Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьявілася новая чарнобыльская арганізацыя


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Менску адбылася ўстаноўчая канфэрэнцыя ўдзельнікаў ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Яны стварылі грамадзкае аб’яднаньне “Ліквідатар”. Новая арганізацыя будзе займацца пытаньнямі сацыяльнай абароны чарнобыльцаў й выступаць супраць намеру ўладаў адмяніць ім ільготы.

У канфэрэнцыі брала ўдзел каля паўсотні дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны. Чарнобыльскі інвалід Зьміцер Бірукоў прадстаўляў Менск:


У чарнобыльскага інваліда Зьмітра Бірукова дзяржава зьбіраецца адабраць права на бясплатныя лекі

“Я працаваў на станцыі да аварыі і ў час аварыі. Турбінны цэх №2. Два гады ліквідоўваў наступствы аварыі. У мяне другая група інваліднасьці. Многа захворваньняў. Безумоўна, такая арганізацыя патрэбна. Тут сабралася актыўная частка ліквідатараў”.

Ліквідатар Уладзімір Лузан прыехаў з Мазыра:

“З 1992 году я зьяўляюся інвалідам Чарнобыля. У 2006 годзе мяне пазбавілі статуса ліквідатара. То бок, я ўжо і не ліквідатар – зьнялі сувязь захворваньня з Чарнобылем. Хаця 15 гадоў я знаходзіўся ў гэтым статусе”.

Наяўнасьць праблем у ліквідатараў большасьць выступоўцаў назвалі вынікам абыякавага стаўленьня да іх цяперашніх уладаў. Вось, напрыклад, што зазначыў на канфэрэнцыі Васіль Сіліверст з Калінкавічаў:
В.Сіліверст: “Наш урад у Беларусі цалкам адмовіўся ад нас. Мы ім не патрэбны. А міністэрства аховы здароўя стала нашым ворагам”.
“Тыя чыноўнікі ў райкамах, райвыканкамах, райсаветах рознага ўзроўню, якія там не былі сталі раптам інваліды Чарнобыля. Іх цяпер вельмі шмат. А мы сталі ніхто. Усіх вайсковых ліквідатараў за 1986-1989 гады, паводле украінскай статыстыкі, было больш як паўмільёна. Што цяпер атрымліваецца? Наш урад у Беларусі цалкам адмовіўся ад нас. Мы ім не патрэбны. А міністэрства аховы здароўя стала нашым ворагам. Прыдумалі там інструкцыі, паводле якіх чыноўнікі інваліды Чарнобыля, а мы, вайсковыя ліквідатары, ніхто. Як аднаразовыя шпрыцы”.

Паводле ўдзельнікаў канфэрэнцыі, самая надзённая праблема для ліквідатараў – захаваньне ільготаў, адмяніць якія зьбіраюцца ўлады. Ліквідатар з Жодзіна Аляксандр Валчанін:

“Трэба захаваць у Беларусі статус удзельніка ліквідацыі аварыі на ЧАЭС, каб мы мелі трыбуну і права гаварыць. Ніхто ня будзе выступаць у нашу абарону, калі самі ўдзельнікі не будуць патрабаваць выкананьня закону аб сацыяльнай абароне”.


Удзельнікі канфэрэнцыі галасуюць за стварэньне грамадзкага аб’яднаньня “Ліквідатар”

Удзельнікі канфэрэнцыі абралі Аляксандра Валчаніна старшынём новастворанага аб’яднаньня, якое назвалі “Ліквідатар”. Паводле яго сяброў, арганізацыі трэба будзе вырашаць й іншыя праблемы. Ліквідатар зь Віцебску Уладзімер Іваноў:

“Кіраўнік нашай дзяржавы выказваў шкадаваньне, што мы пасьпяшаліся з вывадам ядзернай зброі зь Беларусі. То бок замыслы ў яго захоўваюцца – вярнуць ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі. Таму любая актыўнасьць па прыцягненьню ўвагі ў пытаньнях пацярпелых ад радыяцыі і іншых не прападзе”.


Ліквідатар Уладзімер Феакцістаў заклікае ліквідатараў аб’яднаць намаганьні

Гл.таксама:

• Ліквідатара не пусьцілі на паседжаньне ў Палату прадстаўнікоў 3.05.2007 • Беларускія ліквідатары зьвярнуліся да прэзыдэнта Ўкраіны27.02.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG