Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Ігар Казак, Сяргей Панізьнік, Ала Сямёнава


Аўтары: Валянціна Аксак, Міхась Скобла, Ала Сямёнава. Рэдактар: Сяргей Абламейка Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 12 траўня)

ЛІТПРАЦЭС

Ігар Казак: “Васіль Быкаў – творца ўнівэрсальны”



Ва Ўкраіне ў львоўскім выдавецтве “ВолЯ” пабачыла сьвет новая кніга прыпавесьцяў Васіля Быкава. Яна дзьвюхмоўная – тэксты зьмешчаныя паралельна ў арыгінале і па-ангельску. Дзесяць прыпавесьцяў Быкава на ангельскую мову перакладалі два жыхары Злучаных Штатаў Амэрыкі – прафэсар-славіст унівэрсытэту Паўднёвай Алябамы Джозэф П. Мозур і перакладчык і журналіст з Флёрыды Ігар Казак. Пра іх супольную працу над перакладамі твораў клясыка беларускай літаратуры Ігар Казак распавёў нашай карэспандэнтцы Валянціне Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадар Ігар, чаму зь вялікай творчае спадчыны Васіля Быкава вы выбралі для перакладу на ангельскую мову менавіта ягоныя апошнія, напісаныя ў жанры прыпавесьцяў, творы?”

Ігар Казак: “Быкаў засяроджваў увагу на канфліктах вайны, як у вас кажуць, Вялікай Айчыннай вайны. Ён быў чалавекам вялікай мужнасьці, напрыклад, ён разьвянчаў міты пра савецкіх партызанаў. Ён выступаў у абарону беларускай мовы. Ён добра ведаў псыхалёгію чалавека. Быкаў, як празаік, пэсыміст і аўтар твораў пра трагічныя падзеі. Мы з калегам прафэсарам Мозурам заўважылі, што літаратурныя творы Быкава – гэта хроніка беларускага жыцьця дваццатага стагодзьдзя.



І ўсе творы Быкава – гэта апісаньне трагедый калектывізацыі, вайны, сталінізму... Дык вось мы з прафэсарам Мозурам вырашылі зрабіць пераклад быкаўскіх прыпавесьцяў. Гэтыя прыпавесьці ўнікальныя, бо яны ўнівэрсальныя. Быкаў – унівэрсальны творца. Прыпавесьці створаныя з сарказмам і гумарам, а гэта нетыповы для Быкава стыль.

Наш дзьвюхмоўны зборнік зроблены для амэрыканскіх студэнтаў беларускае мовы і для беларусаў, якія вывучаюць ангельскую мову. Дарэчы, перакладаць прыпавесьці было цяжкавата, бо па гэты час яшчэ няма добрых беларуска-ангельскіх слоўнікаў. Таму мы працавалі зь іншамоўнымі слоўнікамі, напрыклад, з расейска-беларускім або польска-беларускім слоўнікамі ды іншымі”.

Аксак: “Ці гэта ваша першая спроба данесьці ангельскамоўнаму чытачу творы слыннага беларускага пісьменьніка, ці нешта перакладалі раней?”

Казак: “Так, ёсьць у мяне іншыя пераклады, напрыклад, маленькія навэлі. Ёсьць у мяне перакладзены “Аўганец”, ёсьць таксама “Прэзыдэнт на дрэве”. Я вельмі шаную ў гэтых творах гумар Быкава – унікальны, такі народны гумар. Таксама цяпер прафэсар Мозур працуе над перакладам вельмі цікавай аповесьці “Мёртвым не баліць”.

Аксак: “А вашы пераклады ў ЗША друкаваліся?”

Казак: “Так. Напрыклад, мой пераклад прыпавесьці “Сьвіст”, які ёсьць у гэтым зборніку, ужо друкаваўся ў апошнім нумары “Фікшэн інтэрнэшэнал”. Гэта часопіс унівэрсытэту Сан-Дыега ў штаце Каліфорнія. З вялікай цікавасьцю там была ўспрынятая гэтая публікацыя, бо там ніколі яшчэ беларускага пісьменьніка не друкавалі. Мяркую, што хутка будзе надрукаваны ў другім часопісе мой пераклад “Пахаджанаў”. У гэтым творы паказаныя адносіны ўнівэрсальнага характару, бо можна ўспрыняць, што пахаджане – гэта амэрыканскія выбаршчыкі, якія блукаюць паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі. Увогуле, Быкаў – унівэрсальны пісьменьнік”.

Аксак: “А як узьнік ваш творчы перакладчыцкі дуэт з прафэсарам Мозурам?”

Казак: “Спадар Мозур і я перакладалі на міжнародных перамовах у Жэнэве. Там і пазнаёміліся. Ён славіст, прафэсар унівэрсытэту ў Алябаме. Вось мы зь ім і вырашылі зрабіць такія пераклады з Быкава. Прафэсар Мозур мае таксама крытычныя артыкулы пра творчасьць Быкава”.

Аксак: “Кнігу прыпавесьцяў Васіля Быкава, якая нядаўна пабачыла сьвет у выдавецтве “ВолЯ” ў Львове, ужо можна набыць тут, у Беларусі. А ці будзе яна распаўсюджвацца ў ангельскамоўных краінах?”

Казак: “Мы маем надзею, што яна будзе даступная і ў Амэрыцы для студэнтаў, для акадэмікаў, для ўсіх тых, хто мае зацікаўленасьць у беларускай мове і культуры. Але мы таксама хочам, каб яна шырока распаўсюджвалася ў Беларусі. На жаль, наклад пакуль не такі вялікі, як хацелася б, але, магчыма, будзе другое выданьне, калі кніга стане папулярнай”.

КРЫТЫКА

АЛА СЯМЁНАВА

КРУГІ ЎЛАДЗІМЕРА ДУБОЎКІ

Алесь Пашкевіч. Круг. Раман-біяграфія. Беллітфонд, 2006. 200 стар.

Урачыстая вечарына з нагоды юбілею малдаўскага кампазытара Эўжэна Догі мела назву: “Лёс у до мажоры”. А які лад вызначыць да жыцьцёвага шляху выдатнага беларускага паэта Ўладзімера Дубоўкі?

Зорны пачатак-узьлёт – той творчы набытак, што меўся “прыносіцца ў скарбніцу літаратуры з глыбінь сучаснасьці, узброенай ведамі, воляю, шчырым жаданьнем і энтузіязмам вялікай творчасьці”. І прыносіўся… А потым – чвэрць стагодзьдзя: турмы, этапы, высылкі… Маўчаньне… Прадчутае… Прадказанае… Ня толькі яго асабістае… “Прыціх наш край: ад гутарак аскома… Прыціх наш край: маўчаць, усе маўчаць. Свабодай карыстаюцца сачкомы, Каб тых, хто мысьліць, у астрог саджаць”.

Урэшце – сярэдзіна 50-х… ХХ зьезд… 55-ы – вызваленьне… 57-ы – рэабілітацыя… Вяртаньне… Куды? Нягледзячы на новыя павевы – у рэчаіснасьць, дзе тыя, хто цкаваў яго публічна і хто пісаў на яго даносы пакрыёма, займелі высокія пасады, гучныя літаратурныя імёны, пачалі вызначаць літаратурныя густы, меліся ацэньваць мастацкую вартасьць творчасьці іншых…

Круг… Кругі, што вызначыў у свой час вялікі флярэнтыец, кругі, пра якія распавёў у ХХ стагодзьдзі ў аднайменнай паэме , глыбінна-зьмястоўнай, прарочай паэт Уладзімер Дубоўка. “Круг” – так назваў свой раман-біяграфію пра Ўладзімера Дубоўку Алесь Пашкевіч: паэт, дасьледчык, чалавек немалога грамадзянскага гарту.

У сваім рамане ён паяднаў у тэкставай прасторы твора паэтычна-філязофскае, сьвядомасна-заглыбленае, аналітычнае і белетрызавана-фактаграфічнае пісьмо. Зрабіўшы гэта таленавіта, трывала, ярка. Надаўшы нават ужо вядомаму асаблівую вастрыню, увёўшы ў зварот новыя факты, прымусіўшы задумацца наноў пра творчы, дзейсны пачатак чалавечага існаваньня, пра натуральна-стыхійную, прыродную духоўнасьць. І – пра згаданую трагедыю творцы, асобы. Трагедыю часу. Трагедыю Беларусі.

