Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нясьвіжы вырашаецца лёс плябаніі


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Нясьвіжы будзе вырашацца лёс плябаніі – будынку XVIII стагодзьдзя. Канфліктуюць з-за гэтага будынку мясцовыя ўлады й каталіцкая парафія. Спрэчкі чыноўнікаў зь вернікамі за культавыя памяшканьні доўжацца і ў іншых рэгіёнах Беларусі.

Дом ксяндза выставяць на аўкцыён?

У Нясьвіжы канфлікт справакаваў райвыканкам. Ён вырашыў выставіць на продаж старасьвецкі будынак плябаніі, дзе каля трохсот гадоў жылі мясцовыя ксяндзы.

“Гэты будынак да 1939 году й належаў каталіцкай парафіі, але пасьля таго, як прыйшла савецкая ўлада, яго адабралі, – расказвае парафіянін Дзяніс Каўшар. – І там да 2004 году была друкарня. Рэдакцыя перабралася ў іншае памяшканьне, а гэты будынак два гады пустуе. Канфліктная сытуацыя ўзьнікла з-за таго, што вернікам каталіцкай парафіі касьцёлу Божага цела абяцалі аддаць будынак плябаніі яшчэ ў 2005 годзе. Але новая ўлада паставіла пытаньне па-іншаму і выставіла будынак плябаніі на аўкцыён”.

Сёньня, як паведаміў Дзяніс Каўшар, кіраўніцтва райвыканкаму паўторна разгледзіць пытаньне аб лёсе будынку.

У Горадні няма ніякіх зрухаў

У Горадні мясцовыя парафіяне летась у сьнежні праводзілі галадоўку пратэсту, патрабуючы ад уладаў дазволу на будаўніцтва касьцёлу. Кіраўніцтва аблвыканкаму паабяцала задаволіць патрабаваньне ўдзельнікаў акцыі. Ці стрымалі ўлады сваё слова?

“Прайшло паўгоду з часу апошняга ліста аблвыканкаму. Але нічога ня вырашана”, – сказаў нашаму радыё ксёндз Аляксандар Шэмет.

У Менску царква “Новае жыцьцё” ўсё яшчэ судзіцца

У Менску з чыноўнікамі ўжо доўгі час канфліктуюць з-за будынку вернікі пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё”. Пастар Вячаслаў Ганчарэнка:

“Уся справа завязана ў судох, – расказвае пастар Вячаслаў Ганчарэнка. – Ідзе судовы працэс паміж царквой “Новае жыцьцё” і Менгарвыканкамам. Мы чакаем. Таму што справа была прыпыненая. То бок мы чакаем наступнага запрашэньня, калі яны там высьветляць яшчэ нейкія моманты. Але вось ужо паўтара месяца нас нікуды не запрашаюць”.

Час ад часу спрэчкі вакол культавых будынкаў успыхваюць і ў іншых рэгіёнах Беларусі.

Праваабаронца Валянціна Трыгубовіч пракамэнтавала іх так:

“Справа выглядае дастаткова складана. Бо трэба, каб вярнулі ўсе былыя сакральныя будынкі вернікам той канфэсіі, якой яны належалі. Але ў краіне няма закону аб рэстытуцыі. Няма ніякага заканадаўчага акту, які б гэтае пытаньне рэгуляваў. Вось у гэтым праблема. І кожны раз аддаць ці не будынак – гэта прыватная воля таго ці іншага дзяржаўнага чыноўніка”.

• Нясьвіж: спрэчка за будынак XVIII стагодзьдзя, 01.05.2007 • Пратэстанты хочуць зьмяніць закон аб свабодзе сумленьня , 25.04.2007 • Працэс у справе царквы "Новае жыцьцё" адкладзены, 22.02.2007 • Гарадзенскім каталікам абяцалі дазвол на будаўніцтва касьцёлу, 06.12.2006
XS
SM
MD
LG