Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭБРР: павышэньне цэнаў на нафту і газ замарудзіць беларускую эканоміку


Вячаслаў Ракіцкі, Прага У сталіцы Татарстану Казані 20 і 21 траўня прайшло штогадовае паседжаньне Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця. У рамках паседжаньня быў абнародаваны новы штогадовы агляд разьвіцьця эканомік усходнеэўрапейскіх краінаў.

Агляд канстатуе, што 1990-я гады былі нялёгкімі для насельніцтва краінаў былога камуністычнага лягеру. Крах дзяржаўнай плянаванай эканомікі і пераход да рынкавых дачыненьняў змусілі людзей прыстасоўвацца да новых рэаліяў.

Аўтары агляду запыталіся ў 29 тысяч чалавек у 29 краінах рэгіёну: ці стала іхняе жыцьцё лепшым? Вынік – толькі 30 працэнтаў апытаных лічаць, што іхняе жыцьцё пасьля 1989 году палепшылася. Дзьве траціны людзей перакананыя, што ўзровень карупцыі стаў большым або застаўся на тым самым узроўні, як і ў камуністычную пару.

У аглядзе адзначаецца, што за гэты час адбыўся раскол у грамадзтвах зь пераходнымі эканомікамі – паміж людзьмі старэйшымі і маладымі, вяскоўцамі і гараджанамі. Аднак 54 працэнтаў апытаных заявілі, што яны вераць у лепшае жыцьцё сваіх дзяцей.

Гэтыя ўсьведамленьні зафіксаваныя на тле безумоўнага эканамічнага росту ў бальшыні ўсходнеэўрапейскіх краінаў.

Што да Беларусі, дык у аглядзе адзначаецца, што дзеяньні Эўрапейскага банка рэканструкцыі і разьвіцьця былі абмежаваныя марудным рухам краіны да дэмакратыі і рынку. І, каб заахвоціць пераход краіны да дэмакратыі, плюралістычнага грамадзтва і рынкавай эканомікі, Банк укладае капітал выключна ў прыватны сэктар.

Адзначаючы пэўны рост беларускай эканомікі ў 2006 годзе, аўтары агляду даюць на 2007 год асьцярожныя прагнозы з прычыны падвышэньня коштаў імпартаваных газу і нафты. Экспэрты чакаюць, што гандлёвы дэфіцыт адмоўна адаб’ецца і на інфляцыйных працэсах.

Продаж долі ў “Белтрансгазе”, гэтаксама як і ў іншых актывах, што належаць дзяржаве, толькі часткова кампэнсуе меркаваны дэфіцыт у 2007 годзе. Таму, каб падтрымаць макраэканамічную стабільнасьць і фінансавы сэктар у найбліжэйшай пэрспэктыве, абавязкова запатрабуюцца зьнешнія пазыкі.

На думку аўтараў агляду, пры любым сцэнары рост, які быў дагэтуль, наўрад ці застанецца. Выйсьце – у масавай рэструктурызацыі прадпрыемстваў і больш шырокім выкарыстаньні энэргазьберагальных тэхналёгіяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG