Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мая Беларусь” – новы фатаконкурс "Свабоды"


Радыё Свабода, Прага Падзеі, людзі, сытуацыі – сьвет навокал, актуальныя здымкі. Ваш асабісты сьвет – старыя фота, лісты, рэчы, партрэты з гісторыямі. Краявіды, помнікі, архітэктура – чалавек у нацыянальнай прасторы. Ад 20 траўня да 31 жніўня, 100 дзён, 15 тыдняў. Кожны тыдзень тры найлепшыя аўтары будуць атрымліваць кароткахвалёвыя прымачы. А ўсе ўдзельнікі атрымаюць кнігі бібліятэкі "Свабоды" з подпісамі аўтараў. Адрас: svaboda@rferl.org

Вядучым фатаконкурсу будзе журналіст Валер Дранчук (на здымку). Ён – ляўрэат міжнароднай прэміі імя Генры Форда "За захаваньне культурнай спадчыны і навакольнага асяродзьдзя" і літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтру. Аўтар кніг і фотавыставаў, здымае больш як трыццаць сем гадоў. Вось як ён тлумачыць ідэю новага фатаконкурсу "Свабоды":

“Шаноўны сябар!

Дарагія жаданыя госьці фотагасьцёўні!

"Свабода" пашырае дыяпазон вяшчаньня праз надзейны сучасны сродак – фатаграфію.

У мяне асабіста сьвяточнае ўражаньне ад сёньняшняга дня, ад нашай першай сустрэчы, бо ведаю – нас яднае любоў да плянэты Беларусь, нас яднае любоў да фатаграфіі, нас яднае і лучыць любоў да сьвятла нашай Бацькаўшчыны.

Дзякую ўсім, каго зацікавіла новая конкурсная рубрыка. Пра ўмовы і заахвочаньні Вы ведаеце з рэдакцыйнай абвесткі. Я запынюся на тым, што названыя намінацыі – як пазначэньне тэматычна-творчага абсягу – ня ставяць абсалютных межаў, калі ты па-свойму ўпісваесься ў назву. Назва – перадусім. Сягай далей і шырэй, сягай па-над межамі, але заставайся актуальны ў назьве.

Запрашаю быць ня толькі гасьцямі, хоць і за гэта дзякуй наперад, але і ўдзельнікамі фатаконкурсу цягам цэлага лета. На Беларусі здаўна казалі: “...У леце – як у карэце”. Дык і сядайце ў свой дыліжанс, выбірайцеся ў вандроўку. Дальнюю і зусім блізкую. Лета – час падарожжаў. А да Беларусі трэба дайсьці, убачыць яе – нябачаную. Для гэтага дастаткова мець фотаапарат і на пачатак, хто не спрабаваў, трошачкі дзёрзкасьці. Дасылайце тое, што атрымалася.

Калі ўсё пойдзе чынна – а як інакш! – дык чаму б не памарыць і не ўявіць, напрыклад, што ў прыцемках восені, бліжэй да Піліпаўкі, адкрыецца і наш вясёлкавы вэрнісаж за межамі сайту – пабачым. Але давайце думаць і пра такі працяг фатаконкурсу, рабіце на гэты конт свае падказкі і прапановы. Але галоўнае, рабіце і паказвайце здымкі.

Яшчэ – падказвайце тэмы, запрашайце на сьвяты, у госьці, называйце адрасы і мясьціны, вартыя ня проста добрага здымка, а здымка на “Свабодзе”. Канешне, прыахвочвайце да ўдзелу сваіх блізкіх, знаёмых, асабліва тых, хто здымае і можа бяспройгрышна скарыстаць добры шанец.

Сёньня я прапаную колькі сваіх фатапрацаў, зусім не прэтэндуючы на ляўры ці нейкі клясычны ровень, – ані, фатаграфія для мяне рэч надзвычай дэмакратычная, як джынсы, ровар, “мыльніца” ў заплечніку, і “ляўры” я заўсёды гатовы аддаць іншаму, чым пра гэта думаць і “ня спаць”. Гэта хутчэй першы штуршок на абуджэньне, спроба аўтарскага вэрнісажу на зададзеную тэму. Я рады, што ёсьць такая нагода: падзяліцца творчым сьвятлом, якое час прапусьціў праз маю камэру, – дарэчы, на пачатку гэта быў фотаапарат “Зоркі-4”, затым “ФЭД” і “Любіцель 166 В”, нарэшце запаветны “Зеніт В”, потым прыйшла эра “мыльніц”, іх у мяне аж тры, а за імі і “лічба”. Пераглядаючы свае “архівы ўбачанага”, ужо і зьдзіўляюся часам: “Дык ты, браце, нямала пажыў, калі гэта засьпеў зьняць...” Прыкладам, 70-я гады, печ зь ляжанкай, пад адкрытым небам, у полі – як было гэта ня зьняць? Прыйшоў час, і я дастаю тую фантасмагорыю з архіву як рэліквію, як залацінку, як друзачку зьніклага ўлоньня.

І так працягваю дыялёг са сваімі здымкамі. Я іх па-свойму музэіфікую, мэмарыялізую, бо гэта частка маёй айкумэны, маёй зямлі, маёй памяці.

Альбо іншы прыклад, зусім блізкі. Летась садзіў алею дубкоў, а думаў – уявіце – пра іншую пасадку, іншую пляцоўку, якую нагадала мне прыствольная ямка, залітая вадою, – гэта разьмяшчэньне АЭС на нашай беларускай зямлі... Такія вось асацыяцыі. Тут, бадай, разуменьне кожнага і кожным свайго сьвету – у маім выпадку і мой ціхі пратэст, і асабісты неспакой, бо алею садзіў у гонар унука Платона. Калі крыху перайначыць вядомыя словы, атрымліваецца так: здымай лякальна, думай глябальна.

У Якуба Коласа, надзвычай фатаграфічнага і малюнкава-дэталёвага, а часам і сымвалічна плянэтарнага паэта, ёсьць выдатныя словы, зь якімі ў думках пясьняр зьвяртаецца да свайго краю: “Ты маеш выгляды прарока...” Дык што прарочыць сёньня наша родная Беларусь, наш край?

На гэта можна паспрабаваць адказаць здымкамі.

Дасылайце – што маеце. Здымайце – і дасылайце. У наступную суботу будзе названы здымак тыдня і першы пераможца. Просьба выразна падпісвацца, падаваць свае кантактныя зьвесткі. У шэрагу выпадкаў здымак вымагае і пэўнага ўдакладненьня: што, дзе і калі. Магчыма, зроблены камэнтар нашмат падвысіць вартасьць спыненага імгненьня і паспрыяе Вашаму посьпеху.

Наступны тыдзень, паводле календара, надзвычай адметны. Будзем адзначаць, у прыватнасьці, два ўсясьветныя дні – Дзень культурнай разнастайнасьці ў імя дыялёгу і разьвіцьця і Дзень біялягічнай разнастайнасьці. За імі, у чацьвер, Дзень славянскай пісьменнасьці і культуры. Але найперш – глянем навокал! – Беларусь заступае, так бы мовіць, у фазу квецені. Не прапусьціце: якая яна насамрэч, плянэта Беларусь квітнеючая? Нарэшце, хораша-сымбалічна вершыць наступны тыдзень непаўторная Тройца-Сёмуха. Аднак гэтая цудоўная верніцкая дзея стане здабыткам другога конкурснага тыдня. Дачакаемся.

А пакуль віншую зь сёньняшнім пачаткам – абвяшчэньнем нашага конкурсу, жадаю творчага сьвьтла ў Вашых сэрцах і камэрах, натхненьня і ўдачы. Да сустрэчы праз тыдзень!

Валер Дранчук


1. Аўтапартрэт. 2000


2. За Беражным, па дарозе ў Крынічнае. Завоблачны сьвет Янкі Брыля. Калі пісьменніка не стала, я выцягнуў гэты здымак, каб нешта дадумаць і ўспомніць, і ўявіць прыгожую постаць на фоне дарогі, па якой пісьменьнік любіў хадзіць пешшу... Карэліцкі раён. 1978


3. На захадзе. Паміраючы хутар. Цяпер тут вялізная звалка. Нясьвіскі раён. 1976


4. Раскіданае гняздо. Печ зь ляжанкай на фоне лесу і вёскі. Нясьвіскі раён. 1976


5. Нясьвіскі замак. Тым часам сылюэт вежы істотна зьмяніўся. Дрэвы сьпілаваныя ў часе рэстаўрацыі пасьля пажару. 1978


6. Незабудкі ў родным лузе. Вяртаньне флёры пасьля забойчай мэліярацыі 60-х. 1978


7. Брукаванка за вёскай Ахрэмавічы. Стаўпецка-нясьвіскае памежжа. 1997


8. Брукаванка за вёскай Ахрэмавічы пасьля начнога набегу марадэраў. 2005


9. На Камсамольскім возеры ў Мінску. Дачка Юля. Вельмі небясьпечны трук. 1983


10. Белавеская бутафорыя. Драўляныя лялькі перад так званай “сядзібай Дзеда Мароза”. 2005


11. Строчыцы. Беларускі скансэн. Хата канца 19 стагодзьдзя. 2005


12. Stop-кадр. Выгляд на дарогу і сельскія могілкі ў вёсцы Новыя Навасёлкі. Нясьвіскі раён. 2005


13. Экалягічны пленэр на хутары Гавязна. Стаўпецкі раён. 2006


14. Натурморт з ружай і сьвечкаю. 2006


15. Калгасны статак у тумане. 2006


16. Косаўскі замак. Івацэвіцкі раён. 2006


17. "Чарнобыльскі шлях". 2007


18. Бяз назвы


19. Платон-музыка. 2007.

Чакаем вашых здымкаў! Паштовая скрынка: svaboda@rferl.org
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG