Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі мастацкага праекту “З табурэтам” рухаюцца празь Беларусь


Севярын Квяткоўскі, Менск Трое маладых украінскіх актораў ладзяць апошнюю з чатырох заплянаваных вандровак у межах праекту “З табурэтам”. Акторы вандруюць ад гораду да гораду, ад вёскі да вёскі, дзе спантанна граюць спэктаклі. Сымбаль экспэдыцыі – звычайны драўляны табурэт, які выкарыстоўваецца ў часе спэктаклю як міні-дэкарацыя. Штораз па заканчэньні выправы драўлянае прылада застаецца ў якасьці помніку ў фінальнай кропцы маршруту. Мэта гэтай некамэрцыйнай акцыі – наўпроставая неафіцыйная камунікацыя з насельнікамі розных краінаў з дапамогай мастацкага дзеяньня. Пасьля вандроўкі празь Кітай і Тыбэт да Індыйскага акіяну “З Табурэтам” рушаць да выспы Шпіцбэрген. Адмысловасьць сёлетняй выправы ў тым, што дакумэнтальны фільм паводле вандроўкі будзе прысьвечаны менавіта Беларусі.

Адкрытая пляцоўка адной зь Менскіх кавярняў, назва спэктаклю – “Куратнік”. Ініцыятар праекту Леанід Кантэр адкрывае імпрэзу па-беларуску. Нефармальная атмасфэра. Хтосьці з прысутных дазнаўся пра візыт “З табурэтам” зь інтэрнэту, хтосьці з гледачоў – выпадковы мінак. Дзея доўжыцца нядоўга – каля 10 хвілінаў. Практычна без словаў, акторы жывуць нібы ў курасадні, якую адмыслова пазначаюць крэйдай на падлозе, і за якую амаль не выходзяць. “Мы ўсе з аднаго куратніку”, – дазнаецца напрыканцы дзеі глядач.

З прасторы кавярні акторы вырушылі на праспэкт Незалежнасьці, дзе сыгралі спэктакль проста побач з помнікам Дзяржынскаму. Перад пачаткам Леанід Кантэр тлумачыў паўжартам-паўсур’ёзна:

Кантэр: “Нам весела, гэта дае нам дадатковы адрэналін. Але мы разумеем, што гэта правакацыя, і што яна хутчэй за ўсё прывядзе да таго, што гэтую імпрэзу спыняць. Мяркую, гэта будзе правільна”.

Пакуль адбывалася дзея, прыбылі больш за дзесяць міліцэйскіх спэцназаўцаў. За няпоўных дзесяць хвілін акторы сабралі вялікі натоўп, людзі радаваліся і пляскалі ў далоні.

Пасьля міліцыянты заявілі, што акторы мусяць мець дазвол, каб выступаць на менскіх вуліцах:

Міліцыянт: “Калі ласка, пакажыце мне вашу акрэдытацыю, вашы дакумэнты”.

Кантэр: “У нас вулічны тэатар, мы па ўсім сьвеце граем вулічныя спэктаклі. Камэра ў нас не прафэсійная, на мытні нам сказалі, што няма неабходнасьці на кожным аб’екце браць дазвол. Бо турыстычная здымка дазволеная паўсюль, апроч спэцыяльных аб’ектаў”.

Міліцыянт: “Гэта спэцыяльны аб’ект”.

Украінскіх актораў і дзьвюх дзяўчат – студэнтак-журналістак – затрымалі, завезьлі ў пастарунак, але празь некаторы час адпусьцілі.

Леанід Кантэр – пра экспэдыцыю:

“З аднаго боку ёсьць экспэдыцыя, якая рухаецца ў іншыя краіны, зь іншага боку ёсьць тое, што мы прыўносім з тых краінаў дадому. Мы зьбіраемся зрабіць кніжку з тых штодзёньнікаў, што мы пішам”.

Цяпер мастацкая экспэдыцыя “З табурэтам” рушыць па вёсках Заходняй Беларусі ад Ліды ў бок літоўскай мяжы.

Удзельнікі мастацкага праекту “З табурэтам” у Менску, Леанід Кантэр
Леанід Кантэр разам з табурэтам

Удзельнікі мастацкага праекту “З табурэтам” у Менску
Выпадковыя мінакі бяруць удзел у спэктаклі

Удзельнікі мастацкага праекту “З табурэтам” у Менску
Цьверджаньні амонаўцаў пра незаконнасьць вулічнай імпрэзы пазьней абвергне міліцэйскае начальства

Болей пра праект “З табурэтам”
XS
SM
MD
LG