Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь спадзяецца на грошы з Ірану?


Уладзімер Глод, Менск Сёньня а 10-й гадзіне ў Менск мае прыляцець прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад. Гэты візыт выклікае асаблівую ўвагу. Іран, як вядома, насуперак рашэньням Рады Бясьпекі ААН не спыняе рэалізацыі сваёй ядзернай праграмы, а прэзыдэнт гэтай краіны вядомы шэрагам сваіх пагражальных заяваў.

Дакладна прадметы перамоваў яшчэ не вядомыя. Павал Лёгкі, кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Беларусі, гаворыць, што перамовы, у тым ліку і сам-насам кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў, прадугледжаныя. Аднак удакладняць, пра што пойдзе гаворка, ён ня стаў:

“Тэматыку мы анансуем крыху пазьней, Я думаю, у панядзелак раскажам пра тое, што яны будуць абмяркоўваць”.

“Пляны з нафтавымі сьвідравінамі выглядаюць экзатычна”

А вось палітолягі прагназуюць тэматыку беларуска-іранскіх перамоваў. Яны перадусім адзначаюць, што і Беларусь, і Іран знаходзяцца ў міжнароднай ізаляцыі. Таму іх збліжэньне выглядае цалкам натуральным. А што да беспасярэдне сфэраў, якія могуць быць цікавымі для дзьвюх краінаў, дык кіраўнік беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў адзначае:

“Я думаю, што Беларусь, якой цяпер вельмі патрэбныя грошы, бачыць у Іране магчымую крыніцу гэтых грошай. Хаця пляны з нафтавымі сьвідравінамі, на маю думку, выглядаюць вельмі экзатычна.

Магчыма, пойдзе размова і пра абмен ядзернымі тэхналёгіямі ў сьвятле таго, што Беларусь плянуе пабудаваць атамную станцыю.

Яшчэ адна тэма, якая, мабыць, цікавіць бакі – зброя: абслугоўваньне расейскай ці той, што дасталася Беларусі ад Савецкага Саюзу, і якая ёсьць у Іране, беларускімі спэцыялістамі.

Плюс яшчэ праект з аўтамабілем “Саманд” можа таксама стаць тэмай для размоваў”.

“Чакаць нейкіх прарываў не выпадае”

Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі адзначае, што так званыя праблемныя краіны, прынамсі Беларусь і Іран, кансалідуюцца:

“Гэта ўвогуле, як на далоні, было відаць па складзе ўдзельнікаў леташняга саміту Руху недалучэньня ў Гаване.

І самае галоўнае – ёсьць нейкія прагматычныя спадзяваньні на сумесную працу, прынамсі ў нафтавай сфэры. Беларусь шукае энэргетычныя альтэрнатывы. Але вось тут, мне здаецца, існуюць вялікія цяжкасьці. Пры ўсіх дэклярацыях і Іран, і Вэнэсуэла прагматычна ставяцца да двухбаковых кантактаў. Таму чакаць нейкіх прарываў не выпадае”.

Кантакты Беларусі і Ірану актывізаваліся летась пасьля візыту ў Тэгеран Аляксандра Лукашэнкі. Беларусь разьлічвае на ўдзел у распрацоўцы іранскіх нафтавых радовішчаў.

У сваю чаргу афіцыйны Тэгеран заявіў напярэдадні візыту свайго кіраўніка ў Менск, што Іран ставіць за мэту далейшае разьвіцьцё ядзерных тэхналёгіяў. 24 траўня Рада Бясьпекі ААН пачне абмеркаваньне новага пакету санкцыяў супраць Тэгерану за яго адмову прыпыніць ўзбагачэньне ўрану.
• Што яднае Беларусь і Іран?, 19.05.2007 • У Беларусі будзе створаны банк з іранскім капіталам, 12.02.2007 • Ці дойдзе іранская нафта да Беларусі?, 07.02.2007 • Пра што маглі дамовіцца прэзыдэнт Ірану і міністар абароны Беларусі?, 23.01.2007 • Хамэнэі заклікаў Лукашэнку разам супрацьстаяць ціску ЗША, 07.11.2006
XS
SM
MD
LG