Паэт Уладзімер Дубоўка… Што зазнаў высокую эстэтычную рэальнасьць, роўную этычнай высакароднасьці, духоўнай традыцыі народу – сфармаваўся гэтым… Вызначыў, як тое можна перадаць Словам – і трапіў пад “кола гісторыі”, пад жорны таталітарна-рэпрэсіўнага рэжыму. Чытач адчувае гэта як чыстую сутнаснасьць, як эпізод быцьця, не замглёнага стракатым сьмецьцем будзёншчыны – адчыняючы кнігу, дзе напачатку ў кожным радку адчуваецца – паэт. Той, пра якога вядзецца размова. І той, што вядзе яе. Скандэнсаваная думка, афарыстычнае пісьмо: “Учора і заўтра – гэта памяць і праўда. Сёньня – іхняе злучво... Калі да праўды дадаць памяць – атрымаецца ісьціна.”

Алесь Пашкевіч стварае нібыта паэтычны прэлюд. Дае магчымасьць адчуць “інтэграцыйнае ядро” жыцьця (паводле Барыса Пастарнака) – яго дзяцінства, юнацтва. Умацоўвае факты ў паэтызаванай рэальнасьці, дае адчуць узьнікненьне, фармаваньне паэта, усьведамленьне ім свайго дару і сваёй місіі. Мэлёдыя прыроды – калі “залюструюцца на вазёрнай роўнядзі сонцавы ўсьмешкі”, тыя “вазёры”, у якіх “неба ранкам магло памыцца” А яшчэ – матэрыялізаваныя ў слове думкі, пачуцьці, веды: кнігі. І – урэшце – разуменьне таго, што ён, Уладзімер Дубоўка, чалавек з гэтага азёрнага краю, з гэтай краіны – Беларусі. Грамадзянін краіны…

Прыходзіць і разуменьне “бяскрайнасьці беларускай душы”, таго, што – “і дух наш будзе цераз наша Слова схіляць да нас прасьцягі і шляхі”. У кнізе Алеся Пашкевіча цытуецца, праўда, многае іншае, але канцэнтрацыя сэнсу моўленага – менавіта ў гэтым.

У рамане-біяграфіі мы бачым незвычайную постаць – паэта, што марыць пісаць не на пралеткультаўскім узроўні, а на тым, што адпавядаў бы эстэтычна-сьвядомасным, сусветным крытэрыям. Бачым чалавека, які спрабаваў выснаваць тое тэарэтычна, абапіраючыся на думкі Шлегеля, Арніма, Шэлі. Бачым зачараванага хараством сьвету і пекнатою жаночай юнака – закаханага і каханага. І – бясспрэчна і найперш – бачым грамадзяніна, патрыёта Беларусі. Сумленнага, адданага, нязломнага.

У рамане Алеся Пашкевіча ёсьць яшчэ і тая неацэнная эстэтычная і этычная раўнавага, якой бракуе сёньняшняму, ня толькі раскаванаму, але часам і проста ўшчэнт расьперазанаму прыгожаму пісьменству. Ранейшую жалезна-партыйную “маральную ўстойлівасьць” з неадчэпнымі прынцыпамі замоўчваньня часта імкнуцца замяніць то лёкайскімі “назіраньнямі”-падглядваньнямі, то такім смакаваньнем распусты і разбэшчанасьці, перад якімі блякнуць выявы нораваў часоў Нэрона.

Ёсьць і лінія лёсу. Няпростая лінія. Высокі ўзьлёт – зорныя часіны ўзвышанскага пэрыяду творчасьці. Кнігі вершаў – “Строма”, “Credo”, “Наля”. Паэмы – “І пурпуровых ветразяў узьвівы”, “Там, дзе кіпарысы”, згаданыя “Кругі”. Артыкулы, вершы, сярод якіх і такія, як “За ўсе краі, за ўсе народы сьвету…”

Узьлёт… І трагічная бездань, у якую нізрынула творцу сыстэма… Чвэрць стагодзьдзя – адзін этап за другім, адна высылка за другой… Ланцугі, абцугі… Алесь Пашкевіч нешматслоўна, але па-мастацку пераканальна перадае гэты шматгадовы боль, пакуты, зьдзекі над чалавечай годнасьцю… І – нязломнасьць. Годнасьць. І маўчаньне. Маўчаньне на допытах, падчас катаваньняў… І – маўчаньне творчае…

І тое вяртаньне, пра якое вялася гаворка… Не на Беларусь. У Маскву… Кнігі для дзяцей, пераклады, аўтабіяграфічная проза. “Это многих славный путь…” Барыс Пастарнак, Ганна Ахматава, Карней Чукоўскі… (Які, між іншым, да часоў ідэалягічна ўнармаванай думкі быў бліскучым крытыкам – ах, як ён таленавіта пляжыў дарэвалюцыйных данцовых – Вярбіцкую і Чарскую!)

Уладзімер Дубоўка не вярнуўся да сваіх “пурпуровых ветразяў”. Вызначаў сябе ў літаратурным сьвеце адстаронена і па-чалавечы, па-хрысьціянску высакародна. Ён – вышэй за тых, што некалі паклёпнічалі на яго. Ён – вышэй за даброты мітусьлівага сьвету. Часам досыць адчувальныя… Як тая пэрсанальная пэнсія, што яму не далі… Горшае – у іншым… У тым, мабыць, пра што ён прамовіў словамі Шэксьпіра – перакладаў яго.

Скажы ўсім ім: “Калі б мой друг ня згас, І за жыцьцё спазнаў бы ліха меней, Ня горш бы ён тварыў за многіх з вас, Ня горшы быў бы ў вашым пакаленьні…

Ня горшы… З самых лепшых. Вартых пашаноты, павагі, памяці. Памяці найперш такой, якой ён успрымаў сьвет, як паэт. Сьвет, з якога ён адышоў, паводле ўяўленьня Алеся Пашкевіча, так:

“Ён – на горцы. На іскрыстым белым узвышэньні. Узьля- тае – і становіцца лёгкім, як аблачынка над хатай. Пэўна, расьцерушыла-раздала ўвесь сьнежны запас – і таму такая сьветлая… таму такая лёгкая… Таму – такая… Таму…”

Гучыць гэта як кода, як перазоў з прэлюдам-пачаткам, са шматлікімі старонкамі кнігі. Якую ўжо ведаюць паводле надрукаванага ў “Народнай волі” і пачутага на хвалях радыёстанцыі “Свабода”. І будуць чытаць у выданьні “Беллітфонду”.

Раздумваючы. Параўноўваючы. Згадваючы.

АЎТАР І ТВОР

СЯРГЕЙ ПАНІЗЬНІК: “МОЙ ЖЫЦЬЦЯПІС ЗАСТАЎСЯ ЧЫСТЫМ”

Міхась Скобла: “Спадар Сяргей, са сваіх 65-ці гадоў вы роўна сорак у літаратуры. Ваша першая кніга “Кастры Купальля” выйшла ў 1967 годзе, тады ж вас прынялі ў Саюз пісьменьнікаў. З вышыні свайго досьведу як бы вы адказалі на пытаньне: што самае галоўнае для пісьменьніка?”

Сяргей Панізьнік: “Калі я быў маладым, мне раілі: “Пішы пра каханьне, і ніякі рэжым да цябе не прыдзярэцца”. А калі вучыўся ў Львове на вайсковага журналіста, памятаю, як у мяне львавяне пыталіся: “Адкуль ты? З Беларусі? Дык мы цябе хочам бачыць беларусам!” Так што можна сказаць, што беларусам мяне зрабіў, як гэта ні дзіўна, украінскі Львоў. Што да вашага пытаньня, то быць паэтам яшчэ мала, трэба быць прадаўжальнікам тых, хто раней паказаў прыклад, як трэба шанаваць і берагчы сваё родавае гняздо”.

Скобла: “Вы – вялікі патрыёт свайго роднага Прыдзьвіньня, выдатна ведаеце яго гісторыю, у вершах яно ўвесьчасна прысутнічае. Я чуў, што вы свой рэгіянальны слоўнік зьбіраеце. Можа быць, дасьцё адчуць нашым слухачам дасьціпнасьць і моўную кемлівасьць вашых землякоў”.

Панізьнік: “Гаваркія народныя словы ўчэпіста сядзяць у памяці. Я на пачастунак прыходзіў і клаў каля талеркі аловак і паперку, запісваў крадком. Калісьці мама гаварыла: “З людзьмі трэба жыць так, каб слова на дабрыдзень пакідаць”. “Мама, а як гэта? “Вось мы пагаварылі сёньня, дык каб заўтра ня сорамна было прывітацца”. Маміна парада падказала мне назву адной з кніг – “Слова на дабрыдзень”. Ці яшчэ адна маміна прыказка згадваецца: “Матчына сэрца ніколі ня гасьне”. Народ – сам паэт. Паслухайце: “Хто мяняе, па тым хамут гуляе”. І калі ў мяне цяпер пытаюцца – а ты ў якім Саюзе пісьменьнікаў? – я адказваю гэтай мамінай прыказкай. Сёньняшняя моладзь не такая строгая, як раней. У яе – шлюб пад плотам, а вясельле потым. Альбо на тую ж тэму – у старога жарабка скура і на плоце гігоча. А вось прыказкі на другія тэмы: гаршчок гаршчку ганьбу дае, ды абодва дзіравыя; зэдлік лаве падначалены. Аднойчы сядзім мы зь дзядзькам, міма праходзіць дзяўчына, павіталася, а ён наўздагон: “Не ідзе, а жаронцамі меле”. Хіба ня трапна, ня вобразна?”

Скобла: “І колькі такіх прыказак у вашым зборы?”

Панізьнік: “Ладны стос. Мой зямляк, мовазнавец Мікола Крыўко іх парадкуе і рыхтуе да публікацыі ў навуковым зборніку. Там будуць ня толькі прыказкі, але і другія гаваркія словы: і прызыўкі, і павучаньні, і запісы народных песьняў. Памятаю, у школе мы вучылі песьню пра Чапаева: “Гулял па Уралу Чапаев-герой, он соколом рвался с полками на бой...” Я песьню гэтую ня тое, што прасьпяваць, выгаварыць ня мог: “соколомрвалсясполкаминабой”. Сорамна было перад настаўніцай, але ня мог. Вось якая навука была. Памятаю, толькі ў 10 клясе ў нас зьявіўся падручнік “Гісторыя Беларусі”. І толькі Львоў, як я ўжо гаварыў, мяне “на ногі” паставіў”.

Скобла: “Жадаю вам новых знаходак у фальклёрных экспэдыцыях. На сваёй радзіме ў Верхнядзьвінскім і Мёрскім раёнах вы заснавалі цэлых два краязнаўчыя музэі. Ці ўлучаныя яны ў сучасныя турыстычныя маршруты?”

Панізьнік: “Прыяжджаюць землякі з Польшчы, з Латвіі, нават з Нямеччыны... Плачуць, здымаюць на фота. Для іх гэта, вядома ж, невыказная радасьць, падарожжа ў самае кранальнае. У Цінкаўцах музэй ужо “народным” называецца. Калі адбываецца фэст “Дзьвіна –Даўгава”, то ягоныя ўдзельнікі прыяжджаюць у музэй. Але нашы людзі толькі пахваліцца, што ёсьць музэй, любяць. А вось дапамагчы, пасьцерагчы яго, каб не абкрадалі, – ня вельмі стараюцца. Прыяжджаю, ваду з гарышча зьліваю, вось такая мая культурная работа... Гэтыя музэі – такі цяжар у мяне на плячах. Але хочацца, каб усё ж працягвала існаваць гэтае радовішча – там сабраныя лёсы людзей за сто гадоў”.

Скобла: “Мы сёлета адзначаем 125-годзьдзе Купалы і Коласа. Вы даўно займаецеся тэмай, якую можна акрэсьліць так: “Прысутнасьць Купалы і Коласа ў сьвеце”. Хоць контурна, пазначце гэтую прысутнасьць і для нас”.

Панізьнік: “Гэта неабсяжная тэма! Напрыклад, Купала тройчы наведаў Чэхаславакію. У Празе ў Славянскай бібліятэцы, на Страгаве я глядзеў такія дакумэнты, якія нам яшчэ выманьваць і выманьваць адтуль трэба.

А Латвію возьмем. Перад вайной у Рызе пабывала беларуская дэлегацыя: Купала, Пятрусь Броўка і Міхась Лынькоў. Лынькоў быў кіраўніком дэлегацыі і ён адганяў ад Купалы “невыносна назойлівых тыпаў”, гэта значыць, “суайчыньнікаў-нацыяналістаў”. А ў Рызе тады жылі Ўладзімер Пігулеўскі, Кастусь Езавітаў. Нават дзяцей, вучняў беларускай школы да Купалы не дапускалі! Цэлы ахоўны эскорт хадзіў за Купалам. А ў тыя самыя дні адбываліся дэпартацыі латышоў на ўсход. Мне расказвала былая настаўніца Люцыя Тэтэрэ, што Купала ў прэзыдыюме сядзеў учарнелы. Ён усё гэта перажываў. І афіцыйныя, узьнёслыя даклады былі яму не да сэрца”.

