Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ф.Аксёнцаў: “Я ня здолеў захаваць унутраную свабоду, таму і зьехаў”


Аляксей Знаткевіч, Прага "Іржавыя дні" – зь першага альбому гурту "Ўліс" "Чужаніца", які быў запісаны яшчэ ў 1989 годзе. Тэксты першых трох альбомаў "Улісу" напісаў Фэлікс Аксёнцаў – сёньняшні госьць “Начной Свабоды”.

"Іржавыя дні":



Знаткевіч: “Калі вы пачыналі працаваць з "Улісам", калі вы пісалі гэтыя тэксты, вы рабілі іх адразу з думкай пра нейкую песьню, мэлёдыю, рытм – ці яны ствараліся асобна, першасна?”

Аксёнцаў: “Усе песьні пачыналіся з музычных тэмаў, па большасьці – Славіных тэмаў, таму што музыка – мастацтва, увогуле, больш абстрактнае за паэзію, і гэта быў вельмі натуральны шлях – пачынаць песьні з мэлёдый”.

Знаткевіч: “То бок, вы спачатку слухалі нейкую музычную тэму, і пасьля на яе ўжо рабілі свой тэкст?”

Аксёнцаў: “Гэта было крыху больш складана, таму што спачатку зьяўляліся тэмы, якія абмяркоўваліся, а потым прапаноўваліся тыя і іншыя вобразы для песень, і калі была нейкая згода, нейкае агульнае пачуцьцё, што так, гэта ідзе менавіта ў гэтым накірунку, тады ўжо рабіўся тэкст”.

Знаткевіч: “А гэтыя ідэі для тэкстаў генэравалі ў асноўным вы – ці музыкі таксама?”

Аксёнцаў: “Некаторыя зь ідэяў былі нашымі агульнымі ідэямі, некаторыя былі асабіста маімі, гэта было па-рознаму, залежыць ад песьні”.

“Галоўнае, чаму некаторыя песьні не былі запісаныя – гэта грошы і час”

Знаткевіч: “На першым альбоме, які выпусьціла яшчэ савецкая фірма грамзапісу "Мэлёдыя", там ёсьць дастаткова – па тых часах, дый цяпер – жорсткія крытычныя тэксты, такія як "Калі імпэрыя зьнікне", "Гестапа" ці "Іржавыя дні"... Калі "Мэлёдыя" гэта выпускала – не было ніякіх праблемаў, ці беларуская мова неяк ратавала?”

Аксёнцаў: “Як ні дзіўна, такіх вялікіх праблемаў з гэтымі тэкстамі не было. Я думаю, што яны былі ня цалкам зразумелыя для людзей у Маскве”.

Знаткевіч: “Сярод вашых песьняў ёсьць некаторыя, якіх цяпер няма ў добрым запісе. Напрыклад, "Пан Руст" захавалася толькі ў канцэртным запісе, ці нядаўна ў інтэрнэце абмяркоўваліся тыя тэксты, якія не захаваліся нават у канцэртным запісе, там былі такія радкі "Камяні паляцелі ў наш бок", і далей пра Прагу, пра Кабул... Гэтыя песьні не былі запісаныя таму, што песьня не ўдалася – ці быў нейкі момант палітычнай цэнзуры?”

Аксёнцаў: “Ведаеце, галоўнае, чаму гэтыя песьні не былі запісаныя – гэта грошы і той час, які хлопцы мелі ў студыі. Я думаю, што мы з задавальненьнем запісалі б усе песьні, якія ўваходзілі тады ў канцэртныя праграмы "Ўліса". Тэкст песьні, пра які вы казалі – гэта песьня "Будапэшт – Прага – Кабул", гэта, можа, адзіная песьня, якая не захавалася ўвогуле з матэрыялу 1989 г. Мне было прыемна ўзнавіць, узгадаць гэты тэкст разам са Славам. Наконт "Пан Руст" – існуе нарыс да гэтай песьні, які запісаны падчас сэсіі да "Краіны доўгай белай хмары" з альтэрнатыўным варыянтам тэкста, але я ня думаю, што гэты нарыс існуе ў той форме, у якой яго можна распаўсюджваць”.

“У творчасьці бессэнсоўна нешта дакладна плянаваць”

Знаткевіч: “Нядаўна нашым госьцем быў лідэр "Улісу" Вячаслаў Корань – наколькі часта вы падтрымліваеце зь ім кантакт і ці плянуеце нейкую супольную працу?”

Аксёнцаў: “Я тэлефанаваў яму тыдзень таму. Што тычыцца супольнай працы – ведаеце, у творчасьці бессэнсоўна нешта дакладна плянаваць. Калі атрымаюцца калі-небудзь новыя песьні – я буду проста ўдзячны лёсу. А калі не – атрымаецца нешта іншае. Я пляную жыць”.

Знаткевіч: “Які верш зь беларускай літаратуры вам найбольш не падабаецца?”

Аксёнцаў: “Ведаеце, я крыху падрыхтаваўся да гэтага пытаньня... Звычайна людзі прыгадваюць нешта са школы, але першае месца я сёньня аддаю вершу, які я зусім нядаўна прачытаў – гэта верш з кніжкі "Патрыятычнае выхаваньне моладзі", якая была выдадзеная ў Магілёве ў гэтым годзе...”

Знаткевіч: “Вы знайшлі яго ў інтэрнэце?”

Аксёнцаў: “Так. Ён называецца "Беларусь мая сінявокая":

“Ільнаводчаскае зьвяно, што ў калгасе "Наша перамога", у спаборніцтве першае месца заняло, няма тут незвычайнага нічога.

Узначальвала яго неаднаразова на працягу некалькіх гадоў Вера Васільеўна Буякова – герой працы, атрымала падзяку ізноў”.


Савецкая прапаганда тут адпачывае папросту”.

Знаткевіч: “Я спачатку не паверыў, што гэта ня сьцёб, бо зараз шмат такіх падобных парадыйных вершаў зьяўляецца, але потым у інтэрнэце падалі выходныя дадзеныя, што сапраўды ў Магілёве нейкі рэальны выкладчык нейкага з Магілёўскіх унівэрсытэтаў выдаў гэту кніжку... На вашую думку – ці варта ўвогуле прымушаць дзяцей у школе вучыць напамяць вершы?”

Аксёнцаў: “Я думаю, што так, таму што, ведаеце, гук мовы, словы – гэта адкладаецца на ўсё жыцьцё, і нават калі дзецям гэта не падабаецца спачатку, гэта можа быць вельмі карысным потым. Увогуле, я вельмі добра стаўлюся да клясычнай адукацыі, калі людзі вучылі лаціну, ведалі некалькі замежных моваў, ведалі напамяць клясычную паэзію, паэзію зь іншых культур – я думаю, гэта карысна”.

Знаткевіч: “А вы хацелі б, каб вашыя вершы некалі вучылі ў школе?”

Аксёнцаў: “Ведаеце, гэта такое нечаканае пытаньне... Гэта неістотна, таму што вершы – як дыхаецца, так і пішацца, і ня так істотна, ці шмат людзей іх чытаюць, любяць... Ня ведаю”.

“Мне было вельмі цяжка жыць у Менску...”

Знаткевіч: “Давайце крыху пра іншае – чаму вы вырашылі зьехаць, і чаму менавіта ў Канаду?”

Аксёнцаў: “Я зьехаў, каб быць свабодным. Ведаеце, трэба быць вельмі моцным чалавекам, каб захаваць унутраную свабоду ва ўмовах зьнешняй несвабоды і зьнешняга ціску. Я ня здолеў, таму і зьехаў. Мне было вельмі цяжка жыць у Менску... А чаму Канада? Перш за ўсё, добры сябра жыў у Ванкувэры, а па-другое – успаміны дзяцінства пра хакейныя матчы між савецкімі і канадзкімі хакеістамі... Усё гэта неяк паўплывала”.

Знаткевіч: “А вы за каго тады заўзелі?”

Аксёнцаў: “Калі мы гулялі ў хакей у дварах, мы заўжды неяк разьбіваліся на дзьве каманды, на савецкую і канадзкую. Так атрымлівалася, што я чамусьці ўвесь час трапляў у канадзкую каманду, і мяне тады звалі Філ, таму што быў такі хакеіст Філ Эспазіта... Ну і вось зь 10 год я заўзеў за канадцаў супраць савецкай зборнай”.

“Я ня вельмі палітычны чалавек”

Знаткевіч: “Калі параўнаць вашае жыцьцё ў Менску і вашае цяперашняе жыцьцё ў Ванкувэры – якое найбольшае адрозьненьне?”

Аксёнцаў: “Зьнешняя свабода. Адсутнасьць зьнешняга ціску. Касмапалітычнасьць гораду”.

Знаткевіч: “Жывучы ў канадзкім Ванкувэры – наколькі часта і пільна вы сочыце за падзеямі ў Беларусі?”

Аксёнцаў: “Увогуле, я ня вельмі палітычны чалавек, але магу сказаць, што час ад часу чытаю навіны і падтрымліваю перш за ўсё сувязі з тымі людзьмі, якія мне дарагія, гэта неяк больш істотна для мяне, чым палітыка”.

Знаткевіч: “Калі вярнуцца да творчасьці – наколькі супадае вашае ўласнае разуменьне вашых тэкстаў і іх разуменьне большасьцю слухачоў старога "Ўлісу"? Напрыклад, у песьні "Радыё Свабода" відавочная спасылка на тэкст Оруэла “1984” – "Там, дзе няма цемнаты". Калі гэта так успрымаць, то тэкст адразу робіцца такі змрочны, а калі ня ведаць – то можна думаць, што гэта аптымістычная, пазытыўна-плякатная песьня...”

Аксёнцаў: “Ведаеце, гэтыя радкі з Оруэла заўжды выклікалі ў мяне нейкі сум, і заўжды, калі я чытаў гэта, мне хацелася перапісаць гэтую гісторыю, зрабіць яе сьвятлейшай, таму тут ёсьць яшчэ нейкі іншы пласт – гэта ня проста цытата з Оруэла, гэта спроба знайсьці сьвятло там, дзе герой Оруэла знайшоў толькі турму.

Я хацеў бы пад канец сказаць некалькі словаў. Перш за ўсё, выбачайце за маю ня дужа добрую беларускую мову, бо я фактычна не размаўляў на жывой беларускай 11 год, а ў жывым эфіры – яшчэ даўжэй. А па-другое, я тут даведаўся, што сёньня менскія слухачы "Ўліса" зьбіраюцца на вечарыну – я вітаю вас з Ванкувэру, я сапраўды шчасьлівы, што тыя песьні вам патрэбныя, і вітаю Славу Кораня, калі ён зараз слухае”.
XS
SM
MD
LG