Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аштрафавалі двух заяўнікаў “Чарнобыльскага шляху”


Любоў Лунёва, Менск Суд Савецкага раёну Менску аштрафаваў актывістку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валянціну Палевікову на 25 базавых велічыняў, а намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча — на 30.

Іх абвінавацілі ў тым, што дэманстранты падчас шэсьця 26 красавіка на некаторы час выходзілі на праезную частку вуліцы Сурганава. Заяўнікі віны не прызналі. У судзе яны заявілі, што міліцыянты правакавалі людзей на парушэньне грамадзкага парадку.

Справу Валянціны Палевіковай разглядала судзьдзя Людміла Савасьцян. Яна заслухала паказаньні сьведкаў і прагледзела разам з прысутнымі апэратыўную відэастужку, зробленую падчас “Чарнобыльскага шляху”.

Валянціна Палевікова ішла ў канцы калёны дэманстрантаў, згодна з дамоўленасьцю паміж заяўнікамі і арганізатарамі акцыі. Яна ня трапіла на відэастужку.

Яе паплечнік Аляксандар Дабравольскі, які быў на судзе, прыгадаў, як раней апраўдалі Вячаслава Сіўчыка — толькі таму, што яго не было відаць на відэастужцы. Сьведкі з боку Валянціны Палевіковай давалі аднолькавыя паказаньні, а сьведкі з боку міліцыі супярэчылі адзін аднаму.

Нягледзячы на гэта, судзьдзя Людміла Савасьцян аштрафавала Валянціну Палевікову на 25 базавых велічыняў (гэта 775 000 рублёў, ці 370 даляраў).

Гаворыць Валянціна Палевікова:

“Мы зразумелі, што міліцыянты былі на акцыі не для таго, каб сачыць за парадкам, а для таго, каб фіксаваць нумары машын, якія там спыняліся, можа, стаялі на зялёнае сьвятло. Я заявіла, што вінаватай сябе не лічу, што калёна рухалася мірна, спакойна, ніякага парушэньня парадку не было”.

Калі зачытвалі прысуд Валянціне Палевіковай, у кабінэт насупраць да судзьдзі Аксаны Ралявы прывезьлі намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча.

Судзьдзя пагадзілася з абвінавачаньнямі міліцыянтаў — тыя казалі, што Аляксей як адзін з заяўнікаў “Чарнобыльскага шляху” мусіць адказваць за парушэньне грамадзкага парадку падчас правядзеньня акцыі, — менавіта за тое, што людзі на кароткі прамежак часу выйшлі на праезную частку.

Судзьдзя не зьвярнула ўвагі на тое, што праезная частка спачатку была перакрытая міліцэйскімі машынамі, і толькі пасьля гэтага людзі выйшлі туды на некалькі хвілінаў.

Аксана Ралява пакарала Аляксея Янукевіча штрафам на 30 базавых велічыняў (930 тысяч рублёў).

Аляксея Янукевіча затрымалі дома раніцай і завезьлі ў міліцыю Савецкага раёну, апавёў ён:

“Тое, што нас амаль празь месяц пасьля падзеі пачалі затрымліваць, думаю, гэта зьвязана са змаганьнем нейкіх груповак унутры кіроўных структураў, калі, магчыма, нейкая група спрабуе зладзіць дыялёг з Эўразьвязам, іншая — імкнецца гэты самы дыялёг сарваць”.

У судзьдзі Аксаны Ралявы знаходзіцца адміністрацыйная справа яшчэ аднаго заяўніка — Юрася Зянковіча. 17 траўня адбылося першае паседжаньне, а потым Юрась захварэў.

Міліцыянты шукаюць і чацьвертага заяўніка “Чарнобыльскага шляху” — Анатоля Сідарэвіча.

• Міліцыянты затрымалі Валянціну Палевікову, 17.05.2007 • Cуд над Юрасём Зяньковічам адбудзецца ў чацьвер, 16.05.2007
XS
SM
MD
LG