Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Aнонс падзеяў тыдня (21 – 26 траўня)


Радыё Свабода

Панядзелак, 21 траўня

У Менску адбудзецца паседжаньне Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў. На парадку дня – падрыхтоўка да прызначанага на найбліжэйшыя выходныя Кангрэсу дэмсілаў.

“Увесь тыдзень будзе працоўны. Месца сустрэчы зьмяніць нельга, бо сёньня будзем за яго плаціць. Адміністрацыя Дому культуры Менскага аўтазаводу выставіла разьлік. Каля 8 мільёнаў рублёў будзе каштаваць толькі арэнда залі”, – расказаў намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Шынкарык.

Аўторак, 22 траўня

Вядомыя беларускія выканаўцы падтрымаюць у гэты дзень акцыю “Музыкі –супраць разбурэньня Горадні”.

“Улада творыць сваё, а гараджанам нічога не тлумачыць, – гаворыць бард Віктар Шалкевіч. – А тое, што яны разваляць, то ніхто ж не адбудуе. Мяркую, знойдзецца што сьпяваць. У мяне ж ёсьць вялікі цыкль “Гарадзенскія песьні”.

Таксама ў аўторак Нясьвіскі райвыканкам мае вярнуцца да вырашэньня лёсу гістарычнага будынку плябаніі – дому, дзе жылі ксяндзы. У райцэнтры не спыняюцца пратэсты вернікаў.

“Канфліктная сытуацыя ўзьнікла ад таго, што яшчэ ў 2005 годзе нам абяцалі вярнуць будынак. Але цяпер улада паставіла пытаньне па-іншаму – выставіла будынак на аўкцыён”, – расказаў нашаму радыё жыхар Нясьвіжу Дзяніс Коўшар.

Серада, 23 траўня

Палата прадстаўнікоў разгледзіць законапраект аб адраснай сацыяльнай дапамозе і ўпарадкаваньні льготаў. Мяркуецца, што грашовая дапамога будзе скасаваная для шэрагу катэгорыяў насельніцтва.

Сытуацыю камэнтуе ініцыятар стварэньня грамадзкай арганізацыі ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Аляксандар Ваўчанін:

“Гэта ж у аніякія рамкі ня лезе! Усе пункты зьнікнуць! Давайце ня будзем да нуля зводзіць статус удзельніка ліквідацыі. Я зьвяртаюся да чыноўнікаў: што ж вы робіце?”

Чацьвер, 24 траўня

Прадстаўнікі Швэцыі, Францыі, Аўстрыі, Галяндыі й Нямеччыны возьмуць у Менску ўдзел у мерапрыемствах Дзён Эўропы, якія адбываюцца ў Беларусі. Сёлета яны падпарадкаваныя дэвізу “50 гадоў эўрапейскай інтэграцыі”. Выставы, сэмінары, студэнцкія ток-шоў прымае Менскі міжнародны адукацыйны цэнтар.

“Мы ж эўрапейская краіна і сьпяшаемся ў Эўропу. Таму ўсе мерапрыемствы, што адбываюцца і збліжаюць нас з Эўропай, можна толькі вітаць”, – сказаў нашаму радыё дырэктар адукацыйнага цэнтру Віктар Балакіраў.

Пятніца, 25 траўня

У гэты дзень споўніцца 90 гадоў з дня сьмерці клясыка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. А 18-й гадзіне да помніка паэту прыйдуць сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

“У гэты дзень, як я ведаю, літаратары прыйдуць. Сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, а не саюзу, на чале якога Чаргінец. Прыйдзем да помніка, пакладзем кветкі. Такім будзе ўшанаваньне Максіма Багдановіча, які быў сябрам Беларускай сацыялістычнай грамады”, – сказаў намесьнік старшыні БСДП (Грамада) Анатоль Сідарэвіч.

Субота, 26 траўня

Субота – першы дзень працы Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

“Будзе амаль 900 дэлегатаў, – расказвае старшыня аргкамітэту Аляксандар Бухвостаў. – Плянуецца заслухаць выступы Аляксандра Мілінкевіча – старшыні Палітрады; Анатоля Лябедзькі – старшыні Нацыянальнай рады; Сяргея Калякіна – кіраўніка штабу адзінага кандыдата ад дэмсілаў; прадстаўніка Аляксандра Казуліна. Галоўнае ўсё-такі, што мы ўпершыню зацьвердзім дакумэнты, якія складуць аснову дзейнасьці ўсёй апазыцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG