Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебск: сябры сабралі грошы ды ўсталявалі помнік Уладзімеру Плешчанку


Радыё Свабода, Віцебск Адкрыцьцё надмагільнага помніка былому старшыню Віцебскай абласной рады Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ адбылося на могілках у вёсцы Друкава. На гадавіну па сьмерці Уладзімера Плешчанкі каля ягонай магілы сабраліся сябры і аднапартыйцы зь Віцебску, Воршы, Горак, Сянна, Полацку, Наваполацку і Менску.

Прэсавы сакратар КХП БНФ Валеры Буйвал зачытаў прысутным ліст Зянона Пазьняка, напісаны адмыслова дзеля гэтае нагоды.

”Усталяваньне"Ужо год, як няма з намі нашага сябра й моцнага беларуса Ўладзімера Плешчанкі. Гэта быў наш рыцар, які шматкроць даказаў у змаганьні сваю нязломнасьць і веру ў сьветлую будучыню дарагой Бацькаўшчыны. Гэта быў такі чалавек, памяць пра якога навечна застанецца ў гісторыі змаганьня за вольную Беларусь. Першы крок нашай памяці – гэта помнік яму, які сёньня устаноўлены сябрамі".

”Усталяваньне
Сябры і аднадумцы каля магілы Ўладзімера Плешчанкі

На помніку з чорнага граніту, апрача партрэта Ўладзімера Плешчанкі, сябры вырашылі зьмясьціць выяву Пагоні і стылізаваны крыж. На надмагільнай пліце напісаны словы "Не для сябе, а для Радзімы". Эскіз помніка зрабіў сябра Сойму Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ мастак Ян Таўпыга.

”Усталяваньне
Аўтар праекту помніка мастак Ян Таўпыга

Сродкі на помнік Уладзімеру Плешчанку зьбіралі цягам чатырох месяцаў. Гэтую дабрачынную акцыю запачаткаваў бліжэйшы сябар Уладзімера Плешчанкі, віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда.

"Гэты помнік будаваўся ўсёй талакой. Памятаю, калі я зьбіраў грошы, да мене падышлі некалькі школьнікаў. Яны ашчадзілі колькі грошай, але ня сталі купляць тую жуйку, а кінулі іх у маю скрыню... Шмат людзей у гэтай сьвятой справе ўзялі ўдзел. Проста не было магчымасьці тут іх усіх сабраць. Дый не хапіла б месца! І я абавязаны ім усім сказаць вялікі дзякую, што сёньняшні дзень адбыўся".

”Усталяваньне
Барыс Хамайда каля магілы найбліжэйшага сябра

Грошы на помнік Плешчанку ахвяравалі і жыхары Беларусі, і прадстаўнікі замежжа. Усяго было сабрана каля двух мільёнаў беларускіх рублёў, і значная частка гэтых сродкаў была сабраная менавіта каля так званага "Сіняга дома " – дома № 28 па вуліцы Леніна ў Віцебску, куды яшчэ год таму амаль штодня выходзіў спадар Уладзімер. Дактары раілі яму берагчы сваё хворае сэрца, аднак ён па-ранейшаму ладзіў тут пікеты, раздаваў улёткі ці проста стаяў пад бел-чырвон-белым сьцягам, выклікаючы ў кагосьці зь мінакоў пагарду і неразуменьне, а ў кагосьці цікаўнасьць ды павагу...

Сэрца Ўладзімера Плешчанкі спынілася 20-га траўня 2006-га году. Сёньня каля ягонае магілы прагучалі выступы сяброў, вершы аршанскай паэткі Яўгеніі Казловай, малітва за Беларусь і гімн "Магутны Божа".
XS
SM
MD
LG