Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: “Цывілізаваныя краіны Эўропы нас не прымаюць”


Альгерд Невяроўскі, Менск Беларусь умацоўвае дачыненьні з краінамі-ізгоямі, супраць якіх дзейнічаюць міжнародныя санкцыі — у тым ліку зь Іранам. Чаму так адбываецца? Як людзі ставяцца да такой палітыкі афіцыйнага Менску? Гэтыя пытаньні ў дзень візыту ў Беларусь іранскага прэзыдэнта Ахмадзінэжада, наш карэспандэнт задаваў людзям на менскіх вуліцах.

Спадар: “Відаць, дачыненьні трэба будаваць з усімі краінамі. А Беларусі, можа, ужо няма з кім будаваць. Таму — хаця б так”.

Спадар: “Прыемна, што хоць зь некім умацоўвае дачыненьні. Павінны ж мы зь некім сябраваць. Чапляцца можна да любой краіны. Зь любой прычыны шукаць бервяно ў воку. Аб’ектыўна ж не даказана, што існуе ў іх зброя. Ёсьць да іх прэтэнзіі — можна да іх чапляцца. Але Іран такая ж краіна, як і ўсе астатнія. Чаму б зь імі не сябраваць”.

Хлопец: “Такая палітыка супраціву. Беларусь усё робіць насуперак, на злосьць. Я ня думаю, што гэткая палітыка доўгатэрміновая, што ў яе ёсьць нейкія эканамічныя пэрспэктывы. Робіцца проста ўсё, каб прадэманстраваць сваю нязгоду”.

Карэспандэнт: “Як вы ставіцеся да таго, што Беларусь умацоўвае дачыненьні з краінамі-ізгоямі — такімі, як Іран?”

Дзяўчына: “Мы лічым, што Беларусі было б лепей наладжваць дачыненьні з Эўропай. Тым больш, што Эўропа робіць пэўныя крокі, а нашыя ўлады — не. Як альтэрнатыва — улады баяцца, што застануцца зусім у ізаляцыі. Таму спрабуюць наладжваць сувязі з такімі краінамі”.

Яе сяброўка: “Беларусі лепш наладжваць стасункі з Эўропай. Бо мы — эўрапейская краіна. У нас ёсьць магчымасьці, каб разьвівацца. Але, на жаль, улады не даюць такой магчымасьці”.

Спадар: “Вельмі адмоўна. У мяне сваё стаўленьне да мусульманскага сьвету. І вядомыя прычыны, чаму беларускія ўлады туды кінуліся, — бо цывілізаваныя краіны Эўропы нас не прымаюць. Я нават адмоўна стаўлюся да зялёнай паласы на сьцягу. Гэта ня наш сьцяг”.

Спадар: “Кожная краіна мае права на самавыяўленьне. Мы не павінны лічыць, што нейкія краіны ўяўляюць небясьпеку. Чаму Іран ня можа разьвіваць мірнага атаму? Я думаю, гэтыя праблемы з-за таго, што некаторыя магутныя краіны ўплываюць на больш слабыя. Мы не павінны схіляцца на адзін з гэтых бакоў, бо гэта выкліча складанасьці. Мы павінны быць дыпляматычнымі й падтрымліваць мірныя дачыненьні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG