Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што яднае Беларусь і Іран?


Уладзімер Глод, Менск Раніцай у панядзелак 21 траўня ў Менск з афіцыйным візытам прыбывае прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад. Афіцыйны Тэгеран, не зважаючы на рашэньні Рады бясьпекі ААН, ня згортвае сваю ядзерную праграму ды ігнаруе патрабаваньні міжнароднай супольнасьці. На гэтым тле прыезд у Менск прэзыдэнта Ірану набывае асаблівае значэньне.

Палітоляг, старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў падкрэсьлівае, што міжнародная супольнасьць пазьбягае кантактаў з абодвума рэжымамі – беларускім ды іранскім:

“Рэжымы, якія трапляюць у ізаляцыю ад асноўнай часткі міжнароднай супольнасьці, натуральна, цягне адзін да аднаго. Ня думаю, што Беларусі ад гэтага візыту будзе вялікі прыбытак. Але ж можна прадэманстраваць, што мы не адны такія ў гэтым сьвеце. І беларускі рэжым спрабуе гэта зрабіць”.

“Менск і Тэгеран аб’ядноўвае антыамэрыканізм”

Яшчэ адзін менскі палітоляг – Андрэй Фёдараў падзяляе гэтую ж думку:

“Як беларускія, так і іранскія ўлады ня вельмі шырока прымаюцца ў сьвеце. У іх даволі абмежаванае кола замежных візытаў. І гэта таксама спрыяе іх добрым адносінам – яны лічаць, што заслугоўваюць лепшага”.

Андрэй Фёдараў упэўнены, што афіцыйныя Менск і Тэгеран аб’ядноўвае антыамэрыканізм. Прычым, ні Аляксандар Лукашэнка, ні Махмуд Ахмадзінэжад гэтага і не хаваюць:

“Яны знаходзяцца ў супрацьстаяньні з краінай, якая, на іх меркаваньне, лічыць сябе гегемонам і хоча падпарадкаваць сабе ўвесь сьвет. Гэта – ЗША. Таму антыамэрыканізм – адзін з аб’яднаўчых матываў, які зьвязвае беларускае ды іранскае кіраўніцтва”.

Агульныя тэмы: нафта і зброя

Аглядальнікі ўпэўненыя, што, як мінімум, дзьве тэмы стануць асабліва важнымі на перамовах у Менску.

Першая – магчымасьць Беларусі атрымліваць іранскую нафту. Цяпер Менск шукае самыя разнастайныя шляхі дывэрсыфікацыі энэрганосьбітаў. Таму шмат спадзяваньняў ускладаецца на нафту з Вэнэсуэлы і Ірану.

Другая тэма – зброя. Сёлета ў студзені Тэгеран наведаў міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў. Там ён правёў перамовы з камандуючым корпусам “вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі” генэралам Рахімам Сафаві. Пасьля іх іранскі генэрал заявіў: “Іран і Беларусь могуць поўнамаштабна супрацоўнічаць з улікам сумесных інтарэсаў і агульных пагрозаў. Мы маем зь Беларусьсю і Расеяй агульныя погляды і агульныя пагрозы. І можам супрацоўнічаць у каротка- і доўгатэрміновай пэрспэктыве”.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка апошні раз наведваў Іран у лістападзе 2006 году. А ў верасьні 2004 году адбыўся візыт у Беларусь тагачаснага прэзыдэнта Ірану Махамада Хатамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG