Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапаможа афіцыйнаму Менску абвастрэньне дачыненьняў паміж Расеяй і Захадам?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: старшыня зарэгістраванага ў Польшчы Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў і выкладчык зарэгістраванага ў Літве Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Дзяніс Мельянцоў.

Змрочныя пэрспэктывы саміту Расея-Эўразьвяз, няўдалыя перамовы ў Маскве дзяржсакратаркі ЗША Кандалізы Райс сьведчаць пра пагаршэньне стасункаў Расеі з Захадам. Гэта тэндэнцыя або нейкая часовая зьява? У сувязі з гэтым ці вырасьце роля Беларусі ў замежнай палітыцы Масквы? Ці ўдасца Менску выкарыстаць новую сытуацыю ў дачыненьнях Расеі й Захаду і вярнуць былое сяброўства з Масквой?

Валер Карбалевіч: “Вядомы выступ прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Мюнхэне некаторыя экспэрты назвалі пачаткам новай халоднай вайны паміж Расеяй і Захадам. Безвыніковы саміт ЭЗ-Расея і перамовы ў Маскве Кандалізы Райс, здаецца, пацьвярджаюць гэтыя высновы.

Пагаршэньне дачыненьняў Расеі й Захаду — гэта доўгатэрміновая тэндэнцыя ці нейкая часовая зьява?”

Ігар Лялькоў: “Думаю, што гэтая тэндэнцыя доўгатэрміновая. Таго “каханьня” паміж Захадам і Расеяй, якое было падчас прэзыдэнцтва Ельцына, у бліжэйшай пэрспэктыве ня будзе. Гэтыя дачыненьні будуць больш прагматычныя, грунтавацца на эканамічнай базе.

Часткова гэта абумоўлена антыдэмакратычнымі тэндэнцыямі ўнутры Расеі. Тая ступень дэмакратызацыі, якая цяпер існуе ў Расеі, — гэта максымум, які можа дамагчыся гэтая краіна.

Новай халоднай вайны, канечне, ня будзе. Але прагматычныя дачыненьні застануцца і пры новым прэзыдэнту Расеі, які зьявіцца пасьля Пуціна”.

Дзяніс Мельянцоў: “Тут спалучаюцца некалькі момантаў. Па-першае, Расея становіцца эканамічна больш моцнай дзяржавай — найперш з-за высокіх коштаў на нафту і газ. Таму яна мацней пачынае абараняць свае нацыянальныя інтарэсы. А гэтыя інтарэсы не супадаюць зь інтарэсамі ЗША. Як вынік, узьнікае супрацьстаяньне.

Па-другое, я лічу, што пагаршэньне дачыненьняў паміж Расеяй і Захадам — ня доўгатэрміновая тэндэнцыя, а каньюнктурная зьява, зьвязаная з уступленьнем Расеі ў электаральны пэрыяд.

Аўтарытарная ўлада Расеі кіруецца такой самай лёгікай, як і беларуская ўлада. Ёй патрэбна стварыць атмасфэру вонкавай варожасьці, крэпасьці ў аблозе. І такім чынам віну за ўнутраныя праблемы можна зваліць на вонкавы чыньнік. Я думаю, пасьля выбараў Расея зробіць крокі для паляпшэньня стасункаў з Захадам.

А пра халодную вайну я б увогуле не казаў, бо для яе вядзеньня патрэбная роўная моц двух бакоў. А Расея цяпер слабая, каб мерыцца з ЗША.

Што тычыцца недэмакратычных тэндэнцыяў унутры Расеі, то яны ўплываюць на канфлікт ідэяў. На гэтым полі дачыненьні будуць пагаршацца толькі на ўзроўні рыторыкі. А вось канфлікту інтарэсаў паміж Расеяй і ЗША няшмат”.

Ці павялічыцца роля Беларусі ў замежнай палітыцы Масквы?

Карбалевіч: “Апошнія гадоў дзесяць-пятнаццаць назіралася такая заканамернасьць: калі дачыненьні Расеі з Захадам абвастраліся, то роля Беларусі ў замежнай палітыцы Масквы павялічвалася, стасункі паміж расейскім і беларускім кіраўніцтвам станавіліся больш шчыльнымі.

