Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Dziennik”: “Дыктатар марыць пра нафтавыя палі Блізкага Ўсходу”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Вядучыя польскія мэдыі інфармуюць пра візыт у Беларусь іранскага прэзыдэнта. Газэты пішуць, што праз такія сустрэчы Аляксандар Лукашэнка “хоча паказаць, што ён не ізаляваны на міжнароднай арэне” і “паспрабаваць утрымаць аўтарытарную ўладу і без расейскай нафты”.

Штодзённая газэта “Dziennik” піша, што абодва прэзыдэнты – і Ірану, і Беларусі – “ня маюць прызнаньня ў сьвеце”, але “зьбіраюць сілы і хочуць рабіць разам бізнэс”.

“Беларускі дыктатар марыць пра нафтавыя палі Блізкага Ўсходу... Ён спадзяецца, што іранскі прэзыдэнт дапусьціць Беларусь да ўдзелу ў здабычы нафты ў раёне Пэрсыдзкай затокі, што дазволіла б перахітрыць нават Расею”, – адзначае газэта.

“Dziennik” піша, што, калі б ня грошы, якія “шырокай ракою” цякуць у Беларусь з Расеі, “рэжым у Менску ўжо даўно мусіў бы абвясьціць пра ўласнае банкруцтва”.

“Але гэта не перашкаджае Лукашэнку, які пастанавіў, што калі ніводная цывілізаваная краіна ня хоча зь ім размаўляць, дык ён нойдзе сабе суразмоўцу сам. І знайшоў Іран”, – піша газэта.

Паводле штодзёньніка, найбольш важным будзе палітычны саюз двух кіраўнікоў, якія “вядомыя сваімі пагрозамі на адрас заходніх краінаў”, “перакананыя ў сваёй рацыі” і “аднолькава ненавідзяць ЗША”.

“Падпісваючы пагадненьне, яны, напэўна, змогуць сказаць: “Калі вы ня хочаце з намі размаўляць – мы самі дамо сабе рады”. Але ці сапраўды дадуць?”, – напісаў “Dziennik”.

Між тым “Gazeta Wyborcza” піша, што “Лукашэнка хоча паказаць, што ён не ізаляваны на міжнароднай арэне”, гэтаксама, як і Іран, бо “Менск шмат разоў выказваў падтрымку ядзернай праграме Тэгерану”.
XS
SM
MD
LG