Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец рыхтуецца пакінуць месца высылкі


Радыё Свабода Сёньня палітзьняволены Павал Севярынец пакуе свае рэчы на “хіміі” ў вёсцы Малое Сітна на Полаччыне. Напярэдадні яго датэрмінова выклікалі на месца высылкі з кароткачасовага адпачынку ў бацькоў у Віцебску. Міліцыянты патлумачылі, што на аўторак у спэцкамэндатуры ў Наваполацку прызначылі суд.

Паўла рыхтуюць да ўмоўна-датэрміновага вызваленьня, паведаміла Радыё Свабода ягоная маці Тацяна Севярынец:

“Загадана яму заўтра зьявіцца, як кажуць, з рэчамі — на выхад. Сёньня ён разьлічваецца, падпісвае абходны ліст. Заўтра ранкам мусіць быць у Наваполацку. Там адбудзецца суд. Паўлу сказалі, што гэты суд — фармальнасьць. І пасьля — на волю! Цяпер у мяне праблема адна — шукаю аўтамашыну. За амаль два гады там у яго кніг назьбіралася, папераў, лістоў, рэчы нейкія. Трэба ж вывезьці”.

Павал Севярынец адбывае пакараньне ад 15 жніўня 2005 году. Паводле абвінавачаньня ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму 2004 году, яго асудзілі да 3 гадоў абмежаваньня волі (“хіміі”). З улікам амністыі тэрмін скарочаны да 2 гадоў. Пакараньне адбывае на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна ў Полацкім раёне.

"Павал каяцца ня будзе”

Афіцыйна тэрмін пакараньня Паўла заканчваецца 15 жніўня. Бацька палітвязьня Кастусь Севярынец лічыць датэрміновае вызваленьне сына саступкай з боку беларускай улады:

“Самае галоўнае, што ўлада, няхай сабе і ўскосна, прызнае яго палітзьняволеным. Хаця хочуць фармальна аформіць усё гэта як на крымінальніка. Будуць вылучаць нейкія ўмовы. Умоўна-датэрміновае вызваленьне можа быць толькі тады, калі чалавек раскайваецца ў сваім, так бы мовіць, злачынстве. Павал каяцца ня будзе”.

Заўтра пастанову ў справе Паўла Севярынца павінен вынесьці Наваполацкі гарадзкі суд.

Падставай для перагляду зьяўляецца станоўчая характарыстыка і адпаведнае рашэньне атэстацыйнай камісіі Наваполацкай спэцкамэндатуры.

Менавіта ў гэтую інстанцыю яшчэ ў жніўні мінулага году зьвяртаўся з хадайніцтвам за Севярынца адвакат Павал Сапелка:

“Лічу, што такое рашэньне мусілі прыняць даўно і ў рамках заканадаўства, якое рэгулюе выкананьне пакараньняў. Ён ня мае ніякіх заўвагаў. Не ўчыніў ніякіх парушэньняў. Ён працуе”.

• Адзін дзень у сям’і палітвязьня (усе перадачы)

• Адзін дзень у сям’і палітвязьня Паўла Севярынца (фота+аўдыё)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG