Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усе лепшыя работнікі з нашага калгаса паўцякалі”


Валянцін Жданко, Менск Агляд вашых лістоў на “Свабоду”.

Слухаць:



Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Якія зьмены адбываюцца ў беларускай вёсцы? Ці здольная калгасная сыстэма эфэктыўна працаваць ва ўмовах рынку? На гэтыя пытаньні спрабуюць адказваць многія слухачы “Свабоды”, якія жывуць у вёсцы і на ўласныя вочы назіраюць тое, як зьмяняецца там жыцьцё.

З аднаго з такіх допісаў і пачну сёньняшнюю размову. Пра свае калгасныя справы распавядае наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Будучыня калгасу, як лічыць спадар Сац, цьмяная:

“Як даўно заўважана, пацукі першыя ўцякаюць з карабля, які тоне. Так і ў нас: сталыя дасьведчаныя старшыня калгасу і галоўны аграном сышлі, пакінулі гаспадарку на, так бы мовіць, “моладзевы экіпаж”. А гаспадарка слабая: пара трактараў, некалькі машын і парожнія засекі.

Прыняў калгас у такім стане малады спэцыяліст, якому гадоў 25—27. Так што ў нас цяпер аграном малады, вэтурач малады, загадчык фэрмы таксама малады. Як яны павядуць гаспадарку, ня ведаю. У паляводзтве працоўных рук няма. У тэхпарку працуюць толькі тыя, хто жыве ў новых доміках (у іх выйсьця няма: звольнісься, дык выселяць)

Усе лепшыя калгасныя работнікі сышлі, пераважна на мытню. Прычым, сышлі нават грузчыкамі, абы не заставацца ў калгасе, які канчаткова канае

З апошніх нашых навінаў. Пасадзілі ў калгасе бульбу гатункаў “Дэльфін” і “Дзіна”. Дык алькаголікі насілі гэтую бульбу па Асавой, Дабросаве і Макранах — на прапой. Навошта тады саджаць бульбу? Лепш ужо рапс сеяць. Зрэшты, у нас і рапс скрадуць. Хто трымае кароў, дык усю зіму карысталіся калгасным вітамінным кормам…”

Зь ліста не зусім зразумела: ці гэта выпівакі ўкралі калгасную насенную бульбу яшчэ да таго, як яе пасадзілі, ці выкапалі ўжо пасаджаную... Зрэшты, крадзяжамі ў калгасах нікога ня зьдзівіш: яны суправаджалі ўсю гэтую сыстэму ад моманту яе стварэньня.

Калісьці кралі таму, што інакш немагчыма было выжыць — альтэрнатывай была галодная сьмерць. У паваенныя гады за скрадзеныя са зжатага поля каласкі няшчасных калгасьнікаў кідалі ў турму і высылалі на Калыму. Цяпер крадуць з прычыны мізэрных калгасных заробкаў, алькагольнай залежнасьці, дый проста таму, што крадзеж калгаснага дабра перастаў на вёсцы лічыцца заганным, вартым асуджэньня ўчынкам.

Грамадзкая мараль такі крадзеж фактычна не асуджае. Злодзей калі чаго і баіцца, дык толькі штрафу. А ў турму за скрадзены мех калгаснай бульбы ўжо ня кідаюць: калі за гэта караць зьняволеньнем, дык ніякіх турмаў ня хопіць.

Пра вясковыя праблемы разважае ў сваім лісьце і іншы даўні слухач — Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну.

“Як прыцягнуць увагу сялянаў да палітыкі? Патрэбная сіла, якая б абараняла інтарэсы сялянаў — і ў парлямэнце, і ў іншых органах улады. Калі гэта не прафсаюз, то, можа, палітычная партыя? Але якая? З усіх цяперашніх найбольш пасуе, напэўна, камуністычная — тым больш, што сёньня яна ў годнай апазыцыі

Якія лёзунгі для сялянства ёй мець? Можа, гістарычныя з папраўкай: “Зямлю — сялянам!”, “Сяляне ўсіх краін, яднайцеся!”. Зьявяцца і больш прагрэсіўныя. Што на гэта скажуць слухачы?

Былі і будуць пытаньні наконт дэкляраваных і рэальных заробкаў у вёсцы. Сярэдні заробак у Беларусі нібыта высокі, але ці бачаць гэты заробак калгасьнікі? Можа, выратуюць шэфы? Вось прыйдуць у вёску, будуць і зямлю апрацоўваць, і годныя заробкі людзям плаціць”.

Палітычныя партыі ў сёньняшняй Беларусі рэальнага ўплыву на грамадзтва і ўладу ня маюць, спадар Бельскі. У дзяржаве створаная такая палітычная сыстэма, што партыі фактычна пазбаўленыя доступу ў парлямэнт, у іх вельмі абмежаваныя магчымасьці для публічнай дзейнасьці.

Так што разьлічваць на тое, што нейкая партыя стане дзейсным абаронцам сялянства (як, зрэшты, і любой іншай сацыяльнай групы) наўрад ці выпадае.

Што да шэфства над калгасамі. Некалькі гадоў таму зь ініцыятывы прэзыдэнта гэтую напаўзабытую савецкую форму ратаваньня калгасаў паспрабавалі рэанімаваць. Да многіх найбольш пасьпяховых прадпрыемстваў у загадным парадку далучылі занядбаныя гаспадаркі.

Пра вынікі казаць дачасна. У некаторых калгасах, відавочна, сытуацыя за кошт новых гаспадароў палепшылася. Але як гэта адбілася на фінансавым стане саміх новых гаспадароў, на сабекошце і канкурэнтаздольнасьці іх асноўнай прадукцыі? Дый ня хопіць пасьпяховых прамысловых прадпрыемстваў на ўсе дзясяткі тысяч занядбаных калгасаў.

Наш слухач Віталь Крук у сваім электронным лісьце на “Свабоду” разважае пра лёс нацыянальных сымбаляў:

“Вось ужо дванаццаць гадоў мінула ад разьвітаньня з Пагоняй і бел-чырвона-белым сьцягам. Вырасла цэлае пакаленьне людзей, якія ня памятаюць, калі яны былі дзяржаўнымі. Зьмяншаюцца шыхты сьвядомых беларусаў, усё радзей гучыць беларуская мова, а ўсё больш праціўнікаў нацыянальнага адраджэньня. Травеньскі рэфэрэндум паказаў, што ідэя нацыянальнага адраджэньня пацярпела паразу

У Беларусі адраджаецца сталінізм, а народ ня супраць. Яму кат Сталін даражэйшы за родную мову і гісторыю. Высілкі асобных герояў толькі распаляюць тых, хто пільна ахоўвае рэжым. Тое, што яны цяпер ня так жорстка распраўляюцца з дэманстрантамі, сьведчыць не пра аслабленьне, а пра ўмацаваньне ўлады. Яны ведаюць, што народ за апазыцыцяй ня пойдзе

Усе пратэсты зусім марныя. Апазыцыя сварыцца паміж сабою. Такой Беларусі, якой яна была да 1994 году, ужо ня будзе. Балюча гэта прызнаваць, але нічога ня зробіш”

Няцяжка зразумець, спадар Крук, што прымушае вас так драматызаваць цяперашнія грамадзкія настроі і з такой скрухай гаварыць пра лёс нацыянальных сымбаляў, мовы.

Але давайце згадаем іншы, не такі ўжо далёкі час — 1970—1980-я гады. Ці можна было тады ўбачыць бел-чырвона-белы сьцяг ня тое што на вуліцы альбо на трыбунах стадыёну — нават у прыватнай кватэры? І становішча беларускай мовы было зусім не лягчэйшым: масавай зьявай было вызваленьне школьнікаў ад гэтых урокаў; вынішчэньне беларускамоўных школаў набыло вялізныя маштабы — у буйных гарадах, у тым ліку ў Менску, такіх школаў фактычна не засталося.

Так, такой Беларусі, якой яна была да 1994 году, ужо ня будзе. Але не навекі й Беларусь аўтарытарная, самаізаляваная, павернутая ў мінулае, з анамальным для сучаснай Эўропы грамадзкім ладам… І рана ці позна новыя пакаленьні беларусаў у сваёй абноўленай дзяржаве задумаюцца і пра сваю гісторыю, і пра мову.

Невялікі фрагмэнт зь ліста Марыі Яроменкі зь Менску — на тэмы міжнародныя:

“Джордж Буш і Тоні Блэр бясслаўна заканчваюць сваю палітычную кар’еру. Ваша радыёстанцыя існуе на сродкі ўраду ЗША, і вы павінны былі б падказаць гэтым палітыкам, што яны маюць усе магчымасьці выправіць такое становішча

Іхная кар’ера рушыцца з прычыны вайны ў Іраку. А паводле Апакаліпсысу, гэтая вайна павінна стаць паваротным момантам у сьвядомасьці людзей, які паверне іх тварам да Бога. Час падштурхоўвае да рашучых дзеяньняў”

Дэмакратычная сыстэма ўлады вызначаецца якраз тым, спадарыня Яроменка, што яна ня мае вялікай патрэбы ў нейкіх падказках альбо падштурхоўваньнях звонку. Калі кіраўніком краіны дапушчаная памылка, калі прынятае адказнае рашэньне, зь якім не пагаджаецца большая частка грамадзтва, то такі палітык непазьбежна адчуе наступствы гэтай супярэчнасьці падчас наступнай выбарчай кампаніі.

Якраз такая ацэнка грамадзтвам палітычнага курсу свайго кіраўніцтва (у тым ліку і ў ірацкай праблеме) адбываецца цяпер у Вялікай Брытаніі, і адбудзецца ў хуткім часе ў Злучаных Штатах.

Аўтар апошняга ліста — удзельнік Клюбу сяброў “Свабоды”, жыхар Менску Юрась Навіцкі:

“Атрымаў ад вас цудоўны падарунак — дзесяць новых каляндарыкаў. У мяне ўжо цэлая калекцыя. Вялікі дзякуй.

Ужо цэлую інтэрнэт-картку праседзеў, заходзячы на ваш сайт. Вельмі цікава, хоць і ня бачу жыцьця бяз гуку вашых родных галасоў. Я толькі нядаўна пазнаёміўся з інтэрнэтам, таму яшчэ ня надта ўмела ім карыстаюся. Цяпер магу сказаць, што атрымліваю ўсю магчымую інфармацыю апэратыўна, і гэтаму вельмі рады. Радыё і інтэрнэт маюць вельмі важную перавагу перад газэтамі. Пакуль “Наша Ніва” ды “Народная Воля” дойдуць, дык, здаецца, ужо вечнасьць мінула.

Пакуль вы застаяцеся для мяне і маёй жонкі Тацяны крыніцай інфармацыі нумар адзін (на другім месцы — “Наша Ніва”)”.

Дзякуй, спадар Навіцкі, за добрыя словы. Ваш давер і ваша ацэнка для нас вельмі важныя.

Дарэчы, слухаць “Свабоду” можна і ў інтэрнэце. Калі ваш, спадар Навіцкі, кампутар ня надта стары і мае адпаведную функцыю, то вы хутка навучыцеся гэта рабіць. Дастаткова націснуць кнопку “Слухай” — крайнюю левую на нашай галоўнай старонцы, адразу пад назвай.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG