Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: актывісту прысудзілі 62 тысячы штрафу


Радыё Свабода Судзьдзя Першамайскага райсуду Валянціна Кісьмярошкіна прызнала прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча вінаватым у дробным хуліганстве.

Судзьдзя аштрафавала яго на дзьве базавыя велічыні — за тое, што ён нібыта лаяўся на міліцыянтаў, якія затрымлівалі яго 23 сакавіка.

Судовы працэс над Сяргеем Парсюкевічам працягваўся амаль два месяцы, бо паказаньні сьведкаў кардынальна разыходзіліся. Нехта зь міліцыянтаў сьведчыў, што спадар Парсюкевіч лаяўся, калі яго затрымлівалі ў гандлёвым доме “Кантынэнт”, дзе ён распаўсюджваў бюлетэнь “Мы і рынак”.

Іншыя казалі, што прадпрымальнік брыдкасловіў у машыне, а хтось настойваў на тым, што чуў нецэнзурную лаянку ў пастарунку.

Сяргей Парсюкевіч сам нядаўна звольніўся зь міліцыі, даслужыўшыся да званьня маёра, і таму імкнуўся давесьці суду, што ведае, як нельга павозіць сябе ў часе затрыманьня.

Каб апытаць сьведкаў-прадпрымальнікаў, судзьдзя зладзіла выязное паседжаньне ў гандлёвым цэнтры “Кантынэнт”. І хаця калегі абверглі тое, што Сяргей Парсюкевіч паводзіў сябе па-хуліганску, спадарыня Кісьмярошкіна прызнала віцебскага актывіста вінаватым.

Судовую пастанову Сяргей Парсюкевіч зьбіраецца абскардзіць, бо лічыць абвінавачаньне беспадстаўным. На ягоную думку, яго знарок затрымалі напярэдадні 25 сакавіка, бо ён зьбіраўся паехаць у Менск адзначаць Дзень Волі.

Сяргей Парсюкевіч
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG