Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь для Ірану – больш сябар, чым партнэр”


Юры Дракахруст, Валер Каліноўскі, Прага Чым можна патлумачыць рэзкую актывізацыю палітычных і эканамічных кантактаў паміж Іранам і Беларусьсю? Ці дапусьціць Іран беларускія кампаніі да сваіх нафтавых радовішчаў? На гэтыя і іншыя пытаньні, зьвязаныя з сёньняшнім візытам у Беларусь Махмуда Ахмадзінэжада, мы папрасілі адказаць аналітыка іранскай службы нашага радыё Тумаджа Табаза.

Тумадж Табаз мяркуе, што Ірану не патрэбныя нейкія асаблівыя эканамічныя выгады ад супрацоўніцтва зь Беларусьсю.

Табаз: “Іран шукае сабе партнэраў паўсюль – гэта могуць быць Беларусь ці Вэнэсуэла, Кітай ці Расея. Іран хоча давесьці, што ён мае сяброў, што ён не самотны ў сьвеце. Цяпер любы партнэр у любой частцы сьвету важны для Ірану, таму што ён страціў сяброў і партнэраў, якія знаходзіліся па суседзтву, а таксама ў Эўропе і Амэрыцы. Для Ірану лепшым сябрам зьяўляецца той, хто мае такія самыя праблемы, як і ён. Для Ірану Расея зьяўляецца больш партнэрам, чым сябрам. А Вэнэсуэла – больш сябар чым партнэр, Беларусь таксама больш сябар, чым партнэр. Ірану патрэбныя сябры”.

5 траўня нацыянальная нафтавая кампанія Ірану зацьвердзіла праект распрацоўкі нафтавага радовішча Джуфэйр з удзелам беларускіх кампаній. Ці сапраўды Тэгеран адкрые доступ Беларусі да сваіх радовішчаў нафты, зробіць тое, у чым Беларусі адмаўляе яе бліжэйшы саюзьнік Расея? Гэта, дарэчы, было адной з галоўных тэмаў сёньняшніх перамоваў Лукашэнкі з Ахмадзінэжадам.

Паводле Тумаджа Табаза, пакуль не зразумела, якім чынам будзе разьвівацца беларуска-іранскае супрацоўніцтва ў нафтагазавай галіне.

Табаз: “Ці рэальна збудаваць нейкі нафтаправод зь Ірану ў Беларусь? Відаць, не. Тут, відаць, мова ідзе пра нейкія магчымасьці ў будучыні. Гэта ў большай ступені пляны, чым рэаліі. Рэалізацыя гэтых плянаў залежыць і ад таго, ці вырашацца ў Беларусі праблемы ў дачыненьнях з Расеяй у нафтавай галіне, таксама як і праблемы Ірану з той самай Расеяй у справе пабудовы ядзернай электрастанцыі ў Бушэры”

Што вядома пра вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж Тэгеранам і Менскам? Спадар Табаз ставіць пад сумнеў эфэктыўнасьць такога супрацоўніцтва.

Табаз: “Як можа выглядаць гэтае супрацоўніцтва? Абмен генэраламі? Амаль усё, што мае Беларусь, паходзіць з Расеі, тое, што ёсьць у Ірану, – таксама з Расеі. На справе гэта больш стратэгічнае супрацоўніцтва, чым сапраўднае вайсковае супрацоўніцтва”.

На думку Тумаджа Табаза, Беларусь – “апошняя дыктатура ў Эўропе” – зьяўляецца добрым стратэгічным партнэрам ўладаў Ірану ў Эўропе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG