана ў дзеяньні.

Арганізатарам расейскай экспазыцыі, адной з самых вялікіх на выставе, ёсьць “Рособоронэкспорт”. Расея прэзэнтуе дэлегацыям з 43 краін, якія запрошаны на выставу, практычна ўсю сваю самую сучасную зброю.

Пацьвердзілі свой намер прыбыць на выставу міністры абароны Судану, Вэнэсуэлы, Казахстану, Таджыкістану і Туркмэніі.

Ці наведае выставу прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад, які знаходзіцца ў Менску з афіцыйным візытам, пакуль невядома. Праграма яго візыту трымаецца ў сакрэце.
XS
SM
MD
LG