Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я баюся, што, як ён прадаў “Белтрансгаз,” то прадасьць і нас”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 21 траўня, панядзелак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Спадарыня: “Добры дзень, “Свабода”. Чула, як на заклапочанае тэлефанаваньне слухачкі наконт Кангрэсу дэмакратычных сілаў лідэр Аб’яднанай Грамадзянскай партыі адказаў ёй і слухачам Радыё Свабода, а іх вельмі многа. Адказ такі: “Дыхайце роўна!” і гэтак далей. Хачу і я сказаць як грамадзянка Беларусі: “Дыхайце роўна, шаноўны спадар Лябедзька! Бо Кангрэсу Вы і спадар Калякін толькі дамагліся вялікімі высілкамі. І ён яшчэ не адбыўся. І хто ведае, можа стацца, што павернецца не па сплянаванаму выверанаму сцэнару. І яшчэ. Паважаны Аляксандр Уладзімеравіч Мілінкевіч, трымайцеся, проста трымайцеся! Мы хочам людзьмі звацца. За Вамі вера людзкая. А гэта многа. Дзякуй”.

Спадар: “Добры дзень. Літаральна хвілін пяць таму каля помніка Дзяржынскаму на вуліцы Камсамольскай затрымалі ўкраінскі гурт “Табурэт,” які там ладзіў музычны пэрформанс разам зь гледачамі і журналістамі таксама. Там знаходзіцца спадар Сушко ад БХК, назіраньне за масавымі мерапрыемствамі”.

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”. Віншую Вас зь нядзелькаю! Самага найлепшага для Вас усіх! Я ўчора была на хаўтурах. Хавалі майго свата, бацьку зяця. Ну, вось смутны дзень. А сёньня я хачу Вас папрасіць, як і ўвесь час прашу. Я спадзяюся, што Вы дапаможаце нашу краіну Беларусь абараніць ад гэтага аўтарытарнага рэжыму. Я хачу Вас папрасіць, каб Вы дапамаглі. І ўсяго сьвету таксама. Каб у нас быў іншы прэзыдэнт. І Зянона Станіслававіча Пазьняка, Станіслава Станіслававіча Шушкевіча, і ўсю апазыцыю вярнуць назад. І тых, хто далучыўся пазьней, усіх разам. Дзякую Вам за ўвагу”.

Спадар: “Добры дзень. Адкажыце, калі ласка, на каго разьлічаныя перадачы Радыё Свабода: на расейскамоўных ці беларускамоўных? Навошта Вы робіце пераклад выказваньняў з расейскай мовы на беларускую? У Беларусі ня ўсе расейскамоўныя разумеюць беларускую мову. Але ўсе беларускамоўныя разумеюць беларускую гаворку. Гэтым падкрэсьліваеце скіраванасьць Вашых перадачаў? Калі Радыё Свабода толькі для беларускамоўных, то на халеру яно расейскамоўнаму? Ці Вы спадзяецеся, што нехта беларускамоўны вывучыць па Вашых перадачах беларускую мову? Дарма. Я яе, напрыклад, вывучаў у школе. Досыць. У сьвеце ведаюць толькі ангельскую, францускую, гішпанскі, расейскія мовы. Быў у Тунісе, там ня ведаюць нават, дзе такая краіна Беларусь. Маё галоўнае пытаньне: навошта Вы робіце пераклад з агульназразумелай расейскай мовы на практычна мала выкарыстоўваемую беларускую мову? Выбачайце, калі ласка”.

Спадарыня: “У 1994-м годзе мы не галасавалі за Лукашэнку. З нашай вёскі пара бабаў за яго толькі галасавалі. Мы адразу яго раскусілі, як быў дэпутатам. Бурклівы, хамаваты…Кажам: “Хто яго ў дэпутаты выбраў?” А ўсе беларусы неразумныя прагаласавалі за яго на прэзыдэнта. Гэты самы Лябедзька, Ганчар Віктар, Ціцянкоў, Фядута, Навумаў, Пашкевіч – усе былі за Лукашэнку і нам дурылі галаву, каб толькі за Лукашэнку галасавалі. Мы прагаласавалі за Пазьняка. І цяпер мы за тым самым Лябедзькам назіраем. Толькі адныя памылкі робіць у дэмакратаў. У выбарчых камісіях няма іх прадстаўнікоў. Гэта звышфальсыфікатарка Ярмошына ў Цэнтрывыбаркаме, а яны ідуць у дэпутаты. Хто Вас прапусьціць?! Для сьмеху аднаго-два прапусьцяць…Няўжо Вы гэтага не разумееце, што трэба ўсёй апазыцыі байкатаваць кожныя іхнія выбары?! Мы галасавалі за Аўтуховіча. 80 % адсоткаў, а ён не прайшоў. Можаце зразумець, якая фальсыфікатарка. Дзе Вы пройдзеце?! Ніколі Вы сумленна ня пройдзеце. Трэба толькі байкатаваць. Вас да гэтага заклікае Пазьняк, разумны чалавек. А Лябедзька – адныя памылкі. Заміж таго, каб вакол Мілінкевіча аб’яднацца, ва ўсім дапамагаць яму, ісьці ў адну нагу, дык яны разьядноўваюцца, Кангрэсы…Зноў памылкі робяць. Зноў распаўзаюцца як Лебедзь, Рак і Шчупак… Мы ўсе ад Вас адхілімся, таму што бачым, як Вы…”

Мікалай, Валожыншчына: “Я баюся, што, як ён прадаў “Белтрансгаз,” то прадасьць і нас”.

Спадар, Смаргонь: “Даражэнькая рэдакцыя Радыё Свабода! Віншую Вас з угодкамі. Зычу здароўя, шчасьця і волі. З найлепшымі пажаданьнямі”.

Яцкевіч Аляксандр Анатольевіч, Віцебск: “Добры дзень, Радыё Свабода. Хачу Вам расказаць адну цікавую навіну. Учора езьдзілі на рыбу з сынам. Так атрымалася, што загнаў глыбока кручок. І вось тры хуткія дапамогі практычна мне адмовілі. 50 кілямэтраў дабіраўся да бальніцы хуткай дапамогі. Што трэба зрабілі, а астатнія ўсе адмовілі. Вось што цікава. Робіцца глянец паўсюль, па ўсіх кварталах, па ўсіх вуліцах. А што ў душах людзкіх? Ніхто ня дбае. Дзякую”.
XS
SM
MD
LG