Возьмем самы апошні прыклад. Пасьля аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне, якую Масква палічыла вынікам варожага заходняга праекту, Пуцін прыняў рашэньне захаваць для Беларусі нізкія цэны на энэргарэсурсы на 2006 год. Ці можна чакаць, што такая заканамернасьць спрацуе і гэтым разам?”

Лялькоў: “Я думаю, што дачыненьні паміж Менскам і Масквой будуць паляпшацца, але зноў-такі на ўзроўні рыторыкі. Наўрад ці Расея вернецца да моцнай эканамічнай падтрымкі Беларусі. Напэўна, будзе зноў шмат гаворкі пра “славянскае братэрства” падчас электаральных кампаніяў, але ня больш за тое”.

Мельянцоў: “Лічу, што дачыненьні паміж Менскам і Масквой трохі палепшацца. Але такія дачыненьні важныя больш з псыхалягічнага гледзішча. Бо расейскі электарат успрымае Беларусь як апошняга саюзьніка на Захадзе, які можа дапамагчы Расеі ў змаганьні з варожым наступам ЗША і ЭЗ. І тут для Беларусі зьяўляюцца пэрспэктывы”.

Ці ўдасца Менску манэтызаваць вайсковыя дачыненьні з Расеяй?

Карбалевіч: “Лукашэнка заўсёды даволі эфэктыўна выкарыстоўваў пагаршэньне дачыненьняў паміж Расеяй і Захадам. Можна прыгадаць сытуацыю з пашырэньнем НАТО на ўсход, югаслаўскі канфлікт, вайну ЗША з Іракам ды іншае.

У такія часы беларускі лідэр моцна прэзэнтаваў сябе як пасьлядоўнага змагара з Захадам, крытыкаваў Маскву за нерашучасьць, без усялякіх дыпляматычных акалічнасьцяў казаў на адрас заходніх краінаў такое, на што не адважваліся расейскія лідэры. І гэта падабалася значнай частцы расейскага грамадзтва і элітаў, асабліва зь левага флянгу.

Вось і цяпер Лукашэнка ўжо некалькі разоў згадваў пра пляны разьмяшчэьньня элемэнтаў супрацьракетнай абароны ЗША ў Чэхіі й Польшчы, казаў, што мы разам з Расеяй рыхтуем крокі ў адказ.

Ці ўдасца Менску, выкарыстоўваючы гэтую новую сытуацыю ў дачыненьнях Расеі і Захаду, вярнуць былое сяброўства з Масквой і атрымоўваць ранейшыя эканамічныя прэфэрэнцыі?”

Лялькоў: “Думаю, гэтым разам, як і раней, Лукашэнка будзе спрабаваць выкарыстаць гэтую сытуацыю. У атмасфэры канфлікту паміж Расеяй і Захадам ён чуецца як рыба ў вадзе.

Можна прагназаваць, што Лукашэнка будзе рабіць вострыя заявы на адрас Захаду. Прычым, гэта будзе антыамэрыканская рыторыка. Бо Менск не зацікаўлены цяпер у канфлікце з ЭЗ. Магчыма, ён будзе крытыкаваць Літву, Эстонію, Польшчу, але не Нямеччыну. Лукашэнка будзе апэляваць да кансэрватыўных расейскіх колаў і патрабаваць за гэта эканамічных прэфэрэнцыяў. Але я ня веру, што ён гэтага даможацца”.

Мельянцоў: “Няма сумненьняў, што Лукашэнка паспрабуе згуляць на гэтых супярэчнасьцях паміж Расеяй і ЗША. Ён выкарыстае такі козыр, як расейскія вайсковыя аб’екты на тэрыторыі Беларусі.

Думаю, Беларусь будзе абвінавачваць ЗША і ў тым, што тыя падрываюць ня толькі бясьпеку беларуска-расейскага зьвязу, але і эўрапейскую бясьпеку. Лукашэнка паспрабуе манэтызаваць вайсковыя дачыненьні з Расеяй. Масква працягне міжнародную падтрымку Беларусі, але ня пойдзе на эканамічныя прэфэрэнцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG