Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статус дэлегатаў зь VIP-пэрсонаў атрымаюць толькі палітвязьні


Уладзімер Глод, Менск Гэтак вырашыла сёньня ўвечары Палітычная рада аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

Разам у сьпісе патэнцыйных дэлегатаў зь ліку VIP-пэрсонаў было 273 прозьвішчы. Зь іх 28 палітычных вязьняў, 55 дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, якія ў 1996 годзе паставілі подпісы за імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і 190 іншых вядомых асобаў.

Выявіліся дзьве пазыцыі — так, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што ў сьпіс павінны ўвайсьці толькі сапраўды вядомыя ўсёй Беларусі асобы (прыкладам, Ніл Гілевіч, Васіль Старавойтаў ці Радзім Гарэцкі). А сьпіс больш чым на дзьвесьце асобаў, на ягоную думку, толькі дыскрэдытуе саму ідэю:

“Пры ўсёй павазе да людзей, якія ўваходзяць у агульны сьпіс, ён нагадвае сьпіс зь некалькіх сьпісаў. Ёсьць сьпіс, у які ўваходзяць, так бы мовіць, добрыя людзі, добрыя прафэсіяналы — лекар, настаўнік і г.д. Але калі мы гаворым пра VIP-пэрсонаў нацыянальнага ўзроўню, дык гэта павінна быць сапраўды асоба. І калі мы называем пэўнае прозьвішча, дык павінна быць поўнае ўяўленьне, хто гэта такі.

А вось агучваюць сьпіс, які пададзены Беларускай радай інтэлігенцыі. І на палове прозьвішчаў дзьве траціны сяброў Рады паціскаюць плячыма. Ну, як параўнаць Ніла Гілевіча ці Генадзя Бураўкіна зь нейкім добрым чалавекам зь нейкага рэгіёну?!”

У старшыні Палітычнай рады Аляксандра Мілінкевіча іншая думка. Калі не разбавіць дэлегатаў кангрэсу вядомымі людзьмі, дык ён ператворыцца ў Кангрэс выключна партыйных сілаў:

“На папярэднім кангрэсе больш за палову людзей у залі былі непартыйныя: журналісты, пісьменьнікі, актывісты грамадзкіх арганізацыяў. І гэта надавала яму права называцца Кангрэсам дэмакратычных сілаў.

А сёньня кангрэс ператвараецца ў Кангрэс партыйных сілаў. Я вельмі паважаю партыйных актывістаў, але ж гэта толькі маленькая частка дэмсілаў. І калі не далучаюць да форуму пісьменьнікаў, прысутнасьць якіх у залі — гэта ж гонар для самога кангрэсу, пра што тады казаць? Сумна гэта, нават вельмі сорамна.

Гэта яшчэ адно сьведчаньне, што атрымліваецца такая кулюарная тусоўка. У гета самі сябе запіхваем”.

Усе спрэчкі спыніла сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган. Яна паведаміла, што кіраўніцтва яе партыі сёньня вырашыла: статус дэлегатаў кангрэсу з VIP-пэрсонаў могуць мець толькі палітвязьні. Усе астатнія значныя людзі — толькі госьці. За гэта ёй і даручана галасаваць. З прапановай камуністаў пагадзіліся ўсе астатнія сябры Палітрады.

Такім чынам, да 863 дэлегатаў кангрэсу, якія абраныя на сёньняшні дзень, далучацца яшчэ і палітвязьні. Сярод іх, у прыватнасьці, Міхаіл Марыніч, Вячаслаў Сіўчык, Аляксей Шыдлоўскі, Васіль Лявонаў ды іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG