Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 вынаходніцтваў, якія зьмянілі нашае жыцьцё


Валер Каліноўскі, Менск Амэрыканская газэта “USA Today” --> http://www.usatoday.com/news/top25-inventions.htm апублікавала сьпіс 25 вынаходніцтваў, якія за апошнія 25 гадоў кардынальна памянялі жыцьцё звычайных людзей у ЗША дый ва ўсім сьвеце.

Што ў першай пяцёрцы тэхналягічных вынаходніцтваў для шараговых спажыўцоў? Пад першым нумарам стаіць мабільны тэлефон, даступны цяпер практычна кожнаму.

Першы мабільны тэлефон быў выпушчаны ў 1983 годзе фірмай “Motorola”, ён важыў каля 1 кіляграма і каштаваў 4 тысячы даляраў. У Беларусь мабільныя тэлефоны прыйшлі ў сярэдзіне дзевяностых, кепска працавалі, важылі з паўкіляграма і каштавалі таксама некалькі тысяч даляраў.

Далей у сьпісе йдзе ноўтбук, які таксама зьявіўся ў 1983 годзе і важыў як швэйная машынка – 12 кіляграмаў. Ноўтбук фірмы “Compaq Computer” каштаваў тады 3 тысячы даляраў. Цяпер у ЗША можна купіць школьныя ноўтбукі за 100 даляраў. За крыху большыя грошы даступныя кішэнныя пэрсанальныя кампутары, камунікатары ці смартфоны, якія спалучаюць у сабе функцыі тэлефона, фотаапарата, магнітафона і іншых лічбавых прыстасаваньняў.

Рэвалюцыю ў фатаграфіі зрабілі лічбавыя фотаапараты, створаныя ўпершыню ў 1986 годзе фірмай “Kodak”, а лічбавыя відэадыскі DVD, якія зьявіліся ў 1995 годзе, прымусілі выкінуць на сьметнікі відэамагнітафоны. Сярод новых вынаходніцтваў – iPod, які дазваляе абыходзіцца і без DVD, каб праглядаць фільмы ў дарозе. Першыя iPod’ы былі прададзеныя ў 2001 годзе. Апошнім у сьпісе стаіць “караоке”, вынайдзенае яшчэ ў 1983 годзе, вельмі папулярнае і ў ЗША, і ў іншых краінах сьвету, у тым ліку і ў Беларусі.

Практычна ўсе названыя амэрыканскай газэтай вынаходніцтвы для звычайных людзей знайшлі сабе прымяненьне і ў Беларусі, за выключэньнем некаторых спэцыфічна амэрыканскіх рэаліяў. Напрыклад, электронная аплата дарожнага мыта – у Беларусі практычна няма платных дарог, а для амэрыканцаў вельмі зручна, калі ня трэба кожны раз на пункце аплаты спыняцца і кідаць манэты ў аўтамат.

Лічбавае тэлебачаньне таксама пакуль у Беларусі не прыжылося, у Амэрыцы на яго падпісалася больш за 4 мільёны чалавек. Няма ў Беларусі аналяга Доплераўскага лякатара, які трансьлюе прагнозы надвор’я ў рэжыме рэальнага часу.

Папкорн для хатніх мікрахвалевых печаў таксама не знайшоў у Беларусі вялікай папулярнасьці, як і аўтазапраўкі самаабслугоўваньня.
XS
SM
MD
LG