Скобла: “Вы па прафэсіі чалавек вайсковы, былы афіцэр. Іншая справа, што паэты ні савецкай, ні беларускай арміі, не патрэбныя. Выступаючы 8 траўня перад вэтэранамі, прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі, называў сярод гістарычных асобаў, на якіх выхоўваецца маладое пакаленьне вайскоўцаў, імя Суворава. Як былы вайсковец, што вы на гэта скажаце?”

Панізьнік: “Як можна змагацца за незалежнасьць Беларусі пад штандарам Суворава? Гэта недарэчнасьць. Дзе наш Канстанцін Астроскі, дзе Леў Сапега, дзе нашы другія гетманы? Нашто ж нам чужыя, а нават і варожыя? Божа мілы... У свой час ад бабулі Альжбеты, якая прымала мяне на сьвет, я запісаў народную песьню пра Суворава, пра расправу ягонага войска над паўстанцамі Касьцюшкі.

Пад Аршавай ёсьць такое места, Там кіпеў крывавы бой, Бой крывавы, пір багаты. Не забудзем цэлы век, Як прыйшоў туды з лапатай Ненавісны чалавек. Як узнаюць пра нас дома, Будуць сьлёзы праліваць...

Бачыце, у народнай памяці Сувораў застаўся як далакоп “з лапатаю”. Нам трэба заглыбляцца ў мацярык Радзімы, каб адшукаць там імёны, берагчы іх і ў сэрцы трымаць”.

СЯРГЕЙ ПАНІЗЬНІК. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

УСЬЦЕШНА

Архіў бяліць камусьці часу, Камусьці сілы не стае... Штодзёньнік мой – салдат запасу – А не фэльдфэбэль пры стале.

Хай абсыпаюцца акопы, Траншэяў рыхлыя гужы, – Майго служэньня пэрыскопы Глядзяць праз вершы-бліндажы.

Пагоны львоўскага курсанта Расказваюць пра жаўталіст: “Паэт ня ўдаўся імпазантны... Не прыручыўся журналіст”.

А ўсё ж усьцешна: асабістам Не падпісаў той чарнавік... Мой жыцьцяпіс застаўся чыстым: Ня выклічуць не пераклік.

МУЗЭЙ У КОБРЫНЕ

Гляджу на вітрынную згоду: Сувораў і поруч Кульнёў. Музэй пакарэньня народаў? Музэй пагашэньня агнёў? Пасьведчаць канфэдэраты, Паўстанец Касьцюшкі кіўне: Сувораўскія маршатрады Расстрэльвалі і мяне.

Трафэем стаў карніку Кобрын З капой паўзадушаных душ. Вітрынны Сувораў... Ён добры... Ён шэпча: “Герояў ня руш!” Ён – кат беларускага роду, Ён – меч для маіх каранёў... Было пакарэньне народаў! Ішло пагашэньне агнёў!

Суворава карную сілу Нялёгка і сёньня забыць. Ды мне кіпцюрам агрэсіўным Здабычаю болей ня быць! Таму не магу я Расію Любоўю былою любіць.

У БАЖНІЦЫ

У прыарганнай цішыні, Між чуйных вітражоў Мае задумаліся дні: “Ты блуднікам ішоў?”

Адчуў – малітваў глыбіня Ўзьнялася ўвысь са мной... Храм чужабытніка прыняў, Бо веры мы адной.

Адзін для ўсіх суцешны Бог: Ён – Міласэрны Дом, Дзе пад арганам, вітражом І я аблуду змог.

ФАЛЬКЛЁРНЫ ЎСЬМЕХ

– Хто цяпер ка мне прытуліцца?.. Хоць да статуі прыкленч. Дзе ты, дзеўка на ўсю вуліцу? Стала бабай на ўсю печ.

Мой дзядок амаль дзюралевы... Пры гаршчку стаіць гаршчок. Сталі мы – усе – дзіравыя Ад падэшваў аж да шчок.

Ну й жыцьцё: лягла ня клятая, Не прымятаю ўстаю. Крошкі дзеду з куранятамі Са спадніцы выдаю:

– Цып-цып-цып-цып... Пуль-пуль-пуль...

І ня цоп! І не пад куль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG