Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка — публіцыст-ляўрэат


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 21 траўня ў розныя гады.

“Звезда”

У 1927 годзе “Звезда” паведамляе з Варшавы: “У Верхняй Сылезіі ў Катавіцкім павеце ў бліжэйшы час адбудзецца працэс, аналягічны зь вядомым працэсам у Амэрыцы, скіраваным супраць тэорыі Дарвіна. Перад судом паўстане мясцовы выкладчык, які растлумачыў дзецям у школе, што чалавек паходзіць ад малпы. Вучні пра тое расказалі дома бацькам. Апошнія ў словах настаўніка адшукалі абразу рэлігіі й падалі супраць яго ў суд за “дэмаралізацыю” розуму сваіх вучняў”.

“Советская Белоруссия”

“Советская Белоруссия” ў 1957 годзе цытуе начальніка Гарадзенскай канторы кінапракату Г.Морса, які, выступаючы на рэспубліканскай нарадзе работнікаў культуры, заявіў: “У Гарадзенскую вобласьць дасылаюць такія фільмы, як “Шаўкаводзтва ў СССР”, “Цытрусавыя культуры” ды іншыя, хаця, як вядома, вырошчваньнем такіх культураў у нас не займаюцца. У той жа час вельмі мала фільмаў, якія прапагандуюць дасягненьні навукі й досьвед перадавікоў у вырошчваньні тых культураў, якімі займаюцца калгасы і саўгасы вобласьці”.

“Свабода”

“Свабода” ў 1997 годзе пад рубрыкай “Замест анэкдоту” друкуе наступнае: “Камісія па прысуджэнні Міжнароднай прэміі імя Міхаіла Шолахава, якую ўзначальвае рускі пісьменнік Юрый Бондараў, вырашыла аддаць Шолахаўскую прэмію 1997 года Аляксандру Лукашэнку. Як паведамляе БелТА, званне лаўрэата Лукашэнка атрымаў за важкі ўнёсак ў палітычную публіцыстыку, якая змагаецца за сацыяльную справядлівасць і шчыльнае адзінства славянскіх народаў Беларусі і Расеі”.
XS
SM
MD
LG