Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Анонс падзеяў: аўторак, 22 траўня


Радыё Свабода

На сёньняшні дзень Павал Севярынец выкліканы ў Наваполацкі гарадзкі суд. Адбудзецца разгляд рашэньня атэстацыйнай камісіі спэцкамэндатуры аб умоўна-датэрміновым вызваленьні вязьня. Павал Севярынец адбывае пакараньне абмежаваньнем волі ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну.

“У суботу ён яшчэ быў дома ў кароткачасовым адпачынку, – расказвае маці палітыка Тацяна Севярынец. – Патэлефанавалі са спэцкамэндатуры, каб вярнуўся раней. Павал пачаў казаць, што “маўляў, не магу, мушу рэчы сабраць, прадукты купіць...” А начальнік яму даводзіць: “Харчы не спатрэбяцца”. Відавочна, што ўлады сьпяшаюцца выканаць нейкія абавязкі...”

* * * Сёньня ў Горадні адбудзецца акцыя з удзелам вядомых музыкаў, якія пратэстуюць супраць разбурэньня ў горадзе помнікаў гісторыі й культуры.

“Першым выступіць бард Віктар Шалкевіч. Імпрэза будзе адбывацца ў памяшканьні Таварыства беларускай школы. На гэтай творчай сустрэчы кожны ўдзельнік зможа задаць пытаньні. Таксама пытаньні будуць тычыцца стаўленьня творчай інтэлігенцыі Горадні да разбурэньня гістарычнай часткі гораду”, – расказаў нашаму радыё сябра ініцыятыўнай групы для правядзеньня рэфэрэндуму ў Горадні Павал Мажэйка.

* * * Сёньня фізыкі краіны згадаюць пра першы ў Беларусі атамны рэактар, які быў пушчаны ў пасёлку Сосны пад Менскам 45 гадоў таму. Цяпер устаноўка спыненая.

Прафэсар Станіслаў Шушкевіч кажа: “Прэзыдэнт Лукашэнка эканоміць на навуцы, каб пабудаваць атамную станцыю. Дасьледаваньні спыненыя. І навука гэтая, так бы мовіць, забуксавала. Таму гэта добры ўспамін, што былі добрыя намеры”.

* * * Сёньня ў Расеі пачынаецца кінафэстываль “Залаты Віцязь”, у якім бярэ ўдзел і дэлегацыя “Беларусьфільму”. Згадвае пра падзею рэжысэр Юры Хашчавацкі. Роўна 10 гадоў таму ён адмовіўся дэманстраваць фільм “Аазіс”, уключаны ў праграму кінафэстывалю без дазволу рэжысэра.

“Я ім тады прапанаваў стужку “Звычайны прэзыдэнт”. Адмовіліся. Цяпер, калі яны працягваюць штурхаць наперад гэтую рускую ідэю – “мочить в сортире”, то, як мне падаецца, людзі з розумам будуць асьцерагацца гэтага фэстывалю”, – гаворыць Юры Хашчавацкі.
XS
SM
MD
LG