Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Філіп Кіркораў: “Я больш ніколі ня стану пад беларускі сьцяг”


Іна Студзінская, Менск Агляд недзяржаўнага друку за 21 траўня.

“Белгазета” піша пра сёмы студэнцкі конкурс прамоўніцкага мастацтва “Цыцэроній-2007”, які на мінулым тыдні прайшоў у Акадэміі Міністэрства ўнутраных справаў.

Ляўрэаты конкурсу зь непрыхаваным задавальненьнем ацэньвалі чамусьці не сваё красамоўства, а прамоўніцкія здольнасьці кіраўніка дзяржавы. “Ягоныя словы ідуць ад душы, ён кажа, як просты чалавек, вельмі даходлівай мовай. Канкурэнтаў у галіне прамоўніцкага мастацтва сярод палітыкаў у яго няма. А вось шараговым міліцыянтам да прэзыдэнцкага ўзроўню яшчэ далёка”.

Вось яшчэ адно выказваньне: “Прэзыдэнт краіны, які зьяўляецца нашым абліччам, гаворыць адназначна пераканаўча і адназначна красамоўна. Я думаю, ён можа служыць арыенцірам для тых, хто хоча авалодаць прамоўніцкім мастацтвам”.

Пад рубрыкай “Візаві” ў “Белгазеце” – Філіп Кіркораў і Юры Азаронак. “Я больш не хачу мець дачыненьні зь няўдзячнымі людзьмі. Я больш ніколі ня стану пад беларускі сьцяг. Ні пры якіх абставінах”, – кажа Філіп Кіркораў. “Кіркораў мне не камандзір”, – адказвае кіраўнік беларускай дэлегацыі на “Эўрабачаньні” Азаронак.

Маладэчанская “Рэгіянальная газета” піша, што ў дзіцячым сацыяльна-пэдагагічным прытулку зьявіўся зімні сад.

“Гэта вынік дабрачыннай акцыі, якую правялі Фонд міру і дабра “Дзеці ў бядзе”, – апавядае журналістка газэты Марыя Берасьнева. – Гэта падтрымка ўпраўленьня адукацыі гарвыканкаму, зьбіраліся добраахвотныя ахвяраваньні маладэчанцаў, пералічвалі грошы прадпрыемствы і арганізацыі. Рамантавалі пакой навучэнцы прафэсійна-тэхнічнага каледжу. Знайшлася фірма, якая падарыла прытулку сьвяцільнікі. У хуткім часе зьявіцца ў зімовым садзе яшчэ і жывы куток”.

“Вечерний Брест” ставіць пытаньне: “Чаму фэрмэрскія палеткі парастаюць травой?” Многія зь нядаўна створаных фэрмэрскіх гаспадарак, а таксама тыя гаспадаркі, якія вырашылі павялічыць свае плошчы, дагэтуль ня могуць пачаць работы на зямлі. Згодна з дэкрэтам Лукашэнкі, яны павінны кампэнсаваць папярэднім гаспадарам – сельскагаспадарчым каапэратывам – так званую “выпушчаную выгаду”. Для фэрмэраў гэтыя сумы аказаліся непадымнымі: землі дагэтуль незасеяныя. “Як рабыню ні ратуй, яна ўсё адно туды глядзіць” – пад такім загалоўкам “Вечерний Брест” апавядае пра сустрэчу віцэ-консула амбасады ЗША ў Беларусі Эрыка Колінза зь берасьцейскімі студэнтамі.
XS
SM
MD
LG