Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

<B>Ахмадзінэжад назваў Лукашэнку адным зь лепшых сяброў</B>


Алесь Дашчынскі, Менск Прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад назваў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку адным са сваіх лепшых сяброў. Сёньня пачаўся двухдзённы афіцыйны візыт іранскага прэзыдэнта ў Беларусь.

Іранскі лідэр Махмуд Ахмадзінэжад упершыню наведвае Беларусь. Аднак гэта ўжо яго чацьвертая сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўнік Беларусі назваў прыезд іранскага прэзыдэнта “хуткім і апэратыўным”.

Нагадаем, Лукашэнка быў зь візытам у Іране летась у лістападзе.

У Менску Лукашэнка і Ахмадзінэжад спачатку сустрэліся сам-насам, а потым у складзе шырэйшых дэлегацыяў.

Прэзыдэнт Ірану назваў дачыненьні з афіцыйным Менскам устойлівымі й трывалымі, а Лукашэнку — “адным зь лепшых сваіх сяброў”.

Махмуд Ахмадзінэжад заявіў:

“Таму мы сябры і поўныя рашучасьці разьвіваць сваё супрацоўніцтва ва ўсіх сфэрах. Для разьвіцьця дачыненьняў з Рэспублікай Беларусь у нас няма межаў. І мы ня бачым ніякіх бар’ераў і перашкодаў для разьвіцьця такога супрацоўніцтва. Мы поўныя рашучасьці рэалізаваць дамоўленасьці, дасягнутыя ў Тэгеране, і дамоўленасьці, дасягнутыя ў Менску”.

Паводле іранскага прэзыдэнта, дачыненьні з афіцыйным Менскам разьлічаныя на доўгатэрміновую пэрспэктыву, а іх мэта — не канкурэнцыя, а ўзаемадапаўняльнасьць.

Сустракаючы іранскага госьця, кіраўнік Беларусі заявіў пра “ўстойлівыя, добрыя, шчыльныя дачыненьні і стратэгічнае партнэрства зь Іранам”.

Кіраўнік Беларусі заявіў:

“Сёньня няма забароненых тэмаў у Беларусі перад Іранам. Мы гатовыя з вамі супрацоўнічаць на ўсіх кірунках. І будзем цьвёрда трымацца нашых дамоўленасьцяў”.

Лукашэнка заявіў, што, калі афіцыйны Менск нешта паабяцаў Ірану, то абавязкова выканае. Ён падзякаваў іранскаму госьцю за падтрымку ў вырашэньні пытаньняў энэргетычнай бясьпекі.

У камюніке, якое падпісалі кіраўнікі Беларусі й Ірану, гаворыцца, што бакі задаволеныя дамоўленасьцямі ў распрацоўцы нафтавага радовішча “Джуфайр” у Іране. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, неўзабаве Беларусь зможа здабываць нафту ў Іране, перапрацоўваць яе ў Іране альбо вывозіць.

Падпісалі таксама пагадненьне пра супрацоўніцтва паміж Нацыянальным банкам і Цэнтральным банкам Ірану.

Абодва лідэры гаварылі пра блізкасьць падыходаў у разьвязаньні міжнародных праблемаў. Паводле Ахмадзінэжада, абодва бакі выступаюць супраць аднапалярнага сьвету й ціску на краіны. “Мы павінны яго нэўтралізаваць сумеснымі намаганьнямі”, — заявіў прэзыдэнт Ірану.

У сувязі з прыездам іранскага прэзыдэнта ў беларускай сталіцы ўвялі падвышаныя меры бясьпекі. Цягам дня быў абмежаваны рух па праспэктах Незалежнасьці й Пераможцаў.

Напярэдадні візыту ў Менск прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад заявіў пра намер разьвіваць ядзерныя тэхналёгіі. Ён сказаў таксама, што Іран перайшоў да прамысловай стадыі ўзбагачэньня ўрану. Кіраўніцтва Ірану адмаўляецца выканаць патрабаваньні ААН, галоўнае зь якіх — спыніць праграму ўзбагачэньня ўрану. Захад мяркуе, што ядзерная праграма можа быць прыкрыцьцём для вырабу Іранам ядзернай зброі.

Махмуд Ахмадзінэжад перамог на выбарах у 2005 годзе дзякуючы папулісцкім абяцаньням. Ён таксама выказваўся за больш жорсткую барацьбу з карупцыяй.
XS
SM
MD
LG