Лінкі ўнівэрсальнага доступу

51 год паўстаньню ў Нарыльскім ГУЛАГу: сьведчаньні ўдзельніка


Віталь Сямашка, Шаркаўшчына Гэтымі днямі 51 год назад быў разгар найбольшага – на 70 тысяч удзельнікаў – паўстаньня палітычных зьняволеных у Нарыльскім ГУЛАГу. Яно адначасова адбывалася ў дзясятках сталінскіх лягераў і доўжылася паўтара месяца. У паўстаньні брала ўдзел да пяці тысяч беларусаў. Адным з кіраўнікоў штабу паўстанцаў быў наш суайчыньнік Кастусь Козак. 82-гадовы пэнсіянэр гэтымі днямі ўпершыню за дзесяцігодзьдзі публічна загаварыў пра тагачасныя падзеі. Кастусь Козак жыве ў Шаркаўшчыне. Там пабываў наш карэспандэнт.

"Ворагам народу” Кастусь Козак стаў праз чатыры гады пасьля 1945-га. Датуль – з 1942-га да 1944-га – выкладаў беларускую мову ў школах акупаванай Шаркаўшчыны. Разам з батальёнам Арміі Краёвай перайшоў у Польшчу, дзе трапіў ў Дальвіцкую школу абвэру, якая рыхтавала дывэрсантаў для барацьбы з партызанамі. У мястэчку Чырвона Лодзь, так і ня браўшы ўдзелу ў баявых дзеяньнях, сустрэў заканчэньне вайны.

“Адтуль мяне і забралі, – расказвае Кастусь Козак. – Увечары прыйшоў, сьвятло ўключаю – а мяне цап за руку! Польская разьведка. Завезьлі ў Варшаву, сядзеў у карцэры месяцы чатыры. Лупілі мяне здорава – адзін лупіў, другі вадой адліваў. Дазнаваліся, хто такі. А ў іх быў сьпіс гэтага Дальвіца. Быў прысуд, прачыталі – 25 гадоў зьняволеньня і яшчэ пяць паражэньня ў правах. Трыбунал нічога не запытаўся ў мяне. Кажу: “Выдайце прысуд хоць на папяроснай паперы”. “Хопіць табе без паперы!” Калі рэабілітавалі – аказалася, 10 год...”

Пасьля год адпакутаваў у сібірскіх перасыльных турмах ды шэсьць з паловай – на працы ў вугальных шахтах ды медна-нікелевых рудніках Нарыльшчыны. Там Козак стаў чальцом штабу паўстаньня.

“Дух такі быў – амаль усе невінаватыя людзі сядзяць! – ізноў успамінае ён. – Нам, арганізатарам, трэба было павесьці. У кожным лягеры наша каманда. А якое паўстаньне? Павесілі чорныя сьцягі і не пайшлі на працу. Дамовіліся не забіваць ахову, інакш бы нас там не засталося – вакол “чырвонапагоньнікі”. Паўтара месяца ня ведалі, што рабіць. Войскамі рэзалі-дзялілі, вывозілі ў тундру. Мы выклікалі на перамовы маскоўскі ЦК. Прыяжджалі, тады самі іх зрывалі. А ў нас трымаліся да канца. Заразіліся па Саюзе ў іншых лягерах...”

Камэнтуе вядомы дасьледчык эпохі сталінізму, кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў:

“У пасьляваенны пэрыяд у ГУЛАГу было зафіксавана некалькі буйных паўстаньняў – такіх не здаралася ў 1937 – 1938 гадах. У сьвядомасьць людзей, што прайшлі вайну, былі на часова акупаванай тэрыторыі альбо абвінавачаных у нацыяналізьме, унесены быў струмень арганізаванасьці. Гэта прымусіла задумацца, напалохацца ня толькі лягернае кіраўніцтва. Інфармацыя адразу ішла ў Палітбюро ЦК ВКП(б). Гэта быў вельмі сур’ёзны сыгнал, што трэба тэрмінова рабіць захады. Гэта адзін зь першых выпадкаў, калі не было наступстваў – звычайна вынішчаліся ўсе без суду і сьледзтва...”

Менавіта пасьля Нарыльскага паўстаньня пачаўся масавы перагляд справаў асуджаных па сумна вядомым 58 артыкуле. У тым ліку і перагляд справы нашага героя.

“Сэнс у паўстаньні быў о-го які! – згадвае Кастусь Козак. – Што здабылі? Тое, што нам павінны плаціць грошы, каб маглі прадукты купіць у шапіках. Прыедуць, паклічуць: “А ты добра рабіў, нічога не зрабіў – мы цябе вызваляем”. Перагляд пайшоў, пайшоў і пайшоў...”
XS
SM
MD
LG