Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камуністы і БНФ рыхтуюцца да Кангрэсу дэмакратычных сілаў


Альгерд Невяроўскі, Менск Сёньня ў Менску прайшоў сойм партыі БНФ і працягваецца чарговы зьезд Партыі камуністаў. На абодвух форумах партыйцы дбалі пра ўмацаваньне сваіх фракцыяў на Кангрэсе, які пачнецца ў Менску 26 траўня.

Сёньня ў Менску праходзіць чарговы зьезд Партыі камуністаў беларускай. У Палацу культуры менскага аўтазаводу сабраліся 223 дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі і 10 замежных гасьцей – з Францыі, Італіі, Даніі, Швэцыі, Чэхіі, Малдовы і іншых краінаў. Зьезд у апазыцыйных камуністаў звычайны, справаздачна-выбарчы. Але нямала часу дэлегаты прысьвяцілі правядзеньню будучага Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Гаврыць першы сакратар ПКБ Сяргей Калякін:
С.Калякін: «Над гэтымі дакумэнтамі працавалі многія прадстаўнікі нашай партыі. Думаю, зьезд ухваліць падыход нашай партыі і кіраўніцтва да Кангрэсу».
«Частка справаздачнага дакладу была прысьвечана дакумэнтам Кангрэсу, стратэгіі, малой Канстытуцыі, эканамічнай плятформе. Я ведаю, што над гэтымі дакумэнтамі працавалі многія прадстаўнікі нашай партыі. Думаю, зьезд ухваліць падыход нашай партыі і кіраўніцтва да Кангрэсу».

Частка заўтрашняга пленуму Партыі камуністаў будзе прысьвечаная Кангрэсу. Будуць вызначаныя прадстаўнікі ў склад парітычнай рады Аб''яднаных дэмакратычных сілаў, прэзыдыюму Кангрэсу, і сфармаваная фракцыя Партыі камуністаў на Кангрэсе.

Фракцыю БНФ на Кангрэсе ачоліць В.Івашкевіч

Пытаньні зьвязаныя з правядзеньнем Кангрэсу дэмакратычных сілаў сёньня вырашаў і сойм партыі БНФ. Гаворыць сакратар управы гэтай партыі Віктар Івашкевіч:
В.Івашкевіч: «І галоўны пункт: дэлегаты Кангрэсу – сябры БНФ абавязаныя ўвайсьці ў фракцыю БНФ. Бо ёсьць розныя структуры, якія хочуць перацягнуць сябраў БНФ у свае фракцыі».
«Сойм прыняў палажэньне аб фракцыі БНФ, дзе рэглямэнтаваў дзейнасьць. І галоўны пункт: дэлегаты Кангрэсу – сябры БНФ абавязаныя ўвайсьці ў фракцыю БНФ. Калі яны ўвойдуць у іншыя фракцыі, ці ня ўвойдуць ні ў якую, то будзе пастаўленае пытаньне аб іх выключэньні з партыі. Бо ёсьць розныя структуры, якія хочуць перацягнуць сябраў БНФ у свае фракцыі».

У палітычную раду дэмсілаў ад БНФ увойдуць старшыня партыі Вінцук Вячорка, яго намесьнік Аляксей Янукевіч, а таксама Валянціна Сьвяцкая, Сяргей Мальчык і спадары Смолікаў ды Кастусёў.

Кіраўніком фракцыі БНФ на Кангрэсе дэмакратычных сілаў, які пачнецца ў менскім Палацу культуры аўтазаводу 26 траўня, прызначаны Віктар Івашкевіч.
XS
SM
MD
LG