Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 траўня – Міжнародны дзень біялягічнай разнастайнасьці


Севярын Квяткоўскі, Менск Сёлета – пятнаццатая гадавіна ад часу, калі больш за 150 краінаў сьвету ў бразыльскім Рыё-дэ-Жанэйра падпісалі пагадненьне аб захаваньні відаў жывёлін і расьлінаў, якім пагражае зьнікненьне. Праз год – у 1993 годзе – беларускі парлямэнт ратыфікаваў пагадненьне. Якія праблемы сёньня існуюць у сфэры аховы навакольнага асяродзьдзя?

Юрыст-эколяг Рыгор Фёдараў мяркуе, што ахова прыроды ў сучаснай Беларусі мае больш дэклярацыйны характар, чым практычны:

“Напрыклад, у 1996 годзе Прыпяцкі запаведнік раптоўна быў ператвораны ў Нацыянальны парк. Гэта значыць, зьнізіўся ахоўны статус. Потым пачаліся вялікія праблемы вакол гаспадарчай дзейнасьці ў Белавескай пушчы, якая таксама ёсьць нацыянальным паркам. Рэкляма паркету ды іншых вырабаў з драўніны гаспадаркі Ляскавічы каля Прыпяцкага нацыянальнага парку выклікае шмат пытаньняў – адкуль сыравіна?”

Рыгор Фёдараў бачыць паляпшэньне эфэктыўнасьці інстытуту аховы прыроды ў далучэньні да працы так званага трэцяга сэктару:

“Трэба было б даць магчымасьць грамадзкім аб’яднаньням хоць бы прадстаўляць людзей для зацьверджаньня ў органы Міністэрства прыродных рэсурсаў, і каб гэтыя людзі былі адказныя перад сваімі грамадзкімі аб’яднаньнямі. А потым аб’яднаньне можа быць адказнае перад міністэрствам. Можа, у такой форме гэты інстытут працаваў бы лепш”.

Прадстаўнік грамадзкай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Руслан Шайкін прыводзіць прыклад камунікаваньня з прадстаўнікамі ўладаў – у пасёлку Мачулішчы, што пад Менскам.

Там існуе невялікі барок, дзе гнязьдзяцца рэдкія птушкі – сокалы-пустэльгі. У плянах мясцовых уладаў была пабудова на месцы барка шэрагу сацыяльных аб’ектаў. Руслан Шайкін зьвярнуўся да ўладаў розных узроўняў – ад мясцовай да абласной – з прапановай стварыць адмысловы заказьнік:

“Раней там існаваў заказьнік, але, магчыма, зыходзячы зь неабходнасьці пашырэньня пасёлку, заказьнік быў ліквідаваны. Папуляцыя калёніі сокала-пустальгі ў абгрунтаваньнях чамусьці не ўлічваецца. Наколькі нам удасца рэабілітаваць гэтую тэрыторыю і захаваць гэты від, пакажа час. Сёньня існуюць пэўны праблемы”.

Старшыня Мачулішчынскага пасялковага савету Аляксандар Казлоў у поглядзе на праблему трымаецца сярэдзіны:

“Заказьнік рабіцца ня будзе. Гэты бор будзе перададзены ў лесапаркавую гаспадарку Менскага раёну. Але аніякае будаўніцтва весьціся ня будзе. Толькі пасадкі будуць рабіцца. Мы ж ня хочам губляць сэртыфікат, які мы атрымалі – “Залатая птушка”. За экалягічна чыстую зону”.

Мае суразмоўцы-эколягі мяркуюць, што толькі зьмены ў сьвядомасьці грамадзтва могуць па-сапраўднаму выратаваць біялягічную разнастайнасьць Беларусі.

• Гісторыя Дня біялягічнай разнастайнасьці